У нашым раёне сем калектываў мастацкай самадзейнасці, якія маюць ганаровае званне «народны самадзейны калектыў аматарскай мастацкай творчасці». Адзін з іх — народны вакальны ансамбль «Лужкаўскія песняры» Лужкаўскага сельскага Дома культуры. Летась калектыву споўнілася трыццаць год. На старонках раённай газеты быў змешчаны матэрыял, прысвечаны 80-годдзю Ігара Аркадзьевіча Садоўскага — стваральніка гурта, чалавека, які прыклаў шмат намаганняў, каб слава аб лужкаўскіх галасах гучала ў краіне.
Склад вакальнага гурта з цягам часу з чыста мужчынскага стаў змешаным, бо патрэбныя галасы знайсці няпроста. Таму цяпер у галасістым тузіне большасць не песняроў, а пяснярак. Кіруе калектывам хормайстар Сяргей Аркадзьевіч Гамановіч. Ён жа ў 80-х гадах мінулага стагоддзя стаяў ля вытокаў дзейнасці ансамбля. Сярод удзельнікаў — яго калегі, выкладчыкі Лужкаўскай дзіцячай школы мастацтваў, бібліятэкар, медыцынскі работнік, загадчык гаспадаркай мясцовай сярэдняй школы і іншыя. Усіх іх аб’ядноўвае любоў да народнай музыкі, песні. Нязводныя ў рэпертуары «Лужкаўскіх песняроў» песні «Хлеб ды й соль», «Полька-трапятуха», «Ночка цёмная», «Ой, братка-беларус» і шмат іншых. 29 студзеня бягучага года падчас правядзення справаздачнага канцэрта калектываў мастацкай самадзейнасці Лужкаўскага сельскага Дома культуры народны вакальны ансамбль прадставіў на суд гледача новыя песні са свайго рэпертуару.
Ні адно свята раённага маштабу не абыходзіцца без лужкаўскіх музыкантаў. Арганізатары розных масавых мерапрыемстваў, народных гулянняў у раёне лічаць патрэбным запрасіць музыкаў з цудоўнага мястэчка. Спяваюць яны ў Дворнаве, Лапунове, Германавічах, Більдзюгах, Каўшэлеве, Шаркаўшчыне.
Калектыў з’яўляецца дыпламантам абласнога агляду-конкурсу аматарскай творчасці сярод устаноў культуры клубнага тыпу 2008 года, удзельнікам абласнога агляду-конкурсу калектываў мастацкай самадзейнасці 2012 года. Яго выступленні — нязменнае аздабленне раённых «Зажынак», «Купалля». Амфітэатр на стадыёне Лужкаўскай школы на беразе маляўнічай Мнюты, дамы культуры, дамы сацыяльных паслуг, нярэдка проста вясковыя вуліцы — звыклыя месцы для выступленняў народнага гурта.
Але не ўсё так добра, як здаецца на першы погляд. Будынак клубнай установы патрабуе капітальнага рамонту, неабходна абнавіць музычныя інструменты і сцэнічныя касцюмы 1980 года вырабу. Увогуле, праблемы і існуюць, каб паступова вырашацца. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, народны вакальны ансамбль «Лужкаўскія песняры», як і астатнія калектывы мастацкай самадзейнасці пры Доме культуры, творча развіваецца, расце, з’яўляецца любімцам тутэйшай публікі. У дадатак да гэтага і чарговае рашэнне калегіі ўпраўлення культуры аблвыканкама аб пацвярджэнні калектывам звання «народны».
Як кажуць у іх роднай вёсцы, такіх артыстаў «душэўна сустракаюць і просяць выступіць яшчэ». Творчых вам здабыткаў, шаноўныя музыкі!
С. РАЙЧОНАК,
метадыст РМЦ.