Заслужанымі аўтарытэтам і павагай сярод калег і пацыентаў карыстаецца намеснік галоўнага ўрача Шаркаўшчынскай ЦРБ Мікалай Манкевіч

Актуальное

Мікалай Манкевіч прымае віншаванні ад старшыні райвыканкама Мечыслава Морхата

Спецыфіка дзейнасці, яе тонкасці і нюансы, непрадказальныя сітуацыі, ды і проста звычайныя паўсядзённыя будні медыкаў яшчэ і яшчэ раз пацвярджаюць меркаванне, што яны — асаблівыя людзі. Нездарма аб іх прафесіі кажуць: “Богам дадзеная”. І гэта сапраўды так, бо працаваць з хворымі, быць у адказе за іх здароўе можа толькі той, для каго медыцына з’яўляецца прызваннем і справай усяго жыцця.
Менавіта да такіх людзей адносіцца Мікалай Валянцінавіч МАНКЕВІЧ. Пачынаўся яго працоўны “марафон” больш за 30 гадоў назад. А яго перадумовай, вытокам і крыніцай будучай прафесійнай плыні была юнацкая мара стаць урачом, якую паспяхова ўвасобіў у рэальнасць. Пасля заканчэння медінстытута вярнуўся на сваю малую радзіму, у наш раён, пачаў працаваць урачом-тэрапеўтам у паліклініцы. Адразу зарэкамендаваў сябе як выдатны доктар, неабыякавы і чулы да чужога болю. З цягам часу трапіць да яго на прыём жадаючых станавілася ўсё больш і больш. Трывалыя тэарэтычныя веды ўзбагачаліся практычным вопытам і ўзаемазносінамі з пацыентамі. Ужо шмат гадоў урачэбную практыку сумяшчае з адміністрацыйнай дзейнасцю на пасадзе намесніка галоўнага ўрача па лячэбнай рабоце. За гэты час яго імя стала асацыіравацца з медыцынай як адно цэлае, неразрыўнае паняцце. Мікалая Валянцінавіча добра ведаюць жыхары раёна, бо неаднойчы звярталіся за дапамогай. І як да выдатнага спецыяліста, высокакваліфікаванага доктара, і як да спагадлівага, чулага чалавека, які можа і ўмее падтрымаць не толькі сваім прафесійным майстэрствам, а і добрым словам, парадай.
У калектыве і сярод пацыентаў, ва ўсіх тых, хто добра ведае Мікалая Валянцінавіча, ён карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і прызнаннем. Паважаюць яго і за ўласцівыя яму інтэлігентнасць, глыбокую ўнутраную культуру і прыстойнасць.
Кожнаму чалавеку даецца магчымасць выбіраць свой шлях у жыцці, аднак далёка не ўсім шчасціць зрабіць гэта аднойчы і назаўсёды і быць паспяховым у сваёй дзейнасці. У Мікалая Валянцінавіча атрымалася менавіта так — мара, лёс і прызванне супалі ў адным, і прафесія медыка стала справай на ўсё жыццё.
Людміла ЛАТЫШОНАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *