У канцы снежня прайшоў ужо традыцыйны, чацвёрты турнір па таэквандо, прысвечаны памяці Героя Савецкага Саюза Рамана Сцяпанавіча Кудрына. Спаборніцтва не толькі прапагандуе здаровы лад жыцця сярод моладзі, але і выхоўвае ў падрастаючага пакалення пачуццё гонару за краіну, глыбокую павагу да подзвіга нашых землякоў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Турнір дае магчымасць маладым людзям адчуць важнасць і значнасць заняткаў па таэквандо, якія фарміруюць стойкасць, адказнасць і мужнасць. Пра гэта на адкрыцці турніру сказаў галоўны суддзя першынства Ігар Афанасьевіч Іваноў. На спартыўным мерапрыемстве прысутнічала нявестка Героя Савецкага Саюза Рамана Сцяпанавіча Кудрына Іна Сямёнаўна Кудрына. Яна расказала пра свайго сваяка, яго жыццё, сяброў, любімыя заняткі, а таксама пажадала ўдзельнікам турніру дастойнага выступлення і перамог.
Удзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Аўтарская турыстычная песня” раённага цэнтра дзяцей і моладзі разам з кіраўніком Наталляй Калесніковіч падарылі прысутным некалькі патрыятычных песень пад гітарны акампанемент.
У пачатку спаборніцтва малодшая група вучняў з пяці чалавек, якія восенню пачалі наведваць заняткі па таэквандо, здалі першы свой іспыт — атэстацыю на права нашэння бела-жоўтага пояса. Суддзі-экзаменатары задавалі хлопчыкам і дзяўчынкам тэарэтычныя пытанні, адсочвалі тэхніку ўдараў. У выніку кожны з іх атрымаў сертыфікат аб прысваенні дзявятага гыпа і права насіць белы пояс з жоўтай паласой.
Затым пачалося першынство сярод пятнаццаці хлопчыкаў і дзяўчынак 2003—2011 гадоў нараджэння ў вагавых катэгорыях ад 26 да 48 кілаграмаў і больш. Безумоўна, што падобныя турніры — найлепшы стымул для вучняў прадэманстраваць сваім бацькам, сябрам і знаёмым спартыўныя навыкі, якія яны змаглі атрымаць за перыяд навучання ў гуртку. Каманда суддзяў уважліва адсочвала баі юных спартсменаў, тэхніку ўдараў. Паядынак складаўся з трох раўндаў па паўтары хвіліны кожны. Гучныя апладысменты гледачоў, ускрыкі “Двай!”, “Ты пераможаш!” маральна падбадзёрвалі таэквандыстаў, вялі іх да перамогі.
Як і ў кожным відзе спорту, у таэквандо ёсць свае лідары і аўтсайдэры, пераможцы і пераможаныя. Пасля праведзеных паядынкаў журы падвяло вынікі спаборніцтва. Дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Аляксей Курачонак уручыў дыпломы маладым таэквандыстам, а тым, хто заняў першыя месцы ў сваіх вагавых катэгорыях, яшчэ і салодкія пачастункі, прадастаўленыя бацькоўскім камітэтам.
Першыя месцы ў турніры, прысвечаным памяці Героя Савецкага Саюза Рамана Сцяпанавіча Кудрына, занялі Арцём Сякерын, Віялета Жменчуроўская, Ягор Райчонак, Ягор Табола, Яна Сініца, Станіслаў Манулік, Юлія Кожан і Аляксандр Філіпёнак. Акрамя гэтага па ўмовах спаборніцтва лепшых таэквандыстаў чакалі і іншыя ўзнагароды. Кубкам “За волю да перамогі” ўзнагароджаны Ілля Грыгаровіч. Кубак “Лепшы баец турніру сярод хлопчыкаў” заваяваў Ягор Райчонак. Юная таэквандыстка Яна Сініца ўзнагароджана кубкам “Лепшы баец турніру сярод дзяўчынак”.
Сяргей РАЙЧОНАК.






































