Галіна Уладзіміраўна і Міхаіл Нікадзімавіч Гарбачонкі з вёскі Галінова нядаўна адзначылі 59 год сумеснага жыцця. Сваю сям’ю яны стварылі ў далёкім 1960 годзе. А ведаюць адзін аднаго з самага дзяцінства, бо бацькі жылі на суседніх хутарах — у Галінове і Камароўшчыне. Муж і жонка ўжо даўно на заслужаным адпачынку. Яны вырасцілі 2 дзяцей. Зараз у іх чацвёра дарослых унукаў, сем праўнукаў. Вялікая сям’я Гарбачонкаў шчыра віншуе сваіх родных людзей з юбілейнымі днямі нараджэння: 8 лютага, 85-гадовы юбілей адзначае Міхаіл Нікадзімавіч. А 11 лютага 80 год споўніцца гаспадыні дома — Галіне Уладзіміраўне Гарбачонак.
— Наша маладосць выпала на складаныя пасляваенныя гады, — успамінае напярэдадні свайго юбілею Галіна Уладзіміраўна. — Усё жыццё шмат працавалі, падтрымлівалі адно аднаго, выхоўвалі дзяцей, потым унукаў, зрабілі ўсё магчымае, каб яны атрымалі адукацыю. У нас моцная сям’я, і ў наступным годзе абавязкова адзначым сваё “брыльянтавае вяселле”. Жыццё не было простым, але я вельмі рада, што свой жыццёвы шлях мы прайшлі разам з мужам.
Са словамі жонкі згодны і гаспадар дома, Міхаіл Нікадзімавіч Гарбачонак, за плячамі якога толькі 4 класы вучобы ў былой Камароўскай школе, а затым — аўташкола, якую паспяхова закончыў падчас тэрміновай воінскай службы ў Германіі. У артылерыйскіх войсках паблізу нямецкага горада Лейпцыга малады салдат адслужыў звыш 3 гадоў. Адтуль жа прывёз і баян, які цяпер беражліва захоўваецца ў сям’і Гарбачонкаў, ужо як рэліквія і напамін пра шчаслівыя гады маладосці. У сям’і Міхаіла Нікадзімавіча дзед і бацька выдатна ігралі на гармоніку, гэта майстэрства перадавалася ад бацькі — сыну, таму і для Міхаіла музыка заўсёды была любімым захапленнем.
Вучоба ў аўташколе падчас воінскай службы ў Германіі вельмі спатрэбілася і ў далейшым жыцці. У 1957 годзе юнак вярнуўся з арміі дадому, уладкаваўся на працу ў мясцовую гаспадарку, непрацяглы перыяд быў задзейнічаны на паляводстве. А потым на працягу амаль 40 гадоў на тэрыторыі былога калгаса імя Гагарына адпрацаваў вадзіцелем: спачатку ездзіў на ГАЗ-51, затым атрымаў ГАЗ-63. Перавозіў зерне, кармы для жывёлы, драўніну, іншыя грузы, заўсёды быў у ліку лепшых вадзіцеляў гаспадаркі, у якой адпрацаваў усё жыццё, да самага выхаду на заслужаны адпачынак.
Нялёгкае пасляваеннае дзяцінства было і ў Галіны Уладзіміраўны Гарбачонак. Пасля заканчэння Казакоўскай сямігодкі ў 16 гадоў дзяўчына ўладкавалася на працу ў калгас. Спачатку разам з іншай моладдзю, у якой на той час не было сродкаў вучыцца далей, была задзейнічана на палявых работах. Затым 5 гадоў адпрацавала даяркай. А потым завочна закончыла 10-гадовую школу ў Шаркаўшчыне і паступіла на бухгалтарскія курсы. Але ж у калгасе імя Гагарына свабодных бухгалтарскіх вакансій на той момант не было, і Галіна пайшла працаваць ветсанітарам на свінаферму. У хуткім часе паступіла і паспяхова закончыла Лужаснянскі сельгастэхнікум. Заатэхнікам, а потым і селекцыянерам адпрацавала на працягу 25 гадоў: спачатку ў калгасе імя Гагарына, а потым у суседнім — імя Леніна. Агульны працоўны стаж Галіны Уладзіміраўны ў сельскагаспадарчай вытворчасці раёна, як і ў яе мужа, налічвае звыш 40 гадоў. А яе імя неаднаразова было занесена на раённую Дошку гонару.
Амаль шэсць дзясяткаў гадоў муж і жонка пражылі разам. Разам, сярод сваіх родных, яны сустрэнуць і свае юбілейныя дні нараджэння. Для гэтай сямейнай пары чарговая адметная дата ў жыцці — гэта і падвядзенне вынікаў, і працяг вялікага шляху, на якім было шмат выпрабаванняў. З самага маленства муж і жонка шмат працавалі, трымалі вялікую гаспадарку, пры гэтым і ў горы і ў радасці заўсёды падтрымлівалі адно аднаго. Міхаіл Нікадзімавіч і Галіна Генадзьеўна выхавалі дзяцей і ўнукаў, дачакаліся ўжо семярых праўнукаў, аб якіх расказваюць з асаблівай цеплынёй. Дачка юбіляраў Іна Міхайлаўна звязала свой лёс з медыцынай. Звыш 30 гадоў яна працуе медыцынскай сястрой у дзіцячым (педыятрычным) аддзяленні Шаркаўшчынскай цэнтральнай раённай бальніцы. Сын Вячаслаў — падпалкоўнік у адстаўцы — разам з сям’ёй пражывае ў горадзе Сочы. Унукі ўжо таксама дарослыя, усе атрымалі добрую адукацыю, стварылі сем’і, знайшлі сваё месца ў жыцці. Для кожнага з іх старэйшае пакаленне сям’і заўсёды будзе прыкладам сапраўднага сямейнага шчасця. Бо 59 год разам — гэта цэлае жыццё, адно на дваіх.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.
