У вёсцы Сямёнавічы Станіславоўскага сельсавета прайшло “Свята землякоў”

Актуальное

IMG_4815

Да закінутай вёсачкі, Богам забытай,

Дзе дзіцячага смеху нідзе не пачуць,

Дзе ўжо крамы няма, ганак школы разбіты,

Я, у дарозе стаміўшыся, мусіў звярнуць.

Колькі гэтакіх вёсачак з картаў знікаюць!

Іх знішчаюць і дзеянні нашы, і час…

Але зрэдку ў снах вёскі зноў ажываюць,

Каб, нібыта матулі, маліцца за нас.

Магчыма, і можна пагадзіцца з тым, што жыццё ў вёсцы сумнае і аднастайнае. Тут няма забаў, месцаў адпачынку, якія можа прапанаваць горад. Але большасць вяскоўцаў прытрымліваюцца іншай думкі. Трэба сказаць, што вясковыя будні прапануюць прыгажосць прыродных пейзажаў, цішыню, адсутнасць мітусні, а таксама дары зямлі, якія растуць на ўласных прысядзібных участках. А людзі, якія жывуць у сельскай мясцовасці, могуць па-сапраўднаму весела праводзіць свой час. Святы вёсак, якія праходзяць летам у нашай мясцовасці, — яскравы таму прыклад. У вёсцы Сямёнавічы Станіславоўскага сельсавета мерапрыемства, якое мае назву “Свята землякоў”, кожны раз збірае многа родных, сяброў і знаёмых, дзякуючы іх спагадзе цеплыні і душэўнасці.

Сёлета ініцыятарамі сустрэчы сталі ўраджэнкі Сямёнавіч Галіна Мікалаеўна Філатава і Раіса Пятроўна Баршчэўская. Да гэтай справы яны падышлі адказна. Галоўным для сябе жанчыны палічылі ўнесці ў штодзённае жыццё іскрынкі радасці і яркія ўражанні ад сустрэчы.

Як вядома, радзіма — гэта не толькі вуліцы і дамы, жыхары-аднавяскоўцы, знаёмыя мясціны. Гэта яшчэ і могілкі — месца пахавання продкаў, якія далі нам жыццё. Ураджэнцы Сямёнавіч, наведаўшы мясцовыя могілкі, вырашылі сустрэчу пачаць з пакланення сваім родным і блізкім людзям, якія адышлі ў вечнасць. На малебен аб спачылых продках запрасілі дабрачыннага Шаркаўшчынскай акругі протаіерэя Пятра Бараноўскага. Свяшчэннаслужыцель прачытаў малітву за спакой памерлых, асвяціў святой вадой могілкі, пажадаў прысутным як мага часцей наведваць месца пахавання сваіх родных, а таксама дабрабыту і шчасця.

Амаль трыццаць чалавек — ураджэнцаў вёскі Сямёнавічы — сабраліся 25 жніўня ў гэтым населеным пункце. Большасць з іх пражывае ў Шаркаўшчыне і Паставах. Некаторыя жывуць і працуюць на Браслаўшчыне, у Глыбокім, іншых гарадах нашай вобласці. Сваю малую радзіму наведалі нават тыя, хто цяпер пражывае ў Расійскай Федэрацыі.

Ірына Мікалаеўна Кудаева (Павініч):

— Нарадзілася я ў Сямёнавічах. Маленства і юнацкія гады прайшлі ў гэтых маляўнічых мясцінах. Успаміны вяртаюць у мінулае, дзе я разам з іншымі дзецьмі басанож бегала па лугавых сцяжынках, збірала ў букеты дзівоснай прыгажосці васількі на ўзмежках жытнёвых палёў. Пасля заканчэння школы некаторы час працавала разам з маці на ферме. Затым пераехала спачатку ў Паставы, а пасля ў Наваполацк, дзе і пражываю цяпер. Стараюся не парываць сувязей з малой радзімай. Па магчымасці двойчы ў год прыязджаю сюды, каб сустрэцца з нешматлікімі аднавяскоўцамі, наведаць магілы сваіх бацькоў.

Таццяна Уладзіміраўна Воранава (Райчонак):

— Ні ў якім разе нельга здраджваць таму месцу, дзе з’явіўся на свет, дзе вырас. Нарадзілася я ў 1951 годзе. Пасля заканчэння Слабадской СШ на працягу двух год працавала ў бухгалтэрыі калгаса “Іскра”. Затым паступіла ў Брэсцкі тэхнікум чыгуначнікаў. Па размеркаванні трапіла працаваць у Пскоўскую вобласць. У цяперашні момант знаходжуся на заслужаным адпачынку. Летам пражываю на Пскоўшчыне, а ў зімні перыяд ў Санкт-Пецярбурзе. Тым не менш, стараюся як мага часцей наведваць свае родныя Сямёнавічы, з якімі непарыўна звязана мая душа.

Ліма Яўгеньеўна Плятнёва (Мурзёнак):

— Я заўсёды з вялікім задавальненнем прыязджаю ў сваю родную вёску. Лёс мой склаўся, як і ў большасці юнакоў і дзяўчат 1970-х гадоў. Скончыўшы сярэднюю школу, паступіла вучыцца ў медыцынскае вучылішча горада Даўгаўпілс, пасля заканчэння якога ўсё сваё жыццё адпрацавала медсястрой у Паставах. Дарэчы, нягледзячы на тое, што знаходжуся на заслужаным адпачынку, працягваю працаваць і цяпер. Сёння радасць перапаўняе маё сэрца, бо зноў сустрэлася са сваімі былымі аднавяскоўцамі. І няхай няўмольна бяжыць час, сваёй чаргой мінаюць гады, у душы мы засталіся такімі ж маладымі і летуценнымі.

Міхаіл Уладзіміравіч Райчонак:

— А я пасля школы застаўся працаваць у мясцовым калгасе. Быў памочнікам трактарыста, прычэпшчыкам. Атрымаў вадзіцельскае пасведчанне ў Шаркаўшчынскай аўташколе ДТСААФ, адслужыў у войску і зноў вярнуўся ў Сямёнавічы. Лёс так распарадзіўся, што адзін год я адпрацаваў настаўнікам працы і чарчэння ў Тадулінскай базавай школе. Закончыў Аршанскае педагагічнае вучылішча. І вось ужо больш за сорак год працую ў Друйскай сярэдняй школе. Успаміны вяртаюць не толькі на малую радзіму, але яшчэ і ў школьныя гады. Трывалы падмурак ведаў закладвалі нашы мудрыя і таленавітыя настаўнікі Яўгеній Георгіевіч і Лізавета Афанасьеўна Райчонкі, Вольга Іванаўна Сталбцова, Міхаіл Міхайлавіч Брэскі і іншыя.

Казімір Баляслававіч Кішко:

— Я не з’яўляюся карэнным ураджэнцам гэтай вёскі, родам я з Жукоўшчыны. Але ў Сямёнавічах жыла мая маці, яе бацькі. Тут, на мясцовых могілках, знайшлі свой вечны спачын мае дзядулі і бабулі, мае тата і мама. Жыву я непадалёк — у горадзе Паставы, таму скарыстоўваю любую магчымасць, каб наведаць родныя мясціны.

Летам у Сямёнавічах пражываюць усяго трое чалавек: Валянцін Фёдаравіч Райчонак, Тамара Сяргееўна Мурзёнак і Марыя Зянонаўна Рамановіч. Для іх і для ўсіх гасцей музыку, песні і святочны настрой на “Сустрэчы землякоў” падарылі ўдзельніцы аматарскага аб’яднання “Душэўная ўтульнасць” раённага Цэнтра культуры. Прысутныя разам з артыстамі спявалі песні мінулых гадоў, вальсіравалі ў павольных танцах.

Апусцела вёска, не чуваць тут больш гарэзлівых дзіцячых галасоў, не будзяць жыхароў сваімі гучнымі спевамі раніцай пеўні. Таму вельмі добра, што свае родныя Сямёнавічы не забываюць ураджэнцы гэтай маленькай вёскі на стромкім беразе Дзісны. Яны заўсёды з ахвотай і вялікім жаданнем знаходзяць час, каб зноў і зноў сустрэцца разам тут, дзе рабілі свае першыя крокі, дзе прайшлі іх маленства і юнацтва, адкуль яны накіраваліся ў самастойнае жыццё.

Ад дабрыні тваёй вясковай

На сэрцы песня і спакой.

Пачатак мой, мая аснова,

Душой і сэрцам я з табой.

Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_4693 IMG_4698 IMG_4706 IMG_4708 IMG_4713 IMG_4727 IMG_4731 IMG_4733 IMG_4742 IMG_4746 IMG_4753 IMG_4760 IMG_4761 IMG_4765 IMG_4779 IMG_4782 IMG_4785 IMG_4792 IMG_4796 IMG_4799 IMG_4804 IMG_4817 IMG_4823 IMG_4826 IMG_4830



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *