Суботнім вечарам абласное свята “Яблычны фэст” працягвалася ў Шаркаўшчыне, на тэрыторыі парка ААТ “Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс”. Музычным падарункам для ўсіх прысутных стаў канцэрт вакальна-інструментальнага рок-гурта з Докшыц “CottonBuds”.
Станоўчыя эмоцыі ў шаркаўчан выклікаў і конкурс эстраднай песні сярод моладзі нашага раёна, які стаў цэнтральнай падзеяй вячэрняй праграмы фестывалю. Удзельніцамі конкурснай праграмы сталі прадстаўніцы не толькі арганізацый і прадпрыемстваў, але і школьніцы. Маладыя выканаўцы выступалі з песнямі, прысвечанымі Году малой Радзімы, і журы дастойна ацаніла кожнае выступленне, адзначыўшы той факт, што кожная спявачка заваявала перамогу ў адной з намінацый конкурсу эстраднай песні “Зялёны яблык. Маладыя і таленавітыя” невыпадкова. Сам жа конкурс дапамог вызначыць новыя таленты сярод моладзі, якія сваімі звонкімі і прыгожымі галасамі ўпрыгожаць яшчэ не адно святочнае мерапрыемства.
За ўдзел у конкурсе эстраднай песні сярод моладзі ўзнагароджаны: Ангеліна Валашчук, Ангеліна Пасная і Марыя Сідарава, Сняжана Кондрат, Варвара Калесніковіч, Наталля Арлоўская, Надзея Лагун, Юлія Арсоба, Валерыя Тадасіева, Таццяна Чарняўская і Лізавета Гуляшка. Віншуем дзяўчат з паспяховым выступленнем на фестывалі “Яблычны спас”. Акрамя дыпломаў за перамогу ў розных намінацыях конкурснай праграмы яны атрымалі памятныя падарункі згодна з планам мерапрыемстваў па рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі на тэрыторыі раёна.
Завяршыўся суботні вечар у Шаркаўшчыне дыскатэкай для моладзі.
Увечары ў парку ААТ “Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс” гучала музыка і звонкія дзіцячыя галасы. Было шматлюдна, дождж, які ішоў цэлы дзень, спыніўся, на свята жыхары нашага гарадскога пасёлка прыходзілі цэлымі сем’ямі. На тэрыторыі парка быў арганізаваны гандаль, у дастатковай колькасці былі прадстаўлены разнастайныя сувеніры, шары і цацкі для дзяцей, якія безумоўна, былі запатрабаваны ў маленькіх наведвальнікаў фестывалю.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.





























