Віктар Лагун
Раніца Шаркоўшчыны
Сведка гэтаму ― край сінявокі наш:
Два шляхі, што з Дзісны на Жукоўшчыну
І з Браслаўскіх азёр на Глыбокае
Леглі ростанню ў цэнтры Шаркоўшчыны.
На мяжы, паміж вёскай і горадам,
Самабытнасць яе ўсталявалася
І малюнкамі вуліц красворднымі
На ўзбярэжжы ракі праяўлялася.
З першым промнем яна прачынаецца
І ў квяцістае ўбранне ўбіраецца,
Да Дзісёнкі збягае, спускаецца
І ў люстэрку яе выглядаецца.
Я вітаю Шаркоўшчыну раніцай.
Што адкажа яна мне ― паслухаю:
Падыходзіць да ранішняй станцыі
Па чыгунцы цягнік з перастукамі.
Ульяноўскія пеўні ад радасці
Галасамі ніяк не нахваляцца.
Не ўступаюць ім тыя, што ў Ракаўцах…
А Шаркоўшчына ж песнямі славіцца!
А найбольш, сіняй стужкай спавітая,
На ўвесь край і заўжды ганарылася
Ты сваімі людзьмі працавітымі,
Што на гэтай зямлі нарадзіліся.
Што і сёння на працу спяшаюцца.
Ім насустрач вядзе мяне вуліца.
Шаркаўчанка з табой павітаецца ―
Быццам сонца на небе ўсміхнулася.
А сур’ёзнасць мужчын незвычайная, ―
Я кажу вам усім:
― Добрай раніцы! ―
Карапузу з садка ― шаркаўчаніну
І чародцы дзяўчат-шаркаўчаначак…
У нябёсах пад аркай вясёлкавай,
Крылы мараў і планаў спрабуючы,
Зазірае юнацтва Шаркоўшчыны
Цераз сённяшні дзень у дзень будучы…
Можаш ехаць на Браслаў з Глыбокага,
Можаш плыць па рацэ з-пад Жукоўшчыны.
Над Дзісёнкай нягаснучай зоркаю ―
Мой пасёлак
Пад назвай Шаркоўшчына.
Кацярына Сосна
Шаркаўшчынская вясна
Маё сэрца губляе свой рытм —
Прыгажосць агарнула такая!
Сёння сад белізною пакрыт:
Акінь вокам — душа замірае!
Безліч кветак як вочкі глядзяць.
У неба, як шклянка, празрыстае,
Бы сняжынкі, пялёсткі ляцяць.
Як вятрыска павее храбрысты,
У гайку чуцен спеў салаўя.
Можна водару кветак напіцца.
Гэта мой родны кут і зямля!
Як Шаркоўшчынай не ганарыцца!?
З глыбіні стагоддзяў
(Паданне)
Праезджы князь махнуў рукою:
Вось тут будзе горад-сад!
Узрушан думкаю такою
Выдаў свіце свой загад.
Закласці камень у падмурак
Ладнай дзеўцы даручыў.
Зімовым ранкам у аўторак,
Тут працоўны дзень ажыў.
Чаму зімою? Дрэва спала,
Не кранаў душу і боль,
Сякера дрэва не пужала.
Цішыня кругом, прастор…
Дамы “як лялькі” будавалі.
З-за мяжы схемы набывалі,
Ў працы адчувалі спрыт.
Па бруку колы грукаталі,
У слоту вязлі ў гразі.
Што ёсць асфальт, тады не зналі.
Коням цяжка, а вязлі.
Драўляны мост узрос праз рэчку,
Злучыў яе берагі.
Касцёл, царкву ўзвялі ў мястэчку,
Каб маліцца там маглі.
Аптэка, школа, малачарня,
Крамы, пошта і карчма.
Рады гандлёвыя і лазня—
Улада Плятара была.
Як жа назваць жытло, гадалі?
Шаркаць сталі па двары.
Князі Шаркоўшчынай назвалі.
У згодзе былі каралі.
А князь Літоўскі і круль Польскі
Стаў маёнткам гандляваць,
Для абароны трымаў войска
Ад напасцяў ратаваць…
Прайдуць гады, мінуць стагоддзі.
Здымкі памяць ускалыхнуць.
Бурыць і нішчыць, можа, годзе?
Успаміны хай жывуць.
Пішам гісторыю гадамі.
І тым трэба даражыць,
Што зроблена вякамі
Прыгажэць яшчэ і жыць!
Людміла Ардынская
Шаркаўшчына
Неба Шаркаўшчыны
Ў зорках над зямлёй.
Мілая Айчына,
Краю любы мой!
Храмы векавыя
Над Дзісной-ракой,
Нібы вартавыя,
Сцерагуць спакой.
І пакутнік Жданаў
У помніку стаіць.
Удзень напрацаваны
Увесь пасёлак спіць.
Уранку сонца ўстане,
Новы дзень пачне.
Хтосьці з шаркаўчанаў
Усміхнецца мне.
Чысціні прастору
Радуюся я.
Тут — сады Сікоры,
Тут — зямля мая.
Лёс паслаў лагодны,
Край мяне прыняў,
І дачкою роднай,
Мару, каб назваў.
«Світанкаўцам”
Світае, заранка над лесам палае,
Ад вогненнай зоркі святло разліла.
Не спіць і “світанкавец”, вершы складае,
Каб людзям аддаць больш любові, святла.
“Світанкавец…” Хто ён! — Паэт, толькі розны,
Ды творчыя мэты і мары адны.
Вайцюль і Кукуць, Сікора — узнёсла —
У вершах свой край апяваюць яны.
Надзея Паляк… Яе вершы кранаюць
Пранізлівай чулага сэрца тугой,
А лёсу яе распавесці хапае
Пра танга, факстрот, бацькаў сад над ракой.
Каханне вайне яна проціпастаўляе,
Да кветак валошак па жыце бяжыць…
Паслухайце: у вершах жаўронак спявае
І ўлетку калоссе шуміць “Жыць, жыць, жыць!”
Абшары, прасторы ў вершах Сікоры,
Лес роднай зямлі на узгорку шуміць,
Рачулка Быстрыца, крыніца бруіцца —
У іх нам вучыцца, як край свой любіць.
Надзея Вайцюль
Мой родны край
Іду асцярожнай хадою
Цнатлівай травіцай у май,
Раса жыватворнай слязою
Абмые прастору, мой край.
Прыветна і хораша ў маі:
Карону лес лісцем прыкрыў,
Салоўка шчымліва спявае,
Ягоны спеў гай абудзіў.
Нябёсаў блакітных раўніна…
Крыху запаволю хаду:
Вакол ізумруд зеляніны
Чаруе мяне, дзе не йду.
Прыгожа сады расцвітаюць,
І сонейка грэе зямлю,
І квеценню бэзы вітаюць.
О, май, я цябе так люблю!
Чаму ж ты, мой маю шумлівы,
Так сэрцу майму дарагі,
Завешся людзьмі нешчаслівым
І лёс ім прыносіш благі?
Як ў маі на свет нарадзіўся,
Ці мо ажаніцца хто змог,
Лічы, што слязьмі ты заліўся
І згінеш ў бядзе, крый жа Бог.
Міледзі Кукуць
Мая Айчына
У справах і думках сваіх услаўляе
Народ беларускі Айчыну сваю.
І бусел над дахам урачыста вітае
Наш край незалежны, святую зямлю.
У нябыт адышлі ліхалецце, навалы,
Чужынцаў прыход і знявольны прымус.
Цяпер самастойнай і вольнай дзяржавай
Пад сонцам свабоды жыве Беларусь.
Стагоддзямі сеялі зерне свабоды,
Мы на роднай зямлі без прыгнёту каб жыць.
І вось ужо руняцца раннія ўсходы…
Ды трэба той ніваю нам даражыць!
Ала Міхайлава
Край Шаркаўшчынскі — дзіўны край!
Табой з маленства ганаруся!
Зямлі куточак, нібы рай,
У паўночнай частцы Беларусі.
Край сінявокіх васількоў,
Буслоў, што мірна ў небе кружаць,
Багатых збожжавых палёў,
Лясоў, што шчыра людзям служаць.
Дзе водар спелых верасоў,
Углядаюцца што пільна ў неба.
Радзіма, куды кліча зноў
Жытнёвы пах святога хлеба.
* * *
Мой родны кут мне бачыцца ў снах,
Там, дзе ў бяздонні сонейка смяецца.
Святая Шаркаўшчынская зямля,
Радзімай што для кожнага завецца.
Ты патанаеш у кіпені садоў,
У вясновых, яркіх і прыгожых кветках.
Не наталіцца спевам жаўрукоў,
Ліецца што па скошаных палетках.
Ляціць няспешна бусел у вышыні,
Па рэчцы чародка качак праплывае….
Здалёку свецяць горада агні…
І толькі тут так хороша бывае!
Мой родны Шаркаўшчынскі дзіўны край!
Зямля майго маленства і юнацтва!
Куточак родны, дзе сапраўдны рай,
Дзе сэрцам марыш назаўжды застацца!
Надзея Паляк
Роднаму краю
Усё з павагай да роднага краю:
Навальніца, уранку цягнік.
Не напалохаць бы, кажуць: “Вітаю!
Добрай раніцы, край працаўнік!”
Днём і ноччу, вось так, без упынку,
Лашчыць хваляй свае берагі,
Не спыняецца ні на хвілінку,
Так Дзісна песціць край дарагі.
І духмянае жыта ўлетку
Спелым коласам хоча сказаць:
“Калі ласка, хутчэй на палеткі,
Каб зярнятка к зярнятку сабраць”
А рамонкі складаюць санеты,
Шэпчуць гімны табе васількі.
Сонцам ясным пяшчотнае лета
Незабудкі сплятае ў вянкі.
Ты калісьці даўно, край Машары,
Ласкай маці сустрэў і мяне.
Праз гады ўжо з пяшчотнай пашанай
Прысвячаю я вершы табе.
* * *
Наша песня Шаркаўшчына.
Край наш вольны, дарагі.
Над Дзісною песні льюцца,
Заліваюць берагі.
Прыгажэе Шаркаўшчына,
Не пасёлак — гарадок.
Сэрцу родная Айчына,
Мой паэзіі радок.
Урадзілі ўсім на славу
Бульба і пшаніца,
То чаму ж тут не спяваць
Ды не весяліцца?
Край Сікоры, край Машары,
І Язэп тут пабываў…
На Прыдзісненскім абшары
Вечна б край наш працвітаў.
Ігар Дземідовіч
Родныя берагі
Мая Дзісёнка яшчэ спіць,
Але пад тоўстым лёдам
Усе ж вада бяжыць, бяжыць
Заўсёды, круглым годам.
Хоць дзесьці затрымалася вясна,
Але прыйдзе, прыйдзе яна.
І страпянецца ўвесь свет,
Напіша новы верш паэт.
Разводдзе будзе ўсіх натхняць,
Зіму не стануць успамінаць.
П’яны водар чаромхі
Апануе ўсе берагі,
І забудуць тады прыродзе
Завірушна-марозныя ўсе грахі.
А затым салаўі закацяць
Эратычна-спакусны спеў.
Мая любая і Дзісёнка,
Як жа кінуць я вас пасмеў?
Куды б лёс далей не закінуў,
Не пазбавіцца ад тугі,
Калі побач цябе не будзе
І не бачу родныя берагі.
Галіна Сікора
Родны край
Шуміць, гамоніць лес на ўзгорку,
Гуляе ветрык між вярбін.
Мой родны кут, мой кут бацькоўскі,
У нашым сэрцы ты адзін.
Абмеру вёрстамі абшары,
Праеду свет, ці зноў прайду,
Але мілей зямлі бацькоўскай
У свеце цэлым не знайду.
Тут я душой адпачываю,
З маленства краем даражу,
Сваю маленькую радзіму
Матуляй роднаю заву.
Мой край
Мы в стране такой живём,
Где у каждого — свой дом.
Садик, школа, магазин
Встали стройно в ряд один.
Речка, озеро, леса,
Птиц в природе голоса
Сказкой делают наш край —
Неземной волшебный рай.
И пускай пройдут года,
Стану взрослым я тогда,
Все равно сюда вернусь
И в красоты окунусь.
Поклонюсь церквям святым
И могилкам дорогим.
С верой, правдой буду жить
И земле родной служить.
Хоть в деревне трудно жить,
Я не стану слёзы лить
Землю потом оболью,
А народ свой накормлю.
Скажут мне тогда — герой.
Встал он на ноги с зарей,
Хлеб собрал, всех накормил,
Верой в завтра окрылил.
Лена ГУГАЛІНСКАЯ
Ёсць у свеце нямала дарог…
Ёсць у свеце нямала дарог,
Кожны крочыць сваёю ад Бога,
Сніцца часта бацькоўскі парог
І да хаты бацькоўскай дарога.
Колькі сцежак прыйшлося прайсці:
Вельмі вузкіх і надта шырокіх!
Бяду-гора ў жыцці абысці
І з вяршынь не сарвацца высокіх.
Толькі зоркай свяціцца ў начы
Млечным шляхам дарога да дому,
Рэхам чуюцца тыя гады,
Што не вернуцца болей нікому.
Што не вернецца спеў салаўя
І квяцістае лета дзяцінства.
Толькі ў песнях матулі здаўна
Чую з роднай старонкай адзінства.
Дзе ў свет белы для шчасця прыйшла,
Дзе я ў полі бярозку садзіла…
Там да дому дарога вяла,
Колькі б я па шляхах не хадзіла.
Самай светлай, радаснай будзе
Хай заўсёды дарога да дому!
Хто родны парог не забудзе,
Той з Радзімай у сэрцы — даскону.