Зручна, хутка, мабільна. Пра перавагі выкарыстання пластыкавай карткі

Актуальное

кансультант-спецыяліст па аказанні рознічных паслуг Белаграпрамбанка Алена Курушка пры неабходнасцні заўсёды патлумачыць кліентам, як працаваць з інфакіёскам

Пластыкавая картка трывала ўвайшла ў наша жыццё. Гэта сапраўды зручны і прагрэсіўны спосаб правядзення рознага віду грашовых аперацый. З кожным годам змяншаецца колькасць карыстальнікаў картак, якія асацыіруюць іх толькі са спосабам зняцця наяўных грошай. Большасць жыхароў раёна ацанілі перавагі “электронных” грошай і актыўна карыстаюцца “пластыкам” у паўсядзённым жыцці. І гэта не выпадкова, бо магчымасці картак вельмі шырокія і асноўная іх сутнасць — забеспячэнне менавіта безнаяўных разлікаў.
У першую чаргу пры дапамозе карткі можна разлічвацца за тавары і паслугі ў розных прадпрыемствах гандлю і сервісу (магазінах, гасцініцах, аўтазаправачных станцыях і інш.). Яшчэ некалькі гадоў таму назад такой магчымасцю можна было скарыстацца ў адносна невялікай колькасці гандлёвых кропак райцэнтра і аб’ектах сэрвісу. Зараз па раёне ўстаноўлены звыш за сто плацёжных тэрміналаў, у тым ліку і на сяле. Для разлікаў прымаюцца карткі, выдадзеныя абедзвюма банкаўскімі ўстановамі раёна, — і Беларусбанкам, і Белаграпрамбанкам. Спектр дадзеных паслуг пашыраецца з кожным годам, што дае магчымасць шаркаўчанам карыстацца сучаснымі тэхнічнымі навінкамі, якія прапаноўвае банкаўская сфера.
Вельмі зручна карыстацца карткай і ва ўстройствах банкаўскага самаабслугоўвання — банкаматах і інфакіёсках. Яны прызначаны не толькі для атрымання даведачнай інфармацыі, зняцця наяўных грошай, а і для правядзення самім кліентам безнаяўных аперацый. Банкамат ці інфакіёск дазваляюць хутка аплаціць паслугі мабільнай сувязі, за хатні тэлефон, а таксама многія іншыя плацяжы. Безнаяўным спосабам праз інфакіёскі або абсталяванне ў аперацыйных залах банкаў з дапамогай пластыкавай карткі магчыма разлічыцца за камунальныя паслугі, у тым ліку за электраэнергію, газ, унесці плату за кватэру і інш. Такім жа чынам можна ажыццяўляць пагашэнне крэдытаў у беларускіх рублях або замежнай валюце, папаўняць уклады і г. д. Важна зазначыць, што камісія за ажыццяўленне вышэйпералічаных безнаяўных разлікаў з выкарыстаннем пластыкавай карткі не збіраецца (пры аплаце за тавары ў магазінах таксама).
Шырокую папулярнасць атрымала такая магчымасць і паслуга, як пераводы з аднаго карт-рахунка на другі, а таксама папаўненне карт-рахунка наяўнымі сродкамі ад яго ўладальніка або іншых асоб. Прытым, аперацыі адбываюцца ў рэжыме рэальнага часу, і грошы кліент можа атрымаць літаральна праз некалькі секунд пасля правядзення такой аперацыі. Нягледзячы на тое, што за гэтую паслугу бярэцца невялікая камісія, яна, бясспрэчна, з’яўляецца вельмі зручнай пры ўзнікшай неабходнасці хутка перавесці другому чалавеку грошы.
Безнаяўныя разлікі з дапамогай пластыкавай карткі можна ажыццявіць не толькі ў райцэнтры. Паступова “фінансавая цывілізацыя” даходзіць і да сельскай мясцовасці. Практычна ва ўсіх аграгарадках і многіх вёсках у магазінах райспажыўтаварыства і прыватных уласнікаў устаноўлены плацёжныя тэрміналы: сяльчане могуць аплаціць пакупкі з дапамогай пластыкавай карткі. У аддзяленнях Беларусбанка, якія размешчаны ў Лужках, Германавічах, Радзюках і Більдзюгах, а таксама ў сельскіх паштовых аддзяленнях раёна вяскоўцы таксама маюць магчымасць безнаяўным спосабам разлічыцца за паслугі сувязі і камунальныя, правесці шэраг іншых плацяжоў. Гэта датычыць як уладальнікаў картак Беларусбанка, так і Белаграпрамбанка.
Магчымасць карыстацца карткай, атрымліваць па ёй пенсію і ажыццяўляць усе безнаяўныя разлікі, аб якіх ішла размова вышэй, маюць і пенсіянеры. Ім банкі, нават, прапаноўваюць спецыяльныя пенсійныя карткі, якія прадугледжваюць для карыстальнікаў шэраг пераваг.
Прапаноўваюць банкі жыхарам раёна і накапляльныя карткі. Іх сутнасць у тым, што на тую суму грошай, якія знаходзяцца на ёй, налічваюцца працэнты. Такім чынам, карыстальнік карткі атрымлівае дадатковы даход. Пры гэтым, пры неабходнасці, грошы або іх частку, можна зняць у любы час (больш падрабязную інфармацыю з задавальненнем заўсёды прадаставяць супрацоўнікі банкаў).
Нельга не спыніцца і на самых зручных, перспектыўных спосабах безнаяўных разлікаў для трымальнікаў пластыкавых картак. Гэта SMS-банкінг і М-банкінг, дзе плацяжы і даведачная інфармацыя праходзяць з выкарыстаннем мабільнага тэлефона, а таксама Інтэрнет-банкінг для тых, хто мае доступ у сусветную сетку. Іх зручнасць у тым, што ажыццявіць аплату, атрымаць неабходную інфармацыю можна ў любым месцы і ў любы час. Дадзенымі паслугамі зараз актыўна і з задавальненнем карыстаецца не толькі моладзь, а і людзі старэйшага ўзросту. Даступны яны і для жыхароў нашага раёна.
Увогуле, безнаяўныя разлікі з дапамогай карткі — гэта зручны і хуткі спосаб плацяжоў, які дазваляе значна эканоміць час. Трэба толькі паспрабаваць, ацаніць іх перавагу і не баяцца мець справу з “электроннымі” грашыма.
Людміла ЛАТЫШОНАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *