
Тым, хто не працаваў з лічбамі, не складаў справаздачы, ніколі не зразумець, што далёка не кожны чалавек можа паспяхова выконваць абавязкі галоўнага бухгалтара. На працягу 28 гадоў ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама з гэтымі функцыямі паспяхова спраўлялася Людміла Пятроўна Марозава: спачатку яна была галоўным бухгалтарам аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму аддзела сацыяльнай абароны райвыканкама, а потым, яшчэ два дзясяткі гадоў, галоўным бухгалтарам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне раённага выканаўчага камітэта.
Праца галоўнага бухгалтара сама па сабе складаная і крапатлівая. А людзі гэтай прафесіі павінны валодаць не толькі вялікім багажом пэўных ведаў і ўменняў, але і асаблівым складам характару. Яны павінны быць гатовымі пераправерыць сваю працу па некалькі разоў. Таму дакладнасць, акуратнасць, уседлівасць і цярпенне Людміла Пятроўна называе галоўнымі рысамі любога бухгалтара. Для звычайнага чалавека, які не надта задумваецца пра спецыфіку работы ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, дзейнасць яго спецыялістаў можа асацыявацца толькі са словамі “пенсіі”, «адрасная і грашовая дапамога”, “выплаты”. Але за гэтымі словамі — заўсёды велізарны аб’ём разлікаў, падлікаў, зверак, пералікаў і налічэнняў, якія павінны адпавядаць закону. Па словах Людмілы Пятроўны, работа з лічбамі вельмі дысцыплінуе.
— У нашай прафесіі нельга махнуць рукой і сказаць: галоўнае – сутнасць пытання, а не розныя дробязі,-расказала жанчына. Задачы пастаўлены процілеглыя: кожная дробязь значная, таму да лічбаў я заўсёды адносілася з вялікай увагай , разумеючы, што за кожнай стаіць жывы чалавек, які павінен атрымаць пенсію, адрасную ці грашовую дапамогу, або дзіцячае харчаванне, ці нават грошы на пахаванне. На працягу многіх гадоў у арганізацыі я займалася ажыццяўленнем разлікаў, звязаных з гэтымі і многімі іншымі выплатамі.
Высока ацэньвае работу Людмілы Пятроўны Марозавай і кіраўніцтва. На чарговай нарадзе ў райвыканкаме, якая адбылася 24 жніўня, першы намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Сяргей Валянцінавіч Струй за шматгадовую добрасумленную працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў і ў сувязі з выхадам на заслужаны адпачынак уручыў жанчыне Ганаровую грамату Шаркаўшчынскага райвыканкама.
Любімая праца заўсёды займала ў жыцці Людмілы Пятроўны значнае месца, у вялікай ступені, дзякуючы дружнаму і зладжанаму калектыву, калегам і кіраўніцтву, побач з якімі адпрацавала разам шмат гадоў і ад якіх заўсёды адчувала падтрымку.
І хоць працоўны дзень у Людмілы Марозавай, дарэчы, як і ва ўсіх, хто звязаў сваё жыццё з бухгалтэрыяй, даволі часта быў ненарміраваным, яна заўсёды заставалася любячай маці і клапатлівай жонкай. Разам з мужам, Мікалаем Макаравічам Марозавым, выхавалі двух дзяцей, зараз дапамагаюць выхоўваць і ўнукаў.Сын Аляксандр разам з сям’ёй пражывае ў Полацку, ён, юрыст па спецыяльнасці, закончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У дачкі Аксаны таксама свая сям’я. Яна атрымала вышэйшую адукацыю (педагагічную) і зараз працуе выхавальніцай ў адным з дзіцячых садкоў пад Мінскам. У Людмілы Пятроўны і Мікалая Макаравіча Марозавых двое ўнукаў: Уладзіславу – 4 гады, малодшаму Макару яшчэ толькі 8 месяцаў, зараз ён у дзядулі і бабулі ў гасцях. І менавіта з унукамі Людміла Пятроўна з найбольшым задавальненнем праводзіць свой вольны час. А яшчэ захапляецца кветкамі.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.
