Сярод больш чым шасцідзесяці шаркаўчан, якія прайшлі дарогамі афганскай вайны 1979—1989 гадоў, ёсць і імя жыхара вёскі Алашкі Аляксандра Алегавіча Рымшы. Даўно хацелася напісаць пра гэтага чалавека, жыццё якога было вельмі кароткім: ён сустракаў усход сонца і праводзіў яго за блакітны небасхіл толькі на працягу 31 года — столькі мала яму было адмерана лёсам на зямлі.
Маці Аляксандра, Здзіслава Іосіфаўна, пражывае ў Алашках, на самым ускрайку некалі вялікай і шматлюднай вёскі. Калі не стала некалькі год таму назад Алега Іванавіча — спадарожніка жыцця Здзіславы Іосіфаўны — жанчына не згадзілася пераязджаць да дачкі Наталлі ў Жукоўшчыну. Адзінота яе зусім не палохае, ды і Наталля з мужам і дзецьмі прыязджаюць амаль кожны дзень, каб праведаць Здзіславу Іосіфаўну. Прыехалі ў адзін з дзён і мы, каб жанчына падзялілася ўспамінамі пра сына Аляксандра.
— Мае сыны Сяргей і Аляксандр нарадзіліся ў вёсцы Ліпаўкі Завуцьеўскага сельсавета, што на Міёршчыне. Сяргей з’явіўся на свет у 1963 годзе, а праз год нарадзіўся Аляксандр. У 1973 годзе наша сям’я пераехала ў Алашкі. Я стала настаўнічаць у Слабадской сярэдняй школе, а муж Алег Іванавіч працаўладкаваўся ў калгас “Іскра”. Аляксандр, як і старэйшы сын Сяргей, вучыўся нядрэнна. Часта ў дзённіку прыносіў дамоў чацвёркі і пяцёркі па школьных прадметах. Наогул, з Сяргеем яны былі не проста братамі, а неразлучнымі сябрамі. Разам з ахвотай дапамагалі па гаспадарцы, рана навучыліся запрагаць каня, разам хадзілі ў лес па грыбы і ягады, удваіх бегалі на вясковае возера парыбачыць на самоў. Так непрыкметна дзяцінства і прайшло.
Пасля школы Саша пайшоў вучыцца на нафтавіка ў Наваполацк. Адтуль вясной 1983 года і быў прызваны ў армію. Трапіў служыць у 350-ы Гвардзейскі парашутна-дэсантны полк 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай дывізіі. Ён добраахвотна запісаўся ў школу сяржантаў, меркаваў, што будзе вучыцца ў Латвійскай ССР, але выйшла зусім наадварот. У вучэбны цэнтр па падрыхтоўцы малодшага камандзірскага складу Аляксандр трапіў ажно ў Туркменію.
Вось што пра гэта ўспамінае брат Аляксандра Сяргей:
“У Афганістане мой брат апынуўся восенню 1983 года. З гэтай паўднёвай краіны ён часта дасылаў свае лісты бацькам у Алашкі і мне ў Маскву, дзе я працаваў і вучыўся. Але пра баявыя дзеянні нічога не паведамляў. Дасылаў у канвертах фотанегатывы, каб я дапамог з іх зрабіць фотаздымкі, даслаў іх потым бацькам, малодшай сястры Наташы і саслужыўцам у Афганістан. Саша з’яўляўся сапёрам, камандзірам інжынернай машыны. Разам са сваімі саслужыўцамі праводзіў размініраванне дарог, шляхоў для бяспечнага руху савецкіх войск, транспартных калон, кожны дзень рызыкаваў уласным жыццём. А яно, дарэчы, заўсёды было побач са смерцю. Брат некалькі разоў быў паранены, атрымаў кантузію. У адным з кровапралітных баёў з душманамі загарэўся яго БТР. І толькі дзякуючы надзейнаму сябру, які выцягнуў з палаючай машыны беспрытомнага Аляксандра, ён застаўся жывы.
Праз некаторы час, калі Аляксандр пасля дэмабілізацыі вярнуўся дамоў, яму ўручылі ордэн Чырвонай Зоркі.
Я разумеў, што баявыя дзеянні не пакідаюць добрых успамінаў, таму не настойваў, каб Саша расказваў пра Афганістан. Такога ж меркавання прытрымліваліся і бацькі. А вось армейскіх песень ён ведаў вялікае мноства. Яшчэ ў школьныя гады навучыўся іграць на гітары, і гэта ў яго цудоўна атрымлівалася. Бачыліся мы з братам рэдка, у асноўным падчас майго прыезду з Масквы да бацькоў у водпуск. Тады абавязкова прасіў яго ўзяць у рукі гітару і заспяваць. У той час я нават зрабіў некалькі запісаў песень у выкананні Сашы на магнітафонную касету.
Жыццёвыя выпрабаванні, якія выпалі на долю брата, у тым ліку і вайна ў Афганістане, на жаль, негатыўна адбіліся на яго асабістым лёсе, здароўі. Ён вельмі рана пайшоў з жыцця, але я заўжды буду ганарыцца сваім братам — Аляксандр сапраўдны воін-дэсантнік. А пакуль пра чалавека памятаюць — ён жывы, ён побач з намі…”
Падчас размовы Сяргей прачытаў некалькі радкоў з верша, які сам напісаў у гады армейскай службы на Байкануры.
Я нарадзіўся ў Беларусі,
Дзе шмат азёр, лясоў густых.
Я нарадзіўся ў Беларусі
І не забыць мясцін мне тых.
Я помню возера,
Куды калісьці на рыбу з братам я хадзіў,
І лес, дзе ў апалым лісце грыбы шукаць любіў.
Сяргей РАЙЧОНАК.

