Споўнілася 595 год з часу выдання паэмы беларускага паэта эпохі Адраджэння Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра”. Гэтаму твору было прысвечана мерапрыемства для вучняў 8 “Б” і “В” класаў сярэдняй школы № 1, якое прайшло ў дзіцячай бібліятэцы.
Бібліятэкар Людміла Аляксандраўна Казіцкая падрабязна расказала вучням пра стварэнне паэмы і яе сэнс. Мікола Гусоўскі напісаў гэту паэму ў Рыме, калі знаходзіўся там у складзе дыпламатычнай місіі Вялікага княства Літоўскага.
Аўтар дэталёва і падрабязна апісаў постаць, звычкі, нораў зубра — волата беларускіх лясоў, паляванне на яго. Увогуле, паэма стала песняй аб родным краі і яго народзе, роздумам пра лёс Радзімы, аб яе месцы на шляхах гісторыі.
У паэме гучыць патрыятычны заклік да яднання еўрапейскіх народаў перад пагрозай турэцкага і татарскага нашэсцяў, якая існавала ў тыя часы. Тут услаўляюцца мужнасць, патрыятызм. Адзін з галоўных герояў паэмы — князь Вітаўт. Аўтар падае яго як ідэальнага правіцеля, сапраўднага патрыёта, вернага традыцыям, праўдзівага і справядлівага, выдатнага кіраўніка Вялікага княства Літоўскага.
— Паэма вучыць нас любові да роднай зямлі, да свайго народа, яго гісторыі, культуры, — падкрэсліла Людміла Аляксандраўна. — Заклікае нас сумленна жыць, змагацца за справядлівасць і праўду, весці няспынную барацьбу за мір і свабоду, за святло і шчасце.
Сяргей РАЙЧОНАК.



