
Полацк — калыска беларускай духоўнасці. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, які прыняў удзел ва ўрачыстасцях з выпадку 1150- годдзя горада, лічыць, што ў гэтым горадзе абавязкова павінен пабываць кожны беларус, каб прыпасці да вытокаў яго айчыннай гісторыі, ганарыцца працавітым народам. Пацвярджэннем сказанаму стала святкаванне юбілею Полацка, на якім пабывалі сотні гасцей з розных краін свету. Такая магчымасць выдалася і прадстаўнікам ад нашага раёна. На “Шаркаўшчынскім падвор’і” быў арганізаваны гандаль таварамі райспажыўтаварыства, дэманстравалі свае музычныя таленты самадзейныя артысты. На працягу двух дзён (25 і 26 мая) спявалі песні ўдзельнікі народнага хору “Спадчына”. А Таццяна Лаздоўская і Алена Цітовіч правялі гульнёвую праграму “Маёвыя забавы”.
На галоўнай плошчы Свабода праходзіла абласное свята-конкурс “Грай, гармонік”, у якім прыняла ўдзел акампаніятар аўтаклуба метадычнага цэнтра Галіна Пятроўна Сафончык. Сцэна, дзе яна выступала, была аформлена даўнімі народнымі інструментамі, якія прывезлі з фонду музея культуры і быту аграгарадка Германавічы. У намінацыі “За зберажэнне беларускай народнай мелодыі” салістка-баяністка атрымала дыплом абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. А ў намінацыі “За творчае натхненне і арыгінальны музычны твор” квартэт прыпевачнікаў таксама ўзнагароджаны дыпломам ААМЦ.
З перамогай вас, творчыя людзі раёна!
Кацярына СОСНА
