«Вырабляць экспартна-арыентаваны тавар»- такі прынцып узялі за аснову заснавальнікі ААТ “ДРЭЎ-ІНВЕСТ”

Актуальное

17 (Копировать)

Як адзначаюць эксперты, самы рэнтабельны бізнес у сучасных умовах жыцця — менавіта вытворчасць. Пры гэтым найлепшы варыянт — выпускаць прадукцыю на мясцовай сыравіне, а прадаваць — за мяжу. Адным словам, вырабляць экспартна-арыентаваны тавар. Такі прынцып узялі за аснову заснавальнікі ААТ “ДРЭЎ-ІНВЕСТ”, якія два гады таму на тэрыторыі вёскі Каўшэлева адкрылі невялікае дрэваапрацоўчае прадпрыемства. На сённяшні дзень пад кіраўніцтвам дырэктара Юліі Уладзіміраўны Казанцавай яно вырабляе паддоны на экспарт у краіны Еўрасаюза, займаецца вытворчасцю піламатэрыялаў і распілоўкай драўніны.

У штаце невялікага прадпрыемства — 20 чалавек. Гэта дырэктар Юлія Казанцава, майстар па вытворчасці Іван Бабоўскі і рабочыя дрэваапрацоўчага цэха — жыхары Шаркаўшчыны і прылеглых да Каўшэлева вёсак не толькі нашага, але і Міёрскага раёнаў. Са з’яўленнем новай вытворчасці  людзі атрымалі магчымасць уладкавацца на працу побач з домам. Размясцілася прыватная вытворчасць у пустуючых  памяшканнях сельскагаспадарчага прадпрыемства. У цяперашні час ААТ “Жвіранка” здае іх у арэнду.

— Адразу пасля адкрыцця спрабавалі працаваць з мясцовымі прадпрыемствамі, але такая дзейнасць амаль адразу ж аказалася  для нас стратнай, — расказала Юлія Казанцава. — Таму пераарыентаваліся на еўрапейскіх заказчыкаў. Апошнія паўтары гады супрацоўнічаем з Германіяй, менавіта там знайшлі рынкі збыту для сваёй прадукцыі.

Маладая жанчына з першых дзён заснавання ААТ “ДРЭЎ-ІНВЕСТ” стала яго дырэктарам. Некалькі год таму разам з сям’ёй яна пераехала ў наш рэгіён з Данецкай вобласці. На Украіне таксама займалася прадпрымальніцкай дзейнасцю, але зусім у іншай сферы, ажыццяўляла продаж брэндавых рэчаў для жанчын. Дрэваапрацоўкай ніколі раней не займалася. Але, як кажуць, вочы баяцца, а рукі ствараюць. У нашым раёне, дзе людзям таксама была патрэбна праца, вырашылі сумесна арганізаваць сваю вытворчасць, каб ні ад каго не залежаць, працаваць на сябе. Дамовіліся з арэндай памяшкання, перабудавалі яго пад сваю вытворчасць, закупілі самае неабходнае абсталяванне і тэхніку, своечасова заключылі дамоўленасці аб супрацоўніцтве, сабралі каманду, пачалі працаваць.

854 (Копировать)

— Прайшло ўжо два гады з таго часу, як мы ў Каўшэлеве адкрылі сваю вытворчасць, — адзначае дырэктар ААТ “ДРЭЎ-ІНВЕСТ” Юлія Казанцава. — І сёння яшчэ не магу сказаць, што гэты бізнес з’яўляецца для нас рэнтабельным. Пакуль што не хапае фінансавых сродкаў на мадэрнізацыю абсталявання. Але мы не апускаем рукі. Ёсць трапнае выказванне аб тым, што здольнасць людзей ажыццяўляць значныя учынкі залежыць ад таго, наколькі гэтыя людзі адчуваюць сябе адной камандай і ладзяць адзін з адным. Гэта пра нас. Усе нашы работнікі, заработная плата якіх яшчэ зусім невялікая, старанна працуюць, не шкадуючы ні сіл, ні ўласнага часу, каб наша вытворчасць развівалася і станавілася больш прыбытковай. Для гэтай мэты усім разам нам патрэбна яшчэ шмат чаго зрабіць. Вельмі ўдзячна ўсяму калектыву нашага прадпрыемства за шчырую сумленную працу, дзякуючы якой і ў няпростых эканамічных умовах наша вытворчасць не спыняецца і “ДРЭЎ-ІНВЕСТ” працягвае працаваць.

Яшчэ хачу адзначыць, што ў Шаркаўшчынскім раёне прадстаўнікам малога і сярэдняга бізнесу значную падтрымку аказвае раённы выканаўчы камітэт. Вельмі ўдзячна намесніку старшыні райвыканкама Ірэне Францаўне Бука, якая часта  запрашае нас да ўдзелу ў розных эканамічных форумах і, увогуле, заўсёды ў курсе нашых спраў. Словы шчырай падзякі хачу выказаць кіраўніцтву і супрацоўнікам прадпрыемства “Камплект-М”, куды мы звяртаемся за кансультацыйнай і юрыдычнай дапамогай і дзе нам ніколі не адмовілі, а заўсёды імкнуліся дапамагчы. Безумоўна, у нас сёння не самы лёгкі працэс. Наша прадпрыемства заключыла дамоўленасці з лясгасамі, дзе набываем драўніну. Самі таксама займаемся яе нарыхтоўкай. Каб зэканоміць, купляем дзялянкі на карані, нарыхтоўваем сыравіну для сваёй вытворчасці. Хоць і павольнымі крокамі, але паступова развіваемся. Бо з такім калектывам, які створаны ў нас, можна працаваць.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.