Чарговае пасяджэнне Шаркаўшчынскай раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі прайшло 29 сакавіка ў малой зале райвыканкама. Удзел у ёй прынялі прадстаўнікі партарганізацыі раёна, ветэраны кампартыі, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў.
У пачатку пасяджэння першы сакратар раённай арганізацыі КПБ Мікалай Валянцінавіч Манкевіч уручыў юбілейныя медалі “100 год БССР” старшыні райвыканкама Дзмітрыю Міхайлавічу Ламака і старшыні раённага Савета дэпутатаў Уладзіміру Серафімавічу Шпяцу. Узнагароджаныя выказалі словы падзякі ў адрас актыву грамадскага аб’яднання, пажадалі ўсім прадстаўнікам партыйнай арганізацыі далейшай плённай працы на карысць раёна і яго жыхароў.
Пра падрыхтоўку да святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гарадскім пасёлку і раёне прысутным паведаміла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Уладзіміраўна Стома.
У працяг дадзенай тэмы выступіла Іна Нікандраўна Бруйка. 19 сакавіка споўнілася 75 год з моманту вызвалення вязняў канцэнтрацыйнага лагера смерці “Азарычы”, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны размяшчаўся на тэрыторыі Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Іна Нікандраўна падрабязна расказала пра стварэнне нямецка-фашысцкімі захопнікамі лагера смерці, пра людзей, якія там утрымліваліся, і пра іх вызваленне салдатамі Чырвонай Арміі.
15 сакавіка споўнілася 25 год з моманту прыняцця Асноўнага Закона нашай краіны — Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Мікалай Валянцінавіч Манкевіч у сваім дакладзе паведаміў пра асноўныя моманты распрацоўкі, стварэння і прыняцця галоўнага нарматыўна-прававога акта рэспублікі.
Таксама ў час пасяджэння былі заслуханы меркаванні прысутных аб правядзенні мерапрыемстваў да юбілейнай даты вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прывядзення ў належны стан воінскіх пахаванняў, месцаў воінскай славы.
Сяргей РАЙЧОНАК.