Шаркаўчане Аляксандр і Вольга Рамановічы пабывалі на сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з моладдзю

Актуальное

100_let_komsomoluУ дзень 100-годдзя Усесаюзнага Ленінскага камуністычнага саюза моладзі, 29 кастрычніка, у Палацы Незалежнасці адбылася сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі з актывам Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, з сучаснымі прадаўжальнікамі традыцый УЛКСМ. З усёй краіны з’ехаліся маладзёжныя актывісты на гэты знакавы форум. У складзе дэлегацыі Віцебскай вобласці былі і шаркаўчане — Аляксандр і Вольга Рамановічы з аграгарадка Радзюкі. Гэта сямейная пара добра вядома не толькі ў нашым раёне. На працягу трох год сям’я Рамановічаў з’яўлялася ўдзельніцай і пераможцай раённага і абласнога этапаў сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”. А ў 2016 годзе яны сталі заслужанымі пераможцамі рэспубліканскага этапу гэтага конкурсу. Пра паездку ў Мінск, удзел у сустрэчы актывістаў БРСМ з Прэзідэнтам краіны сваімі ўражаннямі з намі падзялілася Вольга Рамановіч, з якой мы сустрэліся адразу пасля вяртання са сталіцы.

— Скажыце, Вольга, што садзейнічала таму, што менавіта вам з мужам Аляксандрам надарылася такая цудоўная магчымасць трапіць на рэспубліканскі форум?

— Пра гэта нам напярэдадні паездкі ў Мінск паведаміў першы сакратар Шаркаўшчынскага райкама БРСМ Міхаіл Часлававіч Пугаўка. Мы былі дэлегаваныя ад нашага раёна ў намінацыі “пераможцы і ўдзельнікі рэспубліканскіх конкурсаў, праектаў і праграм ГА “БРСМ”.

— А з чаго пачыналася праграма знаходжання ў Мінску?

— Раніцай мы адправіліся на ўрачысты сход у Палац Незалежнасці, дзе прайшла сустрэча моладзі з Прэзідэнтам краіны Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам.

— Напэўна, для многіх гэта было вельмі хвалюючым момантам, бо большасць з прысутных упершыню мелі магчымасць сустрэцца і пагутарыць з кіраўніком дзяржавы?

— Безумоўна. Але хваляванне прайшло, бо Аляксандр Рыгоравіч размаўляў з намі на адной мове і навокал панавала атмасфера прыўзнятага настрою і пазітыву. У сумеснай гутарцы з Прэзідэнтам юнакі і дзяўчаты праявілі сябе як дастаткова сталыя, патрыятычна настроеныя асобы, з вызначанай грамадзянскай пазіцыяй, неабыякавыя да лёсу сваёй краіны.

— Пра што ішла гутарка з кіраўніком дзяржавы? Якія пытанні задавала моладзь Прэзідэнту?

— Размаўлялі шмат пра што. І пра святы, і пра будні. Гутарылі пра дасягненні і мэты, жаданні, мары і здзяйсненні. Наогул, пра тое, што цяпер хвалюе беларускае грамадства і, у першую чаргу, моладзь. У размове з Прэзідэнтам размаўлялі пра сямейныя каштоўнасці, развіццё валанцёрскага руху, закраналіся тэмы патрыятызму і любові да Радзімы.

— Што стала працягам мерапрыемства?

— Там жа, у Палацы Незалежнасці, найбольш здольныя прадстаўнікі маладога пакалення краіны прадэманстравалі свае дасягненні на невялікай выставе ўласных навыкаў ад прыкладнога мастацтва і рамёстваў да ўнікальных тэхналогій 3D-друку. А напрыканцы сустрэчы з Прэзідэнтам усе разам праспявалі некалькі камсамольскіх песень савецкіх часоў.

— Затым маладзёжных актывістаў краіны чакаў Палац Рэспублікі?

— Так, у другой частцы форуму мы наведалі галоўную канцэртную пляцоўку Беларусі — Палац Рэспублікі. Там адбыўся святочны канцэрт “Камсамолу — 100: Эстафета пакаленняў”. Незабыўныя ўражанні пакінула выступленне лепшых прафесійных калектываў, гуртоў і салістаў Беларусі. Свой талент са сцэны гледачам дарылі артысты Белдзяржфілармоніі, ансамблі песні і танцаў, канцэртныя аркестры, народныя і заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь, ВІА “Синяя птица” з Расійскай Федэрацыі.

— Па ўсім бачна, што вы засталіся задаволеныя ад паездкі на святкаванне стогадовага юбілею камсамола.

— Бясспрэчна. І за аказаны нам вялікі давер, за магчымасць трапіць на рэспубліканскі форум мы з мужам Аляксандрам выказваем словы ўдзячнасці першаму сакратару Шаркаўшчынскага райкама БРСМ Міхаілу Часлававічу Пугаўку. А яшчэ мы цвёрда ўпэўнены: тыя карысныя справы, якімі займаецца самая галоўная і шматлікая маладзёжная арганізацыя краіны — Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі — заўсёды будуць мець падтрымку з боку Прэзідэнта дзяржавы і прадстаўнікоў улады.

— Дзякуй, Вольга, за цікавую размову!

Гутарыў Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *