Праект “Супербабуля”, які стартаваў у СШ № 3 г. Глыбокае ў пачатку навучальнага года, працягваецца. Ужо не ў першы раз вучні запрашаюць у госці сваіх бабуль — цікавых, актыўных, творчых жанчын, якія расказваюць школьнікам пра сябе і свае захапленні. Днямі на сустрэчу з вучнямі 5—8 класаў прыехала з суседняга Шаркаўшчынскага раёна бабуля пяцікласніцы Уладзіславы Вайцюль — Надзея Іванаўна. Яна чалавек вельмі творчы, усё жыццё працуе ў сферы культуры, піша вершы, цудоўна спявае, таму сустрэча з ёй стала сапраўдным святам, святам фальклору і паэзіі.
Эмацыянальна і вельмі цёпла, дзе прозай, а дзе вершамі ўласнага сачынення, расказала Надзея Іванаўна пра сваё маленства і юнацтва, дзялілася цікавымі гісторыямі з жыцця, успамінала родных і блізкіх людзей, якія паўплывалі на станаўленне яе як асобы.
— Нарадзілася я ў прыгожай вёсачцы Вішнявец тагачаснага Браслаўскага раёна. Абапал “крывуліцы” (так здаўна называлі цэнтральную вуліцу нашай вёскі) раслі, невядома кім пасаджаныя, вішні. Было іх шмат і ў прысадах кожнай вясковай хаты. Той белы вэлюм майскага вішняку, той кісла-салодкі смак чырвонагрудых ягад мне запомніцца на ўсё жыццё.
…Успомню вішань рад, які вартуе
Сцяжынку, што да студні пралягла,
Бы сёстры, вішні радасна гамоняць,
І з імі я шчасліваю расла…
Маці ўспамінала, што хацела назваць мяне Клёняй (Клеапатрай), але ж бацька па дарозе ў Більдзюжскі сельсавет, які знаходзіўся за чатыры кіламетры ад нашай вёсачкі, забыўся мудрагелістае імя і запісаў мяне Надзейкаю. А можа, ён зрабіў гэта знарок — цяпер ужо аб гэтым ніхто не дазнаецца. Калі мне было два гады, я цяжка захварэла на запаленне лёгкіх. Ніхто ў Новапагосцкай бальніцы не думаў, што маленькае дзеўчынё выжыве. А я паправілася, толькі вось хадзіць перастала. Каб падняць на ногі, бацькі парылі мяне ў адвары агурэчніка, паілі казіным малаком, давалі рыбны тлушч. А яшчэ бацька спецыяльна прывёз з Лісіных ям жоўты пясочак. Калі пясок награваўся ад гарачых сонечных прамянёў, мяне садзілі ў яго, абсыпаючы да пояса. Прайшоў час, я стала на ножкі і ў другі раз навучылася хадзіць.
Добра помняцца дзіцячыя забавы. Разам з братамі гуляла “ў шпіёнаў”, у футбол, “у штэндара”. І сёння нібы адчуваю, як гучна білася, вырывалася ад хвалявання з грудзей сэрца, калі мы гулялі ў хованкі. Здавалася, што гэты стук выдасць мае сховы. Зімою мы коўзаліся па лёдзе, бавілі час на горцы. Дзядуля зрабіў мне вялікія санкі, на якіх змяшчалася чалавек пяць-шэсць. У мароз санкі імчалі амаль да самага нашага агародчыку. Аднойчы, убачыўшы, што яны лятуць якраз на электрычны слуп, усе з іх саскочылі, а я не паспела. Удар быў моцны. Санкі зламаліся, а я засталася без двух зубоў. Расла я вельмі жвавай, рухавай дзяўчынкай, здаралася, білася са старэйшымі дзецьмі, таму часта хадзіла ў сіняках. А вось бацькі, хоць я прыносіла ім шмат непрыемнасцей, ніколі не падымалі на мяне руку. Часта ўспамінаю, як мы са стрыечнай сястрой парэзалі маміну шыфонавую хустку, якую ёй прывезла цётка Тамара з Рыгі, і пашылі ляльцы сукенкі. Прыйшоўшы дадому, я па-дзіцячы схітрыла і сказала маме, што хустку пабіла перуном. Мама адказала: “Дзякуй Богу, што пярун цябе не зачапіў!” І я была так задаволеная, што мне паверылі!
Мая мамачка, Марыя Фёдараўна Шыман — самы дарагі для мяне чалавек. Заплюшчваю вочы і бачу, як яна дастае з печы чыгунок з капустай, налівае ўсім па талерцы і дае нам і бацьку па кавалачку мяса, а сама цярэбіць голую костку. Я прапаноўваю ёй сваю долю, але яна адмаўляецца, кажа, што дужа любіць костку. І я таксама ей веру… Толькі стаўшы мамай, зразумела, наколькі вялікім можа быць самаахвярнае сэрца матулі! А якія смачныя былі ў матулі дранікі, якія яна гатавала ў печы, адпраўляючы нас у школу.
…І нават у сталічных рэстаранах,
Дзе стравы надта модныя ядуць,
Такіх крамяных дранікаў духмяных
Нідзе, браточкі, вам не пададуць!…
Наша сям’я жыла ў дзядулевай хаце, якую ён пабудаваў сам. Дзядуля — Шыман Уладзімір Андрэевіч — быў майстрам на ўсе рукі.
…Мой дзед Уладзімір быў дужай пароды,
Бязрукім, нікчэмным не слыў цяльпуком,
Што хочаш змайструе без лішняй турботы,
Умелым і дбайным ён быў цесляром…
Часта ўспамінаецца мне дзядулева печ, дзе мы (я і тры мае браты) любілі бавіць час доўгімі зімовымі вечарамі і на якой часта грэла “сярэдзіну” бабуля Ульяна.
…Як цёпла было нам на печы,
Быў мяккім цагляны ляжак.
Здаваўся смачнейшым на свеце
Пасушаных яблыкаў смак…
У нас з братамі былі строга размеркаваныя хатнія абавязкі: хто прыносіў дровы, хто набіраў бульбу, хто павінен быў сячы ахрап’е, хто хадзіў за Пушынкай (так звалі нашу рыжую карову). За іх выкананнем пільна сачыла старэнькая бабуля Ульяна. Бабуля хадзіла за намі нібы тая квактуха за куранятамі, даглядала нас, карміла, павучала. Цяжар пражытых гадоў не сатрэ з памяці той чыгунок бялёнай “крухмалоўкі”, на якой мы выраслі, і вялікую мядніцу бабуленых бульбянікаў, крапаных капустай. Удосталь набегаўшыся і добра згаладаўшыся, мы з задавальннем упляталі бабуліны прысмакі.
Ад сваіх родных, у першую чаргу ад бацькі, я навучылася паважаць людей і працу кожнага чалавека, быць цярплівай і стараннай.
…А працу любіць навучаў мяне бацька,
Які не цураўся работы любой,
І зерне з сявенькі раскідваў ён шпарка,
І шчыра ўпраўляўся за плугам, сахой.
Улетку любіла глядзець на пракосы,
Якія так спрытна касою ён клаў,
Паілі душу яго светлыя росы,
Калі ён на працы на золку ўставаў…
А як я любіла спяваць! Ускочу на воз “тапарняку”, які бацька складзе ля хаты, і крычу на ўсю моц дзядулеву любімую песню “По диким степям Забайкалья…” Спявала, дапамагаючы матулі на ферме. У пятым класе мяне ўзяла з сабою ў Рыгу цётка Тамара. Працавалі яны з дзядзькам Іванам на ліцейным заводзе. Дзядзя Ваня ў “гарачым“ цаху, а цётка Тамара ў дыспетчарскай. Аднойчы яны ўзялі мяне з сабою на працу. Калі цётка Тамара выйшла з кабінета, я хуценька ўзлезла на пісьмовы стол і заспявала народную песню “Іванька маладзенькі…” Праз некалькі хвілін, павярнуўшы галаву, я ўбачыла ў дзвярах з дзясятак жанчын, якія апладыравалі. Я засаромелася, а цётка Тамара з гонарам заявіла: “Гэта мая племянніца — будучая артыстка!”
Прайшоў час. Артысткай я не стала, але ж сваё жыццё цесна звязала са сцэнай. Пасля заканчэння інстытута культуры стала працаваць мастацкім кіраўніком Ручайскага сельскага Дома культуры, а праз чатыры гады — дырэктарам Каўшэлеўскага Дома культуры, перайменаванага ў 2010 годзе ў Дом фальклору. Стварыла фальклорны гурт “Купалінка”, які з 2002 года носіць званне народнага, кірую дзіцячым фальклорным гуртком “Вяночак” Новапогосцкай школы. Мела гонар называцца “Жанчынай года Віцебшчыны”, з’яўлялася дэлегатам трэцяга Усебеларускага народнага сходу.
Падчас вучобы была магчымасць застацца працаваць у Мінску, але ж я вырашыла вярнуцца на радзіму. І сёння я шчаслівая, што хаджу па зямлі сваіх бацькоў і дзядоў, дыхаю паветрам маёй радзімы, чую родную гаворку, спяваю песні маёй матулі.
***
На сустрэчу з вучнямі СШ № 3, з аднакласнікамі сваёй унучкі Надзея Іванаўна прыехала не адна, а з групай падтрымкі — мастацкім кіраўніком Каўшэлеўскага Дома фальклору Ядзвігай Туронак і ўдзельніцай фальклорнага гурта “Калядзіца” Шаркаўшчынскага цэнтра рамёстваў Валянцінай Сякеркінай. Разам яны правялі для дзяцей майстар-клас па народных танцах. Ядзвіга Уладзіміраўна заліхвацкі іграла на гармоніку, а Валянціна Іванаўна і Надзея Іванаўна паказвалі дзеткам немудрагелістыя рухі народных танцаў.
Напрыканцы мерапрыемства на сцэну выйшла Уладзіслава Вайцюль. Яна падарыла бабулі кветкі і прызналася, што ганарыцца ёй і вельмі яе любіць. Між іншым, бабуля таксама можа ганарыцца сваёй унучкай. Уладзіслава актыўна ўдзельнічае ва ўсіх школьных мерапрыемствах, цудоўна чытае вершы і, як бабуля, добра спявае.
Н. ПАТРОЦЫНА,
настаўнік СШ № 3 г. Глыбокае, аўтар праекта “Супербабуля”.

