“Афган” у памяці Станіслава Зубко

Актуальное

 

Воін-афганец Станіслаў Зубко.
Воін-афганец Станіслаў Зубко.

Зубко Станіслаў Яўгеньевіч нарадзіўся і вырас у невялікай вёсцы Баяры Германавіцкага сельсавета на беразе ракі Дзісна. Юнак пасля заканчэння Германавіцкай СШ у 1982 годзе вырашыў прысвяціць сваё жыццё вайсковай службе — стаць афіцэрам. Мару сваю ён ажыццявіў: паступіў у Калінінградскае ваеннае авіяцыйна-тэхнічнае вучылішча, атрымаў там званне лейтэнанта і быў размеркаваны на праходжанне далейшай службы ажно ў Забайкальскую ваенную акругу. Тады Станіслаў яшчэ не ведаў, што хутка давядзецца ваяваць на чужой зямлі, выконваючы загад вайсковага камандавання.

У горадзе Чыта лейтэнант Зубко з’яўляўся спецыялістам радыёэлектроннай апаратуры верталётнай эскадрыллі, рыхтаваў крылатыя машыны да вылету, сачыў за спраўнасцю сістэм навігацыі. І вось літаральна праз год паступіў загад асабоваму складу ўсёй эскадрыллі накіравацца ў Афганістан. На зборы далі толькі адны суткі.

— На ваенна-транспартных самалётах Іл-76 мы накіраваліся з Чыты ў Кабул з перасадкай у Ташкенце, — успамінае Станіслаў Яўгеньевіч. — На афганскай зямлі нашу эскадрыллю размеркавалі на аэрадром паблізу горада Кундуз. Пастаяннае месца дыслакацыі было даволі спакойным, толькі раз-пораз узнікалі сутычкі і перастрэлкі з незаконнымі бандфарміраваннямі. Тым не менш, на адным месцы мы не знаходзіліся. Для падтрымкі сухапутных сіл наша эскадрылля перыядычна змяняла аэрадромы, дапамагала з паветра весці баі. Некаторыя казалі, што эскадрылля з Чыты шчаслівая, бо за год знаходжання ў Афганістане ніхто з нашых салдат, афіцэраў не загінуў. Вось толькі амаль з кожнага баявога вылету верталёты вярталіся з мноствам прабоін на борце ад варожых куль. Добра памятаю, як пасля аднаго з чарговых вылетаў назад не вярнуўся верталёт Мі-8 з камандзірам суседняй эскадрыллі. Увесь экіпаж “вяртушкі” загінуў у баі з душманамі ў Панджшэрскай цясніне. Ведаеце, гэта вельмі жудасна ўспамінаць і праз гады, такое застаецца ў памяці на ўсё жыццё.

23 чэрвеня 1987 года наша эскадрылля вярнулася ў Чыту, у Афганістане нас змянілі іншыя лётчыкі. Яшчэ шэсць год я праслужыў у Забайкальскай ваеннай акрузе. Калі ў 1993 годзе надарылася магчымасць вярнуцца ў Беларусь, я прыехаў на радзіму. Паўгода служыў па сваёй спецыяльнасці ў ваенным пасёлку Баравуха пад Полацкам. У другой палове 1990-х гадоў у вучэбным цэнтры гарадскога пасёлка Калодзішчы прайшоў пераабучэнне і пяць год працаваў загадчыкам лабараторыі па рамонце вылічальнай тэхнікі.

Жыццёвыя абставіны склаліся так, што потым пераехаў на пастаяннае месца жыхарства на сваю малую радзіму, у бацькоўскі дом. Цяпер працую ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве. Часта прыязджае са сваёй сям’ёй дачка Наталля, якая пражывае ў пасёлку Рудня Смаленскай вобласці. Радуюць маленькія ўнукі Алёна і Кірыл. Гады ідуць сваёй чарадой, змяняюцца людзі, падзеі. Нязменнай застаецца толькі чалавечая памяць, якая праз дзесяцігоддзі захавала ўспаміны пра падзеі афганскай вайны, пра сваіх баявых таварышаў, сяброўства з якімі звязала нас назаўсёды.

Сяргей РАЙЧОНАК.