Свята «Для тых, хто малады і сэрцам, і душой!» у аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту

Актуальное

IMG_7773 (Копировать)

Дзень пажылых людзей — свята добрае і светлае, падчас якога мы акружаем асаблівай увагай і цеплынёй сваіх ужо немаладых бацькоў, дзядуль і бабуль. Гэты дзень прызначаны для таго, каб падтрымаць пажылых людзей, падзякаваць ім за ўсё добрае, што яны для нас зрабілі і за тое, што працягваюць дапамагаць сваім дзецям і ўнукам, ужо будучы на заслужаным адпачынку.

Святочнае мерапрыемства, прымеркаванае да Дня пажылых людзей, адбылося на мінулым тыдні ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН у нашым гарадскім пасёлку. Яно прайшло пад назвай «Для тых, хто малады і сэрцам, і душой…».

Прыемным падарункам да свята ўсім прысутным у гэты дзень стаў канцэрт калектыву «Каліна» Васюкоўскага СДК. Удзельнікі гэтага добра вядомага ў нашым раёне гурта Мікалай Кіраенка і дзве Вольгі Яцына (абаяльныя салісткі гурта — цёзкі па імені і прозвішчы) праспявалі для наведвальнікаў аддзялення свае самыя лепшыя песні, павіншавалі пажылых людзей са святам, павесялілі іх і падарылі добры настрой. Пры гэтым свой цудоўны канцэрт яны правялі для пажылых людзей абсалютна бясплатна. А гледачы з задавальненнем падпявалі артыстам і падтрымлівалі іх гучнымі апладысментамі. Ад імя дружнага калектыву наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў са святам пажылых людзей павіншавала Вольга Чарнавец, яна выступіла на ўрачыстасці з прыгожым танцавальным нумарам. Чаяпіцце за круглым сталом, цікавыя конкурсы і шчырыя віншаванні падрыхтавалі для сваіх наведвальнікаў арганізатары свята: загадчыца аддзялення дзённага прабывання для грамадзян пажылога ўзросту Надзея Мартынава, спецыяліст гэтага адддзялення Марыя Рэдзіка і медыцынская сястра Галіна Ганебная. Нязгаснай цікавасці да жыцця, здароўя і маладосці душы пажылым шаркаўчанам у першы кастрычніцкі дзень пажадалі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Віктаравіч Малюгін і старшыня раённага савета ветэранаў Галіна Мікалаеўна Філатава.

Шчырыя словы ўдзячнасці за арганізацыю цікавай праграмы для пажылых людзей наведвальнікі аддзялення выказалі дырэктару тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Іне Вячаславаўне Прыстаўка і цудоўным артыстам з гурта “Каліна” Васюкоўскага СДК. Фінансавую падтрымку для правядзення святочнай урачыстасці ў аддзяленні аказалі  старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Віктаравіч Малюгін і старшыня раённай арганізацыі “Белая Русь” Марыя Пратасьеўна Фёдарава.

А самі пажылыя людзі са словамі ўдзячнасці паведамілі, што аддзяленне — па-ранейшаму вельмі папулярнае сярод пенсіянераў.

— Мы з задавальненнем вяртаемся сюды зноў, чакаем новых сустрэч, — расказалі шаркаўчанкі, якія рэгулярна наведваюць аддзяленне. — Дзякуй за працу творчым і ініцыятыўным жанчынам Надзеі Мартынавай, Марыі Рэдзіка і Галіне Ганебнай. Яны арганізавалі сваю работу так, што мы заўсёды прыходзім у аддзяленне, як на свята. Спецыялісты падабралі “ключык” да кожнага пажылога чалавека, ніхто не застаўся без увагі, і ўсе мы знайшлі сабе занятак па душы. Бо ў аддзяленні заўсёды праводзіцца вельмі шмат як культурна-масавых, так і аздараўленчых мерапрыемстваў, сустрэчы з цікавымі людзьмі.

Напэўна, вы заўважалі, што пажылы чалавек, у якога ёсць пэўнае захапленне або занятак, выглядае лепш і маладзей, адчувае сябе больш упэўнена, пазітыўна адносіцца да жыцця і нават менш хварэе. Што гэта сапраўды так, упэўнены цяпер і многія шаркаўчанкі, якія з вялікім задавальненнем наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.
IMG_7716 (Копировать) IMG_7725 (Копировать) IMG_7726 (Копировать) IMG_7730 (Копировать) IMG_7738 (Копировать) IMG_7750 (Копировать) IMG_7752 (Копировать)IMG_7783 (Копировать)IMG_7780 (Копировать)



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *