Нядаўна старажытны горад Полацк гасцінна расчыніў дзверы і даверыў свае набыткі нашым цікаўным вачам.
Мы, вучні школы, вельмі чакалі гэты дзень, і ён, як і ўсё займальнае, праляцеў непрыкметна.
А зараз больш падрабязна. Першым прыпынкам быў манастыр Еўфрасінні Полацкай: кінуліся ў вочы цудоўныя, прыгожыя фрэскі. Уважліва праслухаўшы гісторыю асветніцы, наведалі храм, у якім знаходзяцца нятленныя мошчы святой. Пра гістарычнае мінулае Полацка расказалі музеі рыцарства і кнігадрукавання. Першы ўразіў нашых хлопчыкаў, кожны жадаючы змог прымерыць даспехі, патрымаць у руках сапраўдны меч. Музей кнігадрукавання выклікаў асаблівае захапленне, бо прысвечаны кнізе ва ўсіх яе аспектах. Вандруючы па яго залах, адчулі гонар за нашых асветнікаў: Францыска Скарыну, Сімяона Полацкага, Еўфрасінню Полацкую. Далей наш шлях ляжаў у самае доўгачаканае месца для ўсіх удзельнікаў паездкі — басейн. Пасля доўгай халоднай зімы было прыемна пакупацца і адпачыць. З выдатным настроем і жаданнем яшчэ падацца ў якое-небудзь падарожжа мы адправіліся дадому.
Экскурсія ўсім спадабалася, у нас была магчымасць акунуцца ў сваю гісторыю, мінулае. Бо бедны той, хто не мае скарбаў вечных — скарбаў душы.
Дарэчы, арганізавалі пазнавальную і цікавую экскурсію для нас “Ельня-Экатур” і адміністрацыя школы.
Дарына ЖУК,
вучаніца 8 класа Станіславоўскай БШ
