Тысячы вялікіх і маленькіх вёсак налічваюцца ў нашай краіне. Часткова некаторыя з іх маюць статус аграгарадкоў, у якіх кіпіць жыццё, ёсць развітая інфраструктура. Іншыя, наадварот, паступова ператвараюцца ў хутары, пакрысе знікаюць з картаў, калі ў іх не застаецца жыхароў. Вёску Вялікае Сяло нашага раёна з упэўненасцю можна аднесці да першай катэгорыі, бо яна з 2010 года мае статус аграгарадка. У гэтым населеным пункце маюцца сельскі клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, гандлёвыя ўстановы, дзіцячы сад-сярэдняя школа. А сам аграгарадок распасціраецца на некалькі кіламетраў, мае мноства вуліц.
На адной з іх, а менавіта на Цэнтральнай, у апошнюю нядзелю жніўня прайшло свята аграгарадка. Па даўняй традыцыі, яно ладзіцца напрыканцы лета і збірае мноства вяскоўцаў і тых, хто прыязджае ў сельскую мясцовасць з гарадоў у водпуск або на канікулы.
Паводле гістарычных звестак у 1888 годзе тут адкрыта школа царкоўнай граматы. А сам жа населены пункт размяшчаўся на ўзбярэжжы Дзісны, там, дзе цяпер вёска Старае Сяло. У 1915 годзе яна амаль цалкам згарэла пасля страшнага пажару. З цягам часу людзі адбудоўвалі свае сядзібы, але з прыходам польскіх улад было прынята рашэнне аб рассяленні на хутары. Сама назва Вялікае Сяло пайшла ад узвышанай мясцовасці, дзе размяшчаліся царква і карчма. Там часта збіраліся аднавяскоўцы, абмяркоўвалі надзённыя пытанні, дзяліліся апошнімі навінамі. Найбольшая колькасць жыхароў тут была ў 2003 годзе, усяго іх налічвалася 363 чалавекі. Гэтую і іншую цікавую інфармацыю з дакументальных крыніц паведамілі вядучыя мерапрыемства.
На свяце вёскі прынята ўшаноўваць людзей, якія ў гэтым годзе адзначаюць юбілейныя дні нараджэння, юбілейныя даты сумеснага сямейнага жыцця. Адразу 28 юбіляраў назвалі вядучыя свята, запрасілі іх на імправізаваную сцэну. Канечне, па стане здароўя не ўсе змаглі прыйсці, але для кожнага гучалі словы віншаванняў і сардэчных пажаданняў, уручаны кветкі. Шэсць пар у 2018 годзе адзначаюць круглыя даты сумеснага сямейнага жыцця. 55 год разам крочаць Фама Ульянавіч і Ганна Іванаўна Брылёвы. 45 — Арсеній Ігнацьевіч і Зінаіда Васільеўна Маісеевы. 40-годдзе сумеснага жыцця адзначаюць Фёдар Мілецьевіч і Марыя Вітольдаўна Сапунько, а таксама Валерый Іванавіч і Ганна Пятроўна Хаданёнкі. Тры дзесяцігоддзі разам пражылі Іван Іванавіч і Ванда Іванаўна Шышко. А сямейная пара Аляксандра Уладзіміравіча і Таццяны Канстанцінаўны Пугаўкаў сустрэла сваё сярэбранае вяселле. Сямейныя пары ў якасці падарунка атрымалі салодкія пачастункі і, канечне ж, добрыя песні.
У другой частцы праграмы работнікі мясцовых устаноў культуры і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці прадэманстравалі тэатралізацыю “Як на нашым кірмашы”. Дзея пастаноўкі разварочвалася ў адзін з выхадных дзён на кірмашы ў Вялікім Сяле. Адзін з галоўных персанажаў, мужык Антось, ніяк не мог дагадзіць сваім жонцы і цешчы ў выбары новага адзення і абутку. Увесь час спрачаўся з імі, сварыўся. У выніку, Антось сам ледзьве не прадаў сваю жонку з-за яе кепскага характару.
На свята аграгарадка завітаў фальклорны гурт “Калядзіца” раённага цэнтра рамёстваў з праграмай “Жнівеньскія забавы”. Жанчыны спявалі беларускія народныя песні, вясёлыя прыпеўкі, расказвалі жартоўныя гумарэскі, задавалі гледачам загадкі, танчылі. Іх выступленне цёпла ўспрымала публіка і гучнымі апладысментамі дзякавала за кожны нумар святочнай праграмы.
Шмат канцэртных нумароў прадставілі ўдзельнікі дарослых і дзіцячых гурткоў мастацкай самадзейнасці Велікасельскага СК. Кожны меў магчымасць за невялікі кошт набыць кулінарныя вырабы — салодкую хатнюю выпечку. Побач размясцілася гандлёвая палатка мясцовага магазіна. Прадаўцы прапанавалі пакупнікам разнастайны асартымент харчовых тавараў. Тыя ж, хто меў жаданне набыць памятны сувенір, мог гэта зрабіць у супрацоўнікаў раённага цэнтра рамёстваў. Народныя майстры таксама прапанавалі згуляць у бяспройгрышную латарэю і атрымаць за гэта прыз, як напамін аб свяце аграгарадка.
Не засталіся без увагі і маленькія гледачы. Арганізатары свята паклапаціліся, каб гэты дзень прайшоў у іх весела і запамінальна. Каля святочнай пляцоўкі працавалі паветраныя атракцыёны, батуты. Тут жа можна было набыць поп-корн, цукеркі, іншыя салодкія прысмакі.
Святочная праграма завяршылася сольным выступленнем самадзейнага музыканта з вёскі Жукоўшчына Мікалая Кіраенкі. Гледачы слухалі спевака з замілаваннем, пускаліся ў вясёлыя скокі, разам яму падпявалі.
Загадчык Велікасельскага сельскага клуба Аляксандр Бука вельмі ўдзячны за арганізацыю свята і грашовую падтрымку кіраўніцтву ААТ “Агратэхсэрвіс” і яго дырэктару Міхаілу Барысавічу Кавалёнку, старшыні Германавіцкага сельвыканкама Маі Яўгеньеўне Якімовіч. Дзякуючы ім, а таксама самадзейным артыстам мясцовага клуба і ўстаноў культуры раёна, атрымалася запамінальнае і вельмі цудоўнае свята аграгарадка Вялікае Сяло.
Сяргей РАЙЧОНАК.















































