Ва ўрочышчы Вараб’ёвы горы ў Гарадку 23 лютага прайшло абласное спартыўна-мастацкае свята “Віцебская лыжня — 2019”. На старт выйшлі больш чым 800 чалавек з 80 каманд, якія прадстаўлялі абласныя і рэгіянальныя органы ўлады, працоўныя калектывы і ўстановы адукацыі.
Каманду Шаркаўшчынскага раёна ўзначаліў старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Міхайлавіч Ламака. У складзе зборнай раёна разам з ім выступілі галоўны спецыяліст аддзела арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці упраўлення па сельскай гаспадарцы і вытворчасці райвыканкама Валерый Аркадзьевіч Катовіч, галоўны спецыяліст фінансавага аддзела райвыканкама Іван Антонавіч Клімза і начальнік аддзела пенсій і грашовых дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Алена Багуславаўна Аляхновіч.
Галоўнай падзеяй “Віцебскай лыжні” сталі шэсць забегаў 4х1 км. У лыжнай гонцы раённых выканаўчых камітэтаў каманда з Шаркаўшчыны заваявала 11 месца. У тройку лідараў лыжнай эстафеты ў гэтым годзе ўвайшлі Гарадоцкі (1 месца), Ліёзненскі (2 месца) і Віцебскі (3 месца) райвыканкамы.






