Бронза Аляксея Крыўко і іншыя вынікі выступленняў юных шаркаўшчынскіх спартсменаў на турніры па лёгкай атлетыцы

Спорт

23—25 сакавіка ў Віцебску ў манежы вучылішча алімпійскага рэзерву праводзіўся ХVІІ міждзяржаўны турнір па лёгкай атлетыцы, прысвечаны памяці заслужанага трэнера БССР А. С. Адахоўскага. Вось што паведаміла рэдакцыі дырэктар Шаркаўшчынскай ДЮСШ Н. АРЭШКАВА, выхаванцы якой прымалі ўдзел у дадзеных спаборніцтвах.
— Мэта міждзяржаўнага турніру — умацаванне сяброўскіх адносін паміж юнымі спартсменамі Беларусі, Расіі і Балтыі, павышэнне спартыўнага майстэрства, папулярызацыя лёгкай атлетыкі сярод вучняў. Запрашаліся да ўдзелу легкаатлеты Пскова, Вялікіх Лук, Мінска, Наваполацка, многіх раёнаў Віцебскай вобласці. Большасць прыехала, але шкада, што па нейкіх абставінах адсутнічалі прадстаўнікі Балтыі. Тым не менш, у кожным відзе, а гэта бег на розныя дыстанцыі, скачкі ў вышыню і даўжыню, штурханне ядра, ішла напружаная барацьба за прызавыя месцы.
Наш раён прадстаўлялі Наталля Лукашэвіч, Васіль Кашэль, Аляксандр Стрыжонак, Дзіяна Шах, Аляксей Крыўко, якіх падрыхтавалі трэнеры-выкладчыкі В. Кабелка і М. Ляўшыцкі.
Улічваючы даволі шырокае геаграфічнае прадстаўніцтва, на кожны від было заяўлена ад 10 да 35 удзельнікаў, так што выйграць у сваіх сапернікаў было вельмі цяжка. Патрэбна ўлічыць і яшчэ адзін фактар, што мы паспрабавалі выставіць юных легкаатлетаў не чыста па “сваіх” відах. Напрыклад, Дзіяна Шах спецыялізуецца на спартыўнай хадзьбе, дзе неаднаразова перамагала, а тут паспрабавала свае сілы ў бегу на 60 метраў і штурханні ядра. У прызёры не трапіла, але выступіла дастойна. Ды і ўсе астатнія замацаваліся ў першай дзясятцы, што дае падставы меркаваць аб усебаковым развіцці выхаванцаў ДЮСШ. Асобна хачу адзначыць Аляксея Крыўко, які з вынікам 10 м 75 см заняў трэцяе месца ў штурханні ядра і быў узнагароджаны адпаведным дыпломам.
Наколькі вядома, шаркаўшчынскія юныя спартсмены вярталіся дадому з добрым настроем. Не перамаглі, але здолелі паказаць дастойныя вынікі і яшчэ раз даказаць, што найлепшым гарантам паспяховага выступлення з’яўляецца мэтанакіраваны трэніровачны працэс, у час якога і закладваюцца асновы высокага майстэрства.
Падрыхтаваў Эдуард КОРСАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *