Мармышка, матыль, плотачка, або Пра рыбалоўны адпачынак калектыву ПМК-68

Актуальное

прыз за першае месца Барыс Хадкевіч уручае Казіміру Кухальскаму

Аматары зімовай рыбалкі яшчэ жывуць успамінамі аб поспехах і няўдачах, багатых і пустых лунках, якіх паспелі накруціць ледабурамі не адзін дзясятак. Каму як пашанцавала. А шанцуе, як звычайна, набольш заўзятым, хто не супраць пасядзець над лункай некалькі гадзін і ў 20-градусны мароз, і пад веснавымі промнямі сонца. Важна выехаць палавіць і задаволеным, хаця не кожны раз з уловам, вярнуцца дамоў, выслухаць пахвалу або дабрадушныя кпіны родных, маўляў, ці можна ката ў хату пускаць…
Арганізавана выехалі на возера Дрысвяты, што ў Браслаўскім раёне, члены працоўнага калектыву ПМК-68. Людзей рознага ўзросту і спецыяльнасцей, хаця ўсе будаўнікі, аб’ядноўвае любоў да актыўнага адпачынку. Аб набыцці пуцёвак паклапацілася старшыня прафкамітэта арганізацыі А. Г. Выжыкоўская, а на набыццё прызоў адміністрацыя прадпрыемства, якое ўзначальвае А. Ф. Хліманкоў, выдзеліла 1,1 мільёна рублёў.

над лункай чаруе Яўген Ерахновіч

Агучаны ўмовы спаборніцтва і ўсе разбегліся-разыйшліся па ледзяному покрыву найпрыгажэйшага вадаёма, каб у 15 гадзін зноў сабрацца каля аўтобуса для падвядзення вынікаў. Чаравалі над лункамі на працягу шасці гадзін. У кожнага свой метад, свая нажыўка, свае прынады, свае сакрэты рыбацкага шчасця. З ім яны, з уловам, і падыйшлі да судзейскай калегіі. Самую большую асобіну злавіў Дзяніс Язёнак. А вось Казімір Кухальскі ў трэці раз даказаў, што роўных яму ў калектыве няма — 3 кілаграмы 400 грамаў. Як ні стараліся Яўген Ерахновіч і Аляксандр Лунскі, але не дацягнулі да пераможцы адпаведна 100 і 200 грамаў. Так выглядае чацвёрка лепшых рыбаловаў ПМК-68 сезона-2012. Кожны з іх атрымаў па даволі саліднаму каштоўнаму падарунку. Хаця ў крыўдзе не застаўся ніхто. Акрамя рыбы ўдзельнікі прывезлі дамоў па сувеніру, якія ўручыў спецыяліст па рабоце з моладдзю прадпрыемства, інструктар па спорту Барыс Хадкевіч.
Эдуард КОРСАК

у думках яны яшчэ на возеры



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *