Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны… Колькі разоў даводзілася сустракацца з гэтымі людзьмі, на долю якіх выпала вельмі цяжкае выпрабаванне — абарона свяшчэнных рубяжоў Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З гадамі не паляпшаецца здароўе, амаль штодзённа ім патрэбна дапамога сацыяльных або медыцынскіх работнікаў. Аднак заўсёды пераконваешся, што абпаленае вайной юнацтва загартавала характары ўдзельнікаў баявых дзеянняў, навучыла верыць у Перамогу, лепшую будучыню, дапамогу дзяржавы.
Не так даўно, з нагоды 25-гадовага юбілею раённай ветэранскай арганізацыі, Ганаровымі граматамі райвыканкама за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці і вялікую выхаваўчую работу былі ўзнагароджаны Іван Іванавіч Кашэль з вёскі Парэчча Лужкаўскага сельскага Савета і Адольф Сігізмундавіч Васілеўскі з вёскі Зорка Германавіцкага сельскага Савета.
У дзень уручэння ветэраны ўспаміналі свой баявы шлях, расказвалі аб няпростых пасляваенных гадах, калі даводзілася аднаўляць разбураную народную гаспадарку, дзякавалі за аказваемую дапамогу і праяўляемы клопат з боку ўлады і адпаведных службаў.
Сёння, напярэдадні свята Перамогі, жадаем вам, дарагія абаронцы Айчыны Іван Іванавіч Кашэль і Адольф Сігізмундавіч Васілеўскі, які дзеліць усе радасці і цяжкасці са сваёй жонкай Соф’яй Іванаўнай (таксама ўдзельніца Вялікай Айчыннай вайны), моцнага здароўя, павагі з боку родных і блізкіх. Ведайце, прадстаўнікі маладога пакалення ў захапленні ад гераізму, праяўленага ў час баявых дзеянняў.
Эдуард КОРСАК.

