
З 1 па 30 чэрвеня Шаркаўшчынская раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна са спецыялістамі Глыбоцкай міжраённай лабараторыі аналітычнага кантролю і супрацоўнікамі аддзелення ДАІ Шаркаўшчынскага РАУС праводзяць экалагічную аперацыю «Чыстае паветра». У яе межах у адзін з чэрвеньскіх дзён прадстаўнікі названых службаў занялі пост каля РДК. З дапамогай спецыяльных апаратаў — газааналізатар «Аўтатэст-01.02.М» для бензінавых і вымяральнік дымнасці «Мета-01МП0.1» для дызельных — яны замяралі ўзровень таксічнасці і дымнасці ў адпрацаваных газах аўтамабіляў.

— У ходзе рэйда мы праверылі 35 бензінавых аўтамашын, — расказвае галоўны спецыяліст райінспекцыі Пётр Ільіч Усцінаў. — У 2 з іх было зафіксавана перавышэнне ўзроўню ўтрымання СО (аксіду вугляроду), нагадаю, што нормай з’яўляецца 1,5 працэнта. З 18 правераных дызельных машын было выяўлена адно перавышэнне. Па дадзеных выпадках складзены адмінстрацыйныя пратаколы за парушэнне законаў РБ «Аб ахове навакольнага асяроддзя» і «Аб ахове атмасфернага паветра». Вадзіцелям, у аўтамабілях якіх выяўлена перавышэнне нормаў, было дадзена рэкамендацыя выправіць праблемы, якія прыводзяць да парушэння. Таксама наша група праверыла транспарт Шаркаўшчынскага філіяла ААТ АТП № 16 г. Глыбокае. Тут парушэнняў не выяўлена.
Нагадаем, што аперацыя «Чыстае паветра» праводзіцца ў мэтах узмацнення кантролю за аб’ёмамі выкідаў шкодных рэчываў у выхлапных газах аўтамабіляў і, адпаведна, памяншэння негатыўнага ўздзеяння на здароўе насельніцтва і навакольнае асяроддзе.
Андрэй БУРЭЦ
