Творчых, дружных і ініцыятыўных людзей аб’ядноўвае прафсаюзная арганізацыя Шаркаўшчынскай СШ №2

Молодежь Прафсаюзы

sm_fullТак або інакш большасць працаздольнага насельніцтва краіны з’яўляюцца работнікамі. А на любой рабоце па найму рана ці позна ўзнікаюць пытанні аплаты працы, тэхнікі бяспекі, атрымання сацыяльных і іншых ільгот і гарантый. Зразумела, што ў адзіночку працаўніку складана ці нават проста немагчыма абараніць свае законныя інтарэсы. Для гэтага ў свой час і былі створаны прафсаюзы. Бо, аб’яднаўшыся, намнога прасцей і значна больш вынікова размаўляць з работадаўцам. Па словах старшыні прафкама Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 2 Аксаны Леанідаўны Цярэшкі, прафсаюзу ў іх навучальнай установе заўсёды адводзілася значная роля ў жыцці настаўнікаў. Дырэктар школы Андрэй Іванавіч Татаровіч і старшыня прафкама — сацыяльныя партнёры, бо мэты і задачы агульныя: садзейнічанне паляпшэнню ўмоў працы, навучальнага працэсу, арганізацыя работы па паспяховай падрыхтоўцы школы да новага  навучальнага года і іншыя.

— У нашай школе створаны цудоўныя ўмовы для прафесійнага росту, ініцыятывы і творчасці супрацоўнікаў, — паведаміла Аксана Цярэшка. — Вялікая ўвага надаецца ахове працы і арганізацыі вольнага часу. Актыўныя члены прафсаюза ўзнагароджваюцца бясплатнымі білетамі на канцэрты. Сістэматычна арганізуюцца выезды на “Славянскі базар” у Віцебск. Практыкуецца і экскурсійная дзейнасць. Кожны год на вясновых канікулах праводзіцца школьны турнір па “Брэйн-рынгу”, дзе сапернічаюць паміж сабой настаўнікі і вучні. Члены пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі прымаюць удзел у такіх раённых мерапрыемствах, як “Настаўнік года”, “Дзень настаўніка”, “Дзень Перамогі”, “Масленіца”, “Дзень Незалежнасці”, у жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі. Ва ўстанове адукацыі заўсёды цікава праводзяцца Дзень маці, Дзень сям’і, свята 8 Сакавіка і адно з самых любімых нашых святаў — Дзень настаўніка. Члены прафсаюза заўжды прымаюць удзел у выбарах розных узроўняў і ўносяць немалую лепту ў падтрымку кандыдатаў.

Мы імкнемся захоўваць і развіваць традыцыі, што склаліся ў нашым калектыве: памятаем пра нашых паважаных ветэранаў працы, віншуем іх са святамі, запрашаем у школу на канцэрты, арганізуем сустрэчы за кубачкам гарбаты. Не застаюцца без увагі і маладыя настаўнікі, якім аказваецца метадычная дапамога. А маладыя спецыялісты, якія паспяхова выконваюць свае працоўныя абавязкі, атрымліваюць персанальную надбаўку да службовага акладу ў памеры да 10 працэнтаў ад службовага акладу ці тарыфнай стаўкі. Супрацоўнікі школы прымаюць актыўны ўдзел у суботніках, добраўпарадкаванні тэрыторыі школы і раёна. Члены прафсаюза — актыўныя ўдзельнікі “Беларускай лыжні”, велапрабегаў, спартакіяд, шэрагу спаборніцтваў па розных відах спорту.

Наш прафсаюзны калектыў на сённяшні дзень налічвае 60  супрацоўнікаў, а гэта 100 працэнтаў ад агульнай колькасці работнікаў школы — творчых, дружных і ініцыятыўных людзей, якім прафсаюз пры падтрымцы кіраўніцтва школы дапамагае ўвасобіць у жыццё ўсё задуманае.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *