Іх работа — забяспечыць цяплом кожны дом

Актуальное

у ліку лепшых работнікаў: Рыгор Цімафеевіч Яфімаў, Іван Францавіч Дземідовіч, Павел Багуслававіч Рэдзіка і Аляксандр Сяргеевіч Цэван
у ліку лепшых работнікаў: Рыгор Цімафеевіч Яфімаў, Іван Францавіч Дземідовіч, Павел Багуслававіч Рэдзіка і Аляксандр Сяргеевіч Цэван

З набліжэннем восені мы ўсё часцей пачынаем задумвацца пра тое, якой будзе зіма і ці будзе цёпла ў нашых дамах. І калі да адных людзей цяпло паступае з цэнтральным ці газавым ацяпленнем, іншым самім даводзіцца паклапаціцца пра цвёрдае паліва для сваіх печаў ці катлоў. У гэтым выпадку не абысціся без звароту ў арганізацыю, якая займаецца рэалізацыяй паліва. У нашым раёне гэтыя функцыі выконвае Шаркаўшчынскі філіял абласнога ўнітарнага прадпрыемства па забеспячэнні палівам  “Віцебскаблпал”, які працуе як з насельніцтвам, так і з арганізацыямі. На працягу двух дзясяткаў гадоў прадпрыемства ўзначальвае Міхаіл Уладзіміравіч Фамянок, пад кіраўніцтвам якога калектыў з 15 чалавек паспяхова спраўляецца з ускладзенымі на іх абавязкамі. Вось і па выніках работы за 1 паўгоддзе бягучага года ў Шаркаўшчынскага філіяла з рэзультатам 2127 тон — 6 месца ў вобласці па рэалізацыі паліва ў тонах умоўнага паліва. Для невялікага раёна Віцебшчыны — гэта выдатны паказчык, бо лепшы вынік змаглі прадэманстраваць толькі самыя буйныя філіялы прадпрыемства.

— За першае паўгоддзе наша арганізацыя забяспечыла палівам 1299 домаўладанняў грамадзян, — паведаміў дырэктар Шаркаўшчынскага філіяла Міхаіл Фамянок. — З іх 550 — торфабрыкетам і 749 — дровамі. Выручка ад рэалізацыі паліва, работ і паслуг за адзначаны перыяд склала 445 тысяч рублёў. Кожны работнік філіяла, а іх у арганізацыі 15 чалавек, уносіць свой уклад у агульную справу, робіць усё максімальна магчымае, каб палівам, а значыць і цяплом, былі забяспечаны ўсе, хто мае ў гэтым патрэбу.

Самая ж гарачая пара для калектыву — гэта восень і зіма. Бо не сакрэт, што большасць жыхароў раёна ўспамінае пра забяспечанасць сваіх дамоў палівам фактычна перад з’яўленнем першых замаразкаў. І ў другой палове восені рэзка ўзрастае колькасць жадаючых набыць дровы ці торфабрыкет. Каб пазбегнуць ажыятажу і доўгіх чэргаў, жыхарам нашага гарадскога пасёлка і раёна варта загадзя падрыхтавацца да зімы і забяспечыць свой дом палівам. Зрабіць гэта без праблем можна і цяпер.

Значныя аб’ёмы работ паспяхова выконваюцца дзякуючы дзейнасці ўсяго калектыву. У ліку лепшых работнікаў вадзіцелі: Павел Рэдзіка, Іван Дземідовіч, Аляксандр Дарашкевіч, Рыгор Яфімаў, вадзіцель пагрузчыка Аляксандр Набздораў, раскражоўшчыкі (рабочыя, якія займаюцца распілоўкай і колкай дроў) Аляксандр Цэван і Аляксандр Базільчук. Бездакорна спраўляюцца з ускладзенымі на іх абавязкамі і жанчыны, якія працуюць у арганізацыі. Гэта загадчыца склада Алена Зямец, галоўны бухгалтар Ала Ластаўка, вядучы эканаміст Яніна Пяткевіч, прадавец Наталля Сівіцкая, а таксама прадаўцы на тэрыторыі Лужкаўскага і Германавіцкага сельскіх Саветаў — Ванда Руткоўская і Людміла Касевіч. Сам жа кіраўнік арганізацыі, дэпутат Шаркаўшчынскага раённага Савета дэпутатаў  Міхаіл Уладзіміравіч Фамянок у адзін з мінулых гадоў стаў лаўрэатам ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны”.

Сёння ў арганізацыі паспяхова выконваюцца значныя аб’ёмы работ, вялікая ўвага надаецца і добраўпарадкаванню тэрыторыі.

Напярэдадні прафесійнага свята, Дня работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці, якое ў нашай краіне будзе адзначацца заўтра, дырэктар Шаркаўшчынскага філіяла Міхаіл Уладзіміравіч Фамянок пажадаў усім супрацоўнікам і ветэранам прадпрыемства здароўя і дабрабыту, а жыхарам нашага раёна — цяпла і ўтульнасці ў дамах. Ва ўсякім разе, як і ў мінулыя гады, калектыў зробіць усё ад яго залежнае, запэўніў кіраўнік, які асаблівыя словы ўдзячнасці і віншаванняў адрасаваў былым супрацоўнікам прадпрыемства. Шмат гадоў адпрацавалі ў арганізацыі і цяпер знаходзяцца на заслужаным адпачынку Ала Антонаўна Асташова, Алефціна Іосіфаўна Касцюкевіч, Віктар Аркадзьевіч Буйка, Валянціна Францаўна Гірстун, Іван Іосіфавіч Сіповіч, Васілій Рыгоравіч Сядлоўскі і іншыя ветэраны галіны.

Са святам!



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *