У Міжнародны дзень музеяў у Германавічах прайшло цікавае мерапрыемства

Актуальное

IMG_5500У нашым раёне існуюць два музеі — мемарыяльны музей садавода-селекцыянера Івана Сікоры ў Алашках і мастацка-этнаграфічны музей імя Язэпа Драздовіча ў Германавічах. Першая ўстанова культуры займаецца захаваннем спадчыны слыннага беларускага садавода, а другая мае крыху іншы накірунак у сваёй дзейнасці. Тут сабраныя прадметы побыту сялян нашай мясцовасці 19-20 стагоддзяў, рэчы этнаграфіі, жывапісу, асноўную частку якіх складаюць творы знакамітага вандроўнага мастака Язэпа Драздовіча. Менавіта ў гэтай установе культуры 18 мая ўпершыню прайшло маштабнае мерапрыемства, прысвечанае Міжнароднаму дню музеяў.
На пляцоўцы каля будынка музея, у зацені квітнеючага бэзу размясцілася імправізаваная сцэна, а побач і месцы для гледачоў, якіх, дарэчы, прыйшло нямала. Германавічы — гістарычнае мястэчка, якое ўпрыгожваюць старадаўнія архітэктурныя збудаванні, парк, утульныя месцы адпачынку. Але найбольш Германавічы праславіліся дзякуючы сваім знакамітым землякам. Сваё пачэснае месца ў гісторыі населенага пункта займае, канечне, Язэп Драздовіч, імя якога носіць цяпер мастацка-этнаграфічны музей. Пра жыццёвы, навуковы і творчы шлях гэтага чалавека са сцэны расказалі вядучыя свята.
На мерапрыемстве сярод гледачоў прысутнічалі і ганаровыя госці — Ада Эльеўна Райчонак і Кліменцій Арсеньевіч Кожан. Гэтыя паважаныя людзі стаялі каля самых вытокаў стварэння музея ў Германавічах. Яшчэ ў 1980-х гадах яны выношвалі ідэю захавання той бясцэннай спадчыны, якая засталася нам ад нашых продкаў. Асаблівую каштоўнасць уяўлялі графічныя работы, маляваныя дываны, асабістыя рэчы і іншыя прадметы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Язэпа Драздовіча. Ада Эльеўна і Кліменцій Арсеньевіч з дапамогай сваіх сяброў, аднадумцаў, жыхароў акаляючых вёсак пачалі працу над стварэннем музея. Напрыклад, Кліменцій Арсеньевіч працаваў у архівах Беларусі, Літвы, Латвіі, Расіі, збіраў патрэбныя гістарычныя матэрыялы. Ада Эльеўна з сябрамі вандравала па населеных пунктах у пошуках гістарычных артэфактаў, будучых музейных прадметаў. Вынікам іх нястомнай, плённай дзейнасці стала стварэнне экспазіцыі, якая з кожным годам павялічвалася і пашыраецца ў цяперашні час. Пра ўсё гэта расказалі самі Кліменцій Арсеньевіч і Ада Эльеўна падчас мерапрыемства.
Сваіх землякоў з Міжнародным днём музеяў павіншавалі старшыня Германавіцкага сельвыканкама Мая Генадзьеўна Якімовіч і дырэктар установы культуры Людміла Казіміраўна Навіцкая. А якое ж свята без музыкі? Парадаваць гасцей свята мілагучнымі песнямі ў Германавічы завіталі самадзейныя артысты з раённага Цэнтра культуры, Навасельскага СДК, вакальная група народнага ансамбля “Лужкаўскія песняры”. Мастак Аляксандр Шыёнак з нагоды свята падарыў калектыву музея адну са сваіх апошніх карцін, якая заняла дастойнае маеца ў экспазіцыі.
— Спадзяюся, што мерапрыемства, праведзенае ў нашым музеі ўпершыню, стане добрай традыцыяй і будзе праходзіць тут штогод, — падкрэсліла дырэктар установы Людміла Навіцкая. — Гэта з’яўляецца адным з фактараў прыцягнення насельніцтва да вывучэння і захавання нашай даўніны, спадчыны, якой наканавана жыць у вяках.
Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_5425 IMG_5426 IMG_5427 IMG_5442 IMG_5444 IMG_5449

IMG_5451
IMG_5453
IMG_5455 IMG_5464 IMG_5467 IMG_5470 IMG_5471 IMG_5473 IMG_5481 IMG_5483 IMG_5486 IMG_5489 IMG_5501



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *