90-гадовы юбілей адсвяткавала Генавефа Юзэфаўна Далевіч з вёскі Сталіца

Актуальное

Юбілярка Г. Ф. Далевіч, М. Я. Якімовіч, Т. І. Бохан, В. В. Лагун
Юбілярка Г. Ф. Далевіч, М. Я. Якімовіч, Т. І. Бохан, В. В. Лагун

У адзін з цудоўных сонечных дзён у дом жыхаркі вёскі Сталіца Генавефы Юзэфаўны Далевіч з нагоды адметнай даты — 90-гадовага юбілею — з падарункамі і віншаваннямі завіталі старшыня Германавіцкага сельскага Савета Мая Яўгенаўна Якімовіч, культработнік Сталіцкага сельскага клуба Вера Віктараўна Лагун, намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы ААТ “Княж” Таццяна Іосіфаўна Бохан.

Уражанні ад той сустрэчы засталіся найлепшыя. Вочы Генавефы Юзэфаўны свяціліся радасцю. Яна ахвотна падтрымлівала гутарку, трымаючы спрацаванымі рукамі кветкі.

Паліліся ракой успаміны пра дзяцінства, клопаты сялянскага жыцця. Галоўным скарбам для жанчыны заўсёды былі сям’я і родная зямля.

З замілаваннем прыгадала свайго памерлага мужа Люцыяна, якога няма ўжо сямнаццаць год.

Разам выгадавалі трох дзяцей: Ганну, Яніну і Рамана. Працавалі з мужам у мясцовым калгасе. Яна — паляводам, а ён — жывёлаводам. Як і ўсе з таго пакалення, яны былі небагатыя, усё нажывалі, як кажуць, з мазаля. З гадамі самі пабудавалі дом, у якім цяпер жывуць юбілярка і сын Раман.

Яе радуюць поспехамі ўнукі Святлана, Наталля і Аляксандр. Ёсць ужо і праўначка Дамініка.

Увогуле, прысутным не верылася, што яна прайшла шлях у дзевяць дзесяцігоддзяў. Бо, як рассказала бабуля, у яе яшчэ хапае сіл, каб з рукзаком на спіне з суседам на мапедзе з’ездзіць у краму.

Жанчына яшчэ трымае і невялікую гаспадарку — кур, качак і сабаку. Здавалася б, самой ужо неабходны і дапамога, і падтрымка… Але не хоча няўрымслівая жанчына, каб хтосьці яе апякаў, дапамагаў, яшчэ сама, каму хочаш, дапаможа.

Раней юбілярка часта хадзіла ў касцёл, але з цягам часу пачалі падводзіць ногі. “Выхадзілі сваё, — кажа жанчына. — Затое часта малюся, калі па радыё чую службу, прашу ў Бога здароўя і дабрабыту сваім дзецям, унукам і праўнучцы.

Лічыцца, што людзі, якія перасягнулі 90-гадовы рубеж, з’яўляюцца доўгажыхарамі. У чым сакрэт, пытаемся ў Генавефы Юзэфаўны, яе даўгалецця?

— Не трэба злавацца, — гаворыць наша суразмоўца, — зайздросціць, а трэба многа працаваць, рухацца, радавацца кожнаму новаму дню і таму, што ў цябе ёсць…

Вось такое жыццёвае крэда ў гэтай жвавай, добрай і светлай жанчыны. Застаецца пажадаць ёй моцнага здароўя, бадзёрасці, шчасця яшчэ на доўгія гады…

Алена АНАНІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *