
Турыстычны злёт — гэта вялікая падзея ў жыцці моладзі раёна, яркае свята, якое дапамагаюць правесці кіраўнікі працоўных калектываў. Нягледзячы на матэрыяльныя цяжкасці, яны ствараюць умовы для самазацвярджэння, раскрыцця здольнасцей і талентаў моладзі. Аб усім гэтым падрабязна расказвае галоўны суддзя злёту Ігар ІВАНОЎ.
— Першыя конкурсы адзінай спартыўнай формы, эмблем і дэвізаў рэальна падкрэслілі клопаты кіраўнікоў аб моладзі і іміджы ўстаноў, арганізацый і сельгаспрадпрыемстваў. Дванаццаць каманд былі адзначаны першым месцам, астатнія сем — другім. Добры вынік. А ў наступным годзе павінна быць яшчэ лепш і цікавей. Па прапанове старшыні райвыканкама М. В. Морхата каманды на парад-адкрыццё будуць прадстаўлены ў колькасці не менш за 20 чалавек у параднай спартыўнай форме. Цудоўным абяцае быць турыстычны парад маладосці шаркаўчан.
На адкрыцці злёту прагучала прывітальнае слова кіраўніка раёна, узняты сцяг Беларусі, прадстаўнікі каманд усклалі кветкі да помніка ў гонар вызваліцеляў г. п. Шаркаўшчына. Потым арганізаваная калона турыстаў накіравалася да месца дыслакацыі на возера Царкавішча.
Перш за ўсё юнакі і дзяўчаты прывялі ў парадак свае турыстычныя лагеры, усталявалі касцёр «Дружбы» і добра парупіліся на працоўным дэсанце на абъекце прыдарожнага сэрвісу ў вёсцы Беляі. Такім чынам зрабілі добрую справу і ўнеслі свой годны ўклад у добраўпарадкаванне родных мясцін.
Кантрольна-турыстычны маршрут
Праграма спаборніцтваў у першы дзень пачалася з кантрольна-турыстычнага маршруту. Удзельнікам гэтых спаборніцтваў можна сапраўды выказаць сваё захапленне. Бо ў нас часцяком кажуць: «Цяперашняя моладзь наогул ні на што не здольная». А гэтая моладзь, рухаючыся ў лесе па карце і компасе, ды яшчэ пад праліўным дажджом, усе адзначаныя аб’екты знайшла, грэблю навяла і балота прайшла, «маятнікам» водную перашкоду пераадолела, на бівуаке мокрыя да ніткі пад цэбрам вады з неба вогнішча з першай запалкі развяла, палатку ў тэмпе вальса паставіла, уменне даўрачэбную дапамогу аказаць прадэманстравала, атрутныя і ядомыя расліны вызначыла і г. д. Усе 19 каманд з заданнямі справіліся паспяхова. Увогуле дзейнічалі не горш сапраўдных беларускіх партызан. І, думаю, нашым дзядам, якія ваявалі ў Вялікую Айчынную і бацькам, якія прайшлі выпрабаванне ў Афгане было б не сорамна за новае пакаленне моладзі! А лепшы час на трасе КТМ паказала каманда «КПЗ» у складзе Андрэя Ласоўскага, Аляксандра Маліноўскага, Паўла Лазовіка, Аляксандра Мацкевіча, Алёны Неміровіч і Ілоны Мішута. Другое месца заняла каманда «ВІКТОРЫЯ», на трэцім радку замацаваліся турысты «SOS».
Пляжны валейбол
Не пуставала ў турлагеры і самая вялікая паляна. Тут былі абсталяваны чатыры пляцоўкі для пляжнага валейбола. У спаборніцтвах жанчын вызначылася каманда «Раісы» у складзе Рымы Івановай і Юліі Курыловіч. На другой прыступцы валейбалісткі «КПЗ», на трэцяй — «КНЯЖА».
У мужчын не было роўных Уладзіміру Осіпаву і Раману Пучынскаму з «КНЯЖА», на другой і трэцяй пазіцыях размясціліся валейбалісты з каманд «САЮЗ» і «ШІК». Палова гульняў у валейболе таксама прайшла пад крапіны дажджу, аднак валейбалісты хутка прыстасаваліся і па-ранейшаму радавалі сваёй гульнёй.
Водна-зямное пола
Практычна ўвесь пляж быў запоўнены ўдзельнікамі і балельшчыкамі ў

час правядзення водна-зямнога пола. Гэта быў выхад накапіўшыхся эмоцый. Яркая, сілавая, камбінацыйная гульня каманд вельмі часта выклікала апладысменты балельшчыкаў, асабліва калі цуды на пляцоўцы тварылі дзяўчаты, не ўступаючы ў спрыце і хітрасці вядзення паядынкаў прадстаўнікам моцнай паловы чалавецтва. Дзяўчаты нават воднага хрышчэння не пабаяліся, ды ў вадзе было і цяплей, чым на ветраным і дажджлівым беразе. А пераможную кропку ў гэтай дуэлі сенсацыйна паставіла каманда «НАДЗЕЯ» у складзе Леаніда Крыўко, Уладзіміра Мілянцея, Вадзіма Гембіцкага, Ілоны Недзведзь, Ірыны Вайцяховіч і Дзіяны Верамеевай. У тройцы прызёраў “САЮЗ” і “SOS”.
Дартс
Аматары дартса таксама выбралі для сябе ўтульнае мястэчка на беразе возера і да вечара змагаліся за званне самага трапнага. У выніку за 1—3 месцы ў асабістым першынстве ўзнагароджаны Маргарыта Жарыкава («ДАВАТАРСКІ»), Валянціна Шокель («ЖВІРАНКА»), Алёна Малкова («ЗАВАДНЫЯ»), Андрэй Татаровіч («ВІКТОРЫЯ»), Уладзімір Меляшчук («САМАРОДАК»), Леанід Крыўко («НАДЗЕЯ»). У камандным першынстве перамогу святкавалі турысты «ВІКТОРЫІ», «КНЯЖА» і «НАДЗЕІ».

Мастацкая самадзейнасць
Першы светлавы дзень завяршыўся конкурсам мастацкай самадзейнасці.

Выкарыстоўваючы свабодны жанр, каманды павінны былі прадставіць сваю візітную картку, прысвечаную Году спорту і здаровага ладу жыцця ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў. У ёй гісторыя, культура, традыцыі, славутасці калектыву, рэклама спорту і здаровага ладу жыцця. Лепш за ўсё гэта атрымалася ў настаўнікаў Радзюкоўскай школы і прадстаўнікоў КУВСП імя Маркава. Раней на турзлётах гэта каманда нават у прызёрах не была. А лаўрэатамі дыпломаў другой ступені сталі адразу тры каманды: “КПЗ”, “SOS”, “ШІК”. Дыпламантамі трэцяй ступені сталі: “БРСМ”, “ВІКТОРЫЯ”, “ЁЛКІ-ПАЛКІ”, “КАМЕТА”, “КНЯЖ”, “САЮЗ”. Конкурс мастацкай самадзейнасці непрыкметна перайшоў на танцавальныя мелодыі дыскатэкі. І хоць усю ноч ліў дождж, хлопцы і дзяўчаты “зажигали” у танцы да раніцы. Вярталіся ў палатачныя гарадкі, дзе іх чакалі смачныя шашлыкі, спечаная на вуголлях бульба і цудоўныя песні пад гітару, затым зноў збіраліся на цэнтральнай паляне ля кастра “Дружбы” і, пасябраваўшы з дажджом, зноў танцавалі і весяліліся.
Віктарына
Нядоўгі сон турыста. Вось ужо мегафон галоўнага суддзі выклікае на ўдзел у віктарыне “Віцебшчына Алімпійская”. Амаль 100 чалавек збіраюцца на паляне і прамяніста адзін аднаму ўсміхаюцца, бо радасць — раніцай з’явілася і прыгрэла яркае сонейка. Ну а пытанні пра землякоў-алімпійцаў для большасці — гэта не праблема. Асабліва свае добрыя веды дэманстравалі настаўнікі першай школы з “САЮЗА”. Каманды “ШІК” і “КПЗ” таксама выйшлі ў лідары.
Конкурсная акцыя “Мой турыстычны лагер без смецця, алкаголю і тытунёвага дыму”
Найбольш цікавыя і вясёлыя мерапрыемствы па ўмацаванню здаровага ладу жыцця арганізавалі “КПЗ”, “SOS”, “ЗАВАДНЫЯ”, “САЮЗ”. Тут традыцыйна каманды наведвалі сваіх суседзяў, тэатралізавана абменьвалі цыгарэты на цукеркі, дарылі антынікацінавыя пластыры. І ўсё гэта з песнямі, жартамі і звонкім смехам. Культурны адпачынак з турыстскімі песнямі пад гітару ля кастра, печанай бульбай і шашлыкамі, шахматна-шашачные баталіі, рытуалы пасвячэння ў сапраўдныя турысты — усё гэта стала добрай альтэрнатывай звыкламу баўленню часу са спіртным. У гэтым годзе над дыскатэкай і палаткамі ўжо не лунала сізае цыгарэтнае воблака дыму. Арганізатары злёту стымулявалі тых, хто не паліць, а для аматараў пакурыць былі адведзены спецыяльныя пляцоўкі ў бяспечных месцах.
Спартыўнае арыентаванне
На ўскрайку лесу з картамі і компасамі сабралася турыстычная эліта, якая на “ты” размаўляла з лесам, не баючыся яго таямніц і нечаканасцей. Прыгожа і цікава было проста паназіраць. Час ад часу на прасеках узнікалі фігуры арыенціроўшчыкаў, якія чаравалі над картамі, а затым па партызанску зноў раствараліся ў пошуках кантрольных пунктаў. Не ўсім удзельнікам хуценька адкрываў свае таямніцы лес. А вельмі моцна “пасябравалі” з ім Таццяна Васілевіч (SOS), Ірына Рымдзёнак (ШІК), МАРЫНА ФЁДАРАВА (КНЯЖ), Андрэй Ласоўскі (КПЗ), Аляксандр Магаліцкі (САЮЗ) і Дзіма Цыркін (ПМК-68), якія і сталі пераможцамі ў асабістым спаборніцтве. У камандным заліку першае месца заняў “ШІК”, на другім “КПЗ”, на трэцім “КАМЕТА”.
Водна-турыстычнае мнагаборства
Колькі шоргату сярод яго ўдзельнікаў было на беразе. Бо хоць сонейка і свяціла ярка, але вецер быў прыстойны і хвалі на возеры падобныя на марскія. Спачатку іх паспрабавала ў адзіночку ўтаймаваць леташняя пераможца Людміла Рагачэўская, затым адважна пазмагалася з хвалямі галоўны бухгалтар ААТ «Ельня-Агра” Зоя Пажарская. Разам са сваім напарнікам яны ўпэўнена пераадолелі ўсе вароты з вехамі, прадэманстраваўшы клас усім баязліўцам. Натхнёныя іх прыкладам не спасавалі затым і Анна Новікава з Юрыем Казарыным з «КПЗ». У іх і аказалася першае месца. У тройку лепшых увайшлі таксама каманды «SOS” і “КНЯЖ”.
Вела-турыстычнае мнагаборства
У спаборніцтвах па велатурызму ў выніку напружанай барацьбы першае месца ў жанчын заняла Аляксандра Губская (КПЗ), другое — Алёна Губская (КПЗ), трэцяе — Люба Лагун (КНЯЖ). У мужчын чэмпіёнам стаў Міхаіл Буйка (ЮДЫЦЫНА), за ім — Андрэй Дзянісаў (ШІК) і Мікалай Талапіла (ЁЛКІ-ПАЛКІ). Пераможцы ў камандным першынстве — “САЮЗ”, “КПЗ”, “ЮДЫЦЫНА”.
Газета
Адлюстраванне найбольш яркіх падзей і цікавых момантаў злёту з дапамогай малюнкаў, карыкатур і сяброўскіх шаржаў, вершаў і, безумоўна, тонкага гумару. Усё гэта можна было ўбачыць у нашых газетах. А сапраўднымі тытанамі мастацкай выдумкі сёлета сталі турысты з каманд “САЮЗ” і “SOS”. Прыкладна роўнымі ў сваім саперніцтве былі “ШІК” і “ДСУ-26”. У іх другое месца. А трэцімі сталі “ЁЛКІ-ПАЛКІ” і “КПЗ”.
Юшка і шашлык
У мінулым годзе па ініцыятыве старшыні райвыканкама М. В. Морхата на злёце ўпершыню быў праведзены гэты конкурс. Сёлета кіраўнікі працоўных калектываў таксама далучыліся да цікавага маладзёжнага свята. Разам са сваімі камандамі яны рыхтавалі смачныя і арыгінальныя стравы, потым афармлялі і абаранялі шэдэўры кулінарнага мастацтва ў музычнай і вершаванай формах перад судзейскай калегіяй, што аб’ядноўвала кіраўнікоў і прадстаўнікоў маладога пакалення, дазваляла ім разам далучыцца да актыўнага здаровага ладу жыцця. А перамогу ў гэтай няпростай барацьбе на конкурсе святкавалі каманды “САЮЗ”, “SOS” і “КПЗ”. На сярэбраную прыступку п’едэстала ўзышлі “БРСМ”, “ДСУ-26”, “ВІКТОРЫЯ”, “ШІК”. Забранзавелі турысты “САМАРОДКА” і “ЁЛКІ-ПАЛКІ”.

Быт
У конкурсе быту судзейская камісія вывела ў лідары ўдзельнікаў турзлёту з ААТ “Ельня-Агра” і Зоркаўскай СШ. У іх лепш за ўсё былі вырашаны пытанні па выкананню санітарна-гігіенічных нормаў захоўвання і падрыхтоўкі ежы, па пажарнай і экалагічнай бяспецы. У спалучэнні з арыгінальнасцю афармлення лагера гэта і прынесла ім першае месца. Другім радком завалодала дружына «ВІКТОРЫІ», трэцім “ЖВІРАНКА”, “САЮЗ” і “SOS”.
Армрэслінг
Традыцыйна турзлёт заканчваецца спаборніцтвамі па сілавых відах спорту. Тут раўнадушных няма як сярод удзельнікаў, так і балельшчыкаў. Эмоцыі бралі верх і апісаць іх няма магчымасці. Усё лепш бачыць уласнымі вачамі. Тым больш што ў паядынках як мужчын, так і жанчын з’явіліся сенсацыі. Павел Яблонскі з “КНЯЖА” стаў другім, а званне мацнейшага заваяваў Дзяніс Пятроў з “НАДЗЕІ”. Новае імя з’явілася і ў трэцім радку. Асілак са “ЖВІРАНКІ” Станіслаў Жменчуроўскі не мае вялікага вопыту і яшчэ саступае, але заяўкі на будучыя перамогі робіць добрыя.

Таццяна Сілава (само прозвішча кажа за сябе) — новая зорка Шаркаўшчынскага армрэстлінгу з “КАМЕТЫ” змагла адолець нават неаднаразовую чэмпіенку раёна і абласнога турзлёту Таццяну Буйко з “ДБУ-26”, якой дасталася трэцяе месца. Відовішчны быў паядынак! А другое ганаровае месца пакінула за сабой Валянціна Абрамава з “САЮЗА”.
Перацягванне каната
Тут таксама чуць не адбылася сенсацыя. У адной спробе з фінальнага паядынка “ЁЛКІ-ПАЛКІ” перацягнулі самых моцных асілкаў з “КНЯЖА”. Але поспех быў часовым. Каманда “КНЯЖА”, якую ўзначальвае сам кіраўнік гаспадаркі Віктар Уладзіміравіч Крыўко, у трэцяй вырашальнай сутычцы адсвяткавала перамогу. У складзе непераможнай княжыцкай каманды акрамя яе кіраўніка выступілі браты Павел і Уладзімір Яблонскія, Уладзімір Осіпаў, Андрэй Мацвееў, Іна Трапачка і Анна Жвірба. Трэцяе месца на канаце заняла каманда “САЮЗ”.

Падводзім вынікі
Два дні турзлёту праляцелі імгненна. Яго арганізатары (аддзелы па справах моладзі, фізкультуры, спорту і турызму, культуры, адукацыі, ідэалагічнай работы райвыканкама, райкам БРСМ, райсавет ДТСААФ) падвялі вынікі. Намеснік старшыні райвыканкама А. А. Цітовіч уручыў камандныя і асабістыя ўзнагароды пераможцам. Сёлетні турыстычны злёт стаў гісторыяй. Застаецца падзякаваць усім удзельнікам і суддзям за тое, што годна змагаліся і судзілі, што не “апусцілі крылы” падчас буяніўшай непагадзі. Асаблівыя словы падзякі арганізацыям і прадпрыемствам, аказаўшым значную дапамогу ў падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемства. З усімі вамі плённа, цікава і прыемна працаваць.
Выніковая табліца
1. “КПЗ” — РАУС+Ахова+аддзел культуры+Беларусбанк.
2. “SOS” — райбальніца+РАНС.
3. “ШІК” — райвыканкам і яго аддзелы.
4. “САЮЗ” — СШ № 1+ДРБУ-131+Шаркаўшчынарайгаз+Болкалаўская БШ.
5. “КНЯЖ” — ААТ “Княж”+Германавіцкая СШ+Сталіцкая БШ.
6. “ЁЛКІ-ПАЛКІ” — ААТ “Ельня-Агра”+Зоркаўская СШ.
7. “ВІКТОРЫЯ” — СШ № 2+ПМС.
8. “ПМК-68” — Шаркаўшчынская ПМК-68.
9. “НАДЗЕЯ” — ААТ “Буеўшчына”+Іёдская СШ.
10. “САМАРОДАК” — ААТ “Агратэхсэрвіс”+Велікасельская СШ+Навасельскі СДК.
11. “БРСМ” — КУВСП “Гарадзец”+Лужкаўская СШ+Улінаўская БШ+Стральцоўская БШ.
12. “ЖВІРАНКА” — ААТ “Жвіранка”+Більдзюжская СШ.
13. “ЮДЫЦЫНА” — ААТ “Юдыцына”+Лонская БШ.
14. “ДБУ-26” — ДБУ-26.
15. “ДАВАТАРСКІ” — ААТ “Даватарскі”.
16. “ЗАВАДНЫЯ” — кансервава-агароднінасушыльны завод+РЭС.
17. “РАІСЫ” — райспажыўтаварыства.
18. “КАМЕТА” — УКП ЖКГ.
19. “ТУРСЛЕД” — КУВСП імя Маркава+Радзюкоўская БШ.
Не ўдзельнічалі ў злёце ААТ “Васюкі” і Александроўскі дом-інтэрнат.
Бліц-апытанне
У чым жа сакрэт поспеху нашых лепшых каманд? Якія ўражанні аб злёце моладзі? Пажаданні ўдзельнікам злёту.
На гэтыя пытанні адказалі некалькі прадстаўнікоў каманд-пераможцаў.
Павел Грыгаровіч, Іван Пачкоўскі, Анна Новікава, Юлія Палялейка — лідары каманды “КПЗ”:
— У гэты раз нам удалося сабраць вельмі згуртаваную, дружную і моцную каманду. Поспех быў заснаваны на ўпэўненасці і ўзаемнай падтрымцы. У камандзе вельмі добразычлівыя адносіны, атмасфера цёплая і сяброўская. На спаборніцтвы выбіралі самых падрыхтаваных удзельнікаў. Мы некалькі разоў выязджалі ў лес на трэніроўкі з картай і компасам. У цэлым турзлёт — гэта зарад бадзёрасці і добрага настрою. Нягледзячы на тое, што нервуешся, рыхтуешся да конкурсаў і спаборніцтваў, перажываеш за каманду, ты ўсё роўна адпачываеш душой і целам так, што не апісаць словамі. Турзлёт — выдатнае мерапрыемства. Усім удзельнікам поспеху, цярпення і імкнення да перамогі.
Станіслаў Стома, Алёна Курыловіч, Валерый Ліпскі — лідары каманды “SOS”:
— На працягу 3 гадоў утрымліваем 2 месца, імкнемся заняць першае. Поспеху дабіліся дзякуючы адказнаму падыходу да арганізацыі ўдзелу ў злёце, зладжанай працы ў камандзе і жаданні перамагчы. Уражанні самыя станоўчыя, нягледзячы на ўмовы надвор’я. Маса прыемных эмоцый, успаміны на ўвесь год. Пажаданні на будучыню — улічваць экстрэмальныя ўмовы надвор’я. Удзельнікам турзлёту — здаровага ладу жыцця!
Ірына Рымдзёнак, Наталля Турчынская, Дзмітрый Зеляпужын, Аляксей Курачонок — лідары каманды “ШІК”:
— Галоўнымі фактарамі поспеху сталі — згуртаванасць, узаемадапамога і ўменне супрацьстаяць цяжкасцям. Уражанні пазітыўныя, нягледзячы на ўмовы надвор’я. Кожны змог праявіць свае лепшыя спартыўныя і чалавечыя якасці. Усім удзельнікам раённага турыстычнага злёту — новых спартыўных дасягненняў і ўдалага выступлення камандзе Шаркаўшчынскага раёна на абласным турыстычным злёце-2012!

Приношу свои извинения,искренне.
sanya7-skuns i.(замяли)
Leon — тролль 7-го уровня
sanya7 и Igor это один человек.Иногда он думает головой,а иногда задом.
Igor, я хочу жить в той Шарковщине (с добрыми, бескорыстными, с идеологией в душе людьми), которую Вы постоянно описываете.
А лаўрэатамі дыпломаў другой ступені сталі адразу тры каманды: “КПЗ”, “SOS”, “ШІК”. Дыпламантамі трэцяй ступені сталі: “БРСМ”, “ВІКТОРЫЯ”, “ЁЛКІ-ПАЛКІ”, “КАМЕТА”, “КНЯЖ”, “САЮЗ”.
Так зачем остальные места? Как такое может быть????!
Видите, уже тогда знали, что победит команда КПЗ, поэтому и взяли крупным планом.