Набліжаецца вялікая гістарычная дата — 100-годдзе стварэння Камуністычнай партыі Беларусі. Свой пачатак яна бярэ 30 снежня 1918 года, калі ў Смаленску ХІ Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя Расійскай Камуністычнай партыі (бальшавікоў) аб’явіла сябе першым З’ездам камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі. Кіруючым органам стала Цэнтральнае Бюро, а яго старшынёй — Аляксандр Мяснікоў.
Пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі фарміраваліся эканамічныя функцыі рэспублікі, развівалася прамысловасць, сельская гаспадарка, навука, культура, адукацыя і медыцына.
Шаркаўшчынская камуністычная ячэйка створана ў красавіку 1919 года. Першым яе кіраўніком з’яўляўся Антон Татыржа. Мірнае будаўніцтва савецкай краіны спынілася нападзеннем нямецка-фашысцкіх захопнікаў 22 чэрвеня 1941 года. У час Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі раёна ствараліся і актыўна дзейнічалі падпольныя райкамы КПБ і УЛКСМ. Узначальвалі партыйныя органы ў той час Якаў Зелячонкаў і Акулаў.
Пасля вызвалення Шаркаўшчынскага раёна ад акупантаў яго жыхары прыступілі да аднаўлення народнай гаспадаркі, вяртання да мірнага жыцця. У розныя гады першымі сакратарамі раённага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі былі Цімафей Шарыпаў, Анатолій Шманцар, Мечыслаў Сезянеўскі. На жаль, усе яны ўжо пайшлі з жыцця, пакінуўшы за сабой яркі след у гісторыі развіцця Шаркаўшчынскага раёна.
Камуністычная партыя СССР спыніла сваю дзейнасць у жніўні 1991 года. 25 жніўня таго ж года прынята Пастанова Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь аб часовым спыненні дзейнасці Камуністычнай партыі ў нашай краіне. І толькі ў 1996 годзе дзейнасць кампартыі ў незалежнай Беларусі была адноўлена. Кропкай адліку існавання раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Рэспублікі Беларусь у Шаркаўшчынскім раёне лічыцца 2008 год. У цяперашні час яе кіраўніком з’яўляецца Мікалай Валянцінавіч Манкевіч.
Г. ФІЛАТАВА,
старшыня раённага савета ветэранаў.
