Свята Божай Міласэрнасці ў Мосары

Актуальное

Свята Божай Міласэрнасці ўстаноўлена ў Каталіцкім Касцёле благаслаўлёным Янам Паўлам II 30 красавіка 2000 года, у сувязі з прылічэннем да ліку святых Фаўстыны Кавальскай – апостала Божай міласэрнасці, і называецца «нядзеляй Міласэрнасці Божай».
Выбар гэтага дня невыпадковы, бо на яго прыпадае актава Уваскрасення Пана, якая завяршае святкаванне Хрыстовай пасхальнай таямніцы. Гэты перыяд у літургіі Касцёла найвыразней указвае на таямніцу Божай Міласэрнасці, якая найбольш поўна была аб’яўлена менавіта ў муцы, смерці і змёртвыхпаўстанні Хрыста.
Святая Фаўстына — Алена Кавальская (сапраўднае імя па-польску: Helena Kowalska). Вядомая як святая «Сястра Марыя Фаўстына Кавальская», манахіня з Ордэну Сёстраў Маці Божай Міласэрнасці ў Каталіцкім Касцёле, перадусім як апостал культу Божай Міласэрнасці.
Святая Фаўстына нарадзілася 25 жніўня 1905 года, як трэцяе дзіця ў шматдзетнай сям’і Марыяны і Станіслава Кавальскіх, земляробаў з вёскі Глаговец. Постаць святой Сястры Фаўстыны Кавальскай неразрыўна злучана з культам Божай Міласэрнасці. Сам Бог абраў яе як свой інструмент для распаўсюджвання Яго шанавання. Зрабіў яе сваім голасам. Гэтай простай, але пакорнай манахіні, Бог даверыў місыю Міласэрнасці. У дзяцінстве мусіла цяжка працаваць, у школе навучылася чытаць, пісаць і трохі лічыць. У шаснаццаць год пачынае працаваць у якасці хатняй прыслугі.
На дваццатым годзе жыцця пасля шматлікіх цяжкасцяў уступіла да Ордэну Сёстраў Маці Божай Міласэрнасці і пражыла там трынаццаць год. Працавала на кухні, у садзе, пекарні і на фурце ў некалькіх дамах кангрэгацыі, найдаўжэй у Плоцку, Вільні і Кракаве. Мела досвед моцных спакусаў супраць веры, пачуцце суцэльнай адарванасці ад Бога, а таксама хваробы і неразуменне з боку асяроддзя.
У 1931 годзе ёй з’явіўся Езус, Які прынёс вестку аб Сваёй Міласэрнасці ўсяму чалавецтву. Як піша святая Фаўстына ў сваім дзённіку: “Хрыстус загадаў ёй намаляваць убачаны ёю воблік, у якім з Яго грудзей зыходзілі два прамяні — белы і чырвоны, і зрабіць надпіс: «Езу, давяраю Табе!»”
Шанаванне Божай Міласэрнасці вельмі хутка распаўсюдзілася па ўсім свеце, стаўшы для вернікаў сімвалам надзеі сярод хаосу і жорсткасцяў сярэдзіны XX стагоддзя. Гэтае свята, якое завяршае Велікодную Актаву, у Мосарскай парафіі адзначалася асабліва ўрачыста.
Божая Міласэрнасць — гэта Вялікодны дар, атрыманы Касцёлам ад Хрыста ўваскрослага, дар, які касцёл дае ўсяму чалавецтву.
Сутнасцю культу Божай Міласэрнасці з’яўляецца надзея на Бога. Мы заўсёды павінны памятаць словы святой Фаўстыны: «Калі душа мая прыгнечана, я думаю толькі аб тым, што Езус поўны дабрыні і міласэрнасці, і няхай нават зямля выслізне ў мяне з-пад ног, я не перастану спадзявацца на Яго».
Прайшоўшы праз выпрабаванні, 5 кастрычніка 1938 году на трыццаць трэцім годзе жыцця адыходзіць да Пана Бога за вечнай узнагародай. Пахаваная ў Лагеўніках (частка Кракава) 7 кастрычніка 1938 году — ва ўрачыстасць Маці Божай Ружанцовай (была гэта таксама першая пятніца месяца). Пры кляштары ў Лагеўніках, дзе знаходзіцца магіла святой, існуе зараз Санктуарый Божай Міласэрнасці.
Культ святой распаўсюджваўся і 21 кастрычніка 1965 году распачаўся фармальны інфармацыйны працэс адносна жыцця сястры Фаўстыны. Беатыфікаваная яна была ў Рыме 18 красавіка 1993 году Святым Айцом Янам Паўлам ІІ, і кананізаваная 30 красавіка 2000 года.
Пасля Святочнай Літургіі ў Мосарскай святыні парафіяне мелі магчымасць ў доме святара паглядзець цудоўны фільм пра Божую Міласэрнасць пад назвай: “Міласэрнасць – крыніца надзеі для свету” рэжыссёра Малгожаты Пабіс. З радасцю і захапленнем усе людзі пасля ўрачыстасці вярталіся дадому.
Міласэрнасць — гэта святло, якое Бог падараваў нам у Святым Хросце. Не дазволім гэтаму святлу пагаснуць, а, наадварот, яно павінна ўзрастаць у нас з кожным днём і несці свету радасную вестку пра Бога – пераможцу, бо перамога Хрыста – гэта і нашая перамога праз Любоў і Міласэрнасць.

Ксёндз Аляксей Юркайць
/Адміністратар парафіі Мосар/



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *