Працоўную частку жыцця прысвяціў рабоце з фінансамі Мікалай Анатольевіч Падагель

Актуальное

32

Рэдка можна сустрэць чалавека, улюбёнага ў сваю працу. Тым не менш, такія людзі ёсць. Адзін з іх — Мікалай Анатольевіч Падагель — жыхар гарадскога пасёлка. Усю сваю працоўную частку жыцця мужчына прысвяціў рабоце з фінансамі, пра што ніколі не пашкадаваў.

Пасля заканчэння Іёдскай сярэдняй школы, як і шматлікія юнакі, Мікалай марыў насіць на плячах пагоны. Ездзіў у Саратаў, паступаў у ваеннае хімічнае вучылішча. На жаль, стаць курсантам прэстыжнай навучальнай установы так і не пашчасціла. Вярнуўся ў родную вёску Снегі да бацькоў. Яшчэ вучнем Мікалай вельмі любіў дакладныя навукі — алгебру, геаметрыю, з лёгкасцю рашаў задачы. Як высветлілася крыху пазней, менавіта схільнасць да матэматыкі і паспрыяла таму, што малады чалавек назаўсёды звязаў сваё жыццё з прафесіяй фінансіста.

Першым месцам працы Мікалая Падагеля стаў Іёдскі сельвыканкам, дзе ён займаў пасаду рахункавода-касіра. Як добрасумленнага і граматнага работніка яго хутка заўважылі ў Шаркаўшчынскім райфінаддзеле, куды і перавялі Мікалая. Было гэта ў далёкім 1967 годзе.

— З’яўляўся я тады інспектарам па бюджэце, — успамінае Мікалай Анатольевіч. — У мае абавязкі ўваходзіла правядзенне праверак у сельгаспрадпрыемствах правільнасці налічэння пенсій. Сачыў, як і іншыя спецыялісты, за выкананнем бюджэту раёна, вырашаў розныя пытанні. Раённы фінансавы аддзел у той час узначальваў Эдуард Пятровіч Гічык. А пачынаў я працаваць з кагортай маладых перспектыўных спецыялістаў: Віктарам Макаравічам Марозавым, Палікарпам Іосіфавічам Сцяпанавым, Канстанцінам Міхайлавічам Кухальскім. Дзейную дапамогу аказвалі больш вопытныя калегі — Ядзвіга Вітольдаўна Танканог, Раіса Іванаўна Мацкевіч і іншыя.

Крыху пазней я пачаў курыраваць фінансаванне мясцовай народнай гаспадаркі. Гэта ўключала ў сябе правядзенне рэвізій, праверак правільнасці расходавання бюджэтных сродкаў у раённай жыллёва-камунальнай гаспадарцы, райпаліўзбыце, кінасетцы, камбінаце бытавога абслугоўвання, калгасах і саўгасах і іншых арганізацыях гарадскога пасёлка і раёна.

Як мы даведаліся, Мікалай Анатольевіч заўсёды быў на добрым рахунку не толькі ў райфінаддзеле, але і сярод калег вобласці. Пра гэта сведчаць падзякі і ганаровыя граматы абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Двойчы аналізы фінансава-гаспадарчай дзейнасці, складзеныя ім па вызначаных прадпрыемствах, займалі першае месца ў абласных конкурсах.

Калі ў 1991 годзе была ўтворана раённая падатковая інспекцыя, Мікалай Анатольевіч перайшоў на працу туды ў якасці галоўнага падатковага інспектара аддзела падаткаабкладання фізічных асоб.

Службовыя абавязкі і функцыі засталіся амаль тыя ж самыя, якія ён выконваў і ў райфінаддзеле. На заслужаны адпачынак Мікалай Анатольевіч пайшоў у 2008 годзе, маючы за плячамі 41 год працоўнага стажу ў фінансавых органах.

— З вышыні пражытых гадоў смела магу сцвярджаць, што абраная мною прафесія стала для мяне справай жыцця, — упэўнена кажа мой суразмоўца. — А сэнс жыцця, канечне ж, у сям’і. Разам з жонкай Тамарай Уладзіміраўнай, з якой сёлета будзем адзначаць залатое вяселле, пабудавалі ўласны дом, выгадавалі дачку Алену, маем дзвюх унучак Анастасію і Дар’ю. Плануем абавязкова дачакацца праўнукаў. А большага шчасця і не трэба.

Сяргей РАЙЧОНАК.