Настаўнік фізкультуры Германавіцкай сярэдняй школы Пётр Рубніковіч расказвае пра спартыўныя дасягненні сваіх выхаванцаў

Спорт

будучыя чэмпіёнкі школы — вучаніцы 5 класа Карына Мядзелец і Крысціна Філіпёнак са сваім трэнерам Пятром Пятровічам Рубніковічам

Жыццё большасці школьнікаў распісана літаральна па хвілінах. Нагрузка з кожным годам узрастае, а часу на адпачынак, фізічныя практыкаванні і гульні на свежым паветры становіцца ўсё менш і менш. Каб актуальная праблема сучаснасці не стала заканамернасцю, у школах раёна працуюць адданыя сваёй справе людзі, выдатныя настаўнікі і лепшыя спартсмены раёна, якія ўласным прыкладам імкнуцца прадэманстраваць дзецям, што камп’ютарныя гульні ніколі не заменяць футбол ці валейбол, а заняткі спортам на прыродзе — усё ж  лепшы спосаб адпачынку. Гэта добра ведаюць і маладыя спартсмены нашага рэгіёна, былыя і сённяшнія германавіцкія школьнікі, выхаванцы Пятра Пятровіча РУБНІКОВІЧА — трэнера ДЮСШ і настаўніка фізічнай культуры Германавіцкай сярэдняй школы.
— Пётр Пятровіч, скажыце, калі ласка, якім відам спорту аддае перавагу моладзь аграгарадка Германавічы?
— Найбольшай папулярнасцю сярод дзяцей і падлеткаў школьнага ўзросту па-ранейшаму карыстаюцца валейбол, баскетбол, лёгкая атлетыка. Акрамя заняткаў па фізкультуры, для вучняў з 5 па 11 клас працуюць спартыўныя секцыі па названых відах спорту.
— На рахунку германавіцкіх дзяцей вялікая колькасць перамог у спаборніцтвах розных узроўняў. Назавіце найбольш значныя з іх.
— Прыемна адзначыць,што за апошнія 9 год у круглагадовай спартакіядзе сярод вучняў сярэдніх і базавых школ юныя спартсмены з Германавіч на працягу 6 разоў былі абсалютнымі пераможцамі і 3 разы станавіліся сярэбранымі прызёрамі. Такі высокі рэзультат стаў магчымым дзякуючы неаднаразовым перамогам нашых дзяцей у спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, валейболу, баскетболу, тэнісу, шашках і шахматах, дапрызўнай падрыхтоўцы і іншых відах спорту. Акрамя гэтага, дзяўчаты аграгарадка Германавічы з’яўляюцца прызёрамі вобласці па валейболу і баскетболу, а юнакі — чэмпіёны вобласці ў спаборніцтвах па валейболу па месцу жыхарства.
— На вашу думку, ці дастатковая ўвага надаецца развіццю фізічнай культуры і спорту на тэрыторыі  раёна?
— Як кажуць, для ўдасканальвання межаў не існуе. Упартая праца, настойлівасць і цярпенне дапамогуць падлеткам рэалізаваць свае таленты і жаданні, паказаць сілу і ўменне. А мы, настаўнікі, павінны дзецям у гэтым дапамагчы. Лічу, што значную, сістэматызаваную работу ў развіцці спорту нашага рэгіёна праводзяць дырэктар ДЮСШ Наталля Анатольеўна Арэшкава, былы дырэктар гэтай установы, а зараз трэнер Вячаслаў Васільевіч Кабелка, начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Ігар Афанасьевіч Іваноў, многія іншыя людзі, якія за сваю працу заслугоўваюць шчырых слоў удзячнасці. Зараз з асаблівай цеплынёй успамінаю гады дзейнасці ў Сталіцкай базавай школе. Дырэктар гэтай навучальнай установы Вера Каетанаўна Лапацкая заўсёды надавала належную ўвагу фізічнаму развіццю і выхаванню моладзі і гэта, безумоўна, правільна. Пра здароўе дзяцей трэба клапаціцца загадзя.
— Успомніце, калі ласка, сваіх лепшых вучняў, дасягненнямі якіх вы сёння можаце ганарыцца.
— Адразу азначу, што выдатных рэзультатаў у спорце дасягнулі многія юнакі і дзяўчаты — выпускнікі нашай школы. Узгадаць імёны ўсіх проста не дазволяць старонкі газеты. У ліку лепшых спартсменаў Германавіцкай школы, за 13 гадоў маёй працы ў гэтай навучальнай установе, хачу назваць Дзмітрыя Міхалёнка — прызёра Рэспублікі Беларусь па скачках у вышыню, кандыдата ў майстры спорту, Віталія Александровіча — неаднаразовага чэмпіёна Беларусі па спартыўнай хадзьбе, яго брата Яўгена Александровіча — прызёра рэспублікі па ваеннаму мнагаборству ў складзе каманды Віцебскай вобласці, Юрыя Хрытаненку — прызёра Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы і многіх-многіх іншых. Сярод маіх вучняў — 12 закончылі або вучацца зараз на факультэце фізічнага выхавання ва ўніверсітэтах Полацка і Віцебска, трое атрымалі сярэднеспецыяльную адукацыю ў Полацкім педагагічным каледжы, яшчэ трое — працягваюць вучобу ў вучылішчы алімпійскага рэзерву.У якасці будучай прафесіі факультэт фізвыхавання, у асноўным, выбіраюць для сябе дзяўчаты. Юнакі, у большасці сваёй, аддаюць перавагу сілавым структурам, нямала сярод маіх спартсменаў і эканамістаў, праграмістаў, супрацоўнікаў банкаў. Як бачна, захапленне спортам не перашкаджае чалавеку дасягнуць поспеху ў іншых сферах дзейнасці, а хутчэй наадварот. Менавіта спорт умацоўвае здароўе і характар, дапамагае кожнаму з нас заставацца больш устойлівымі да неспрыяльных фактараў навакольнага асяроддзя.
— Сярод сённяшніх школьнікаў і нядаўніх выпускнікоў назавіце найбольш перспектыўных маладых спартсменаў.
— Не сакрэт, што колькасць вучняў у школах раёна з кожным годам памяншаецца, і гэты фактар, канечне, адмоўна ўплывае на развіццё спорту. Але ўсё ж адчайвацца не варта. Гонар школы і аграгарадка Германавічы заўсёды дастойна абараняюць нашы лепшыя маладыя спартсмены, якія ўжо сёння дасягнулі значных вышынь. У іх ліку Яўген Сапун — прызёр Рэспублікі Беларусь па бегу на 5 кіламетраў, Вольга Фёдарава — чэмпіёнка вобласці, удзельніца першынства Беларусі па лёгкай атлетыцы, Арцём Клімза — чэмпіён Беларусі па спартыўнай хадзьбе і Ірына Гінько — чэмпіёнка вобласці па гэтаму віду спорту, Аксана Віткоўская — член зборнай Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта па баскетболу і футболу і многія іншыя. Хутка і юная змена падрасце. Таму ўсе прадпасылкі для новых спартыўных перамог у Германавіцкай сярэдняй школе ёсць.
— Дзякуй за размову!
Гутарыла Вольга СТАШЭЎСКАЯ



3 комментария по теме “Настаўнік фізкультуры Германавіцкай сярэдняй школы Пётр Рубніковіч расказвае пра спартыўныя дасягненні сваіх выхаванцаў

  1. Побольше бы таких, как Петр Петрович у нас в районе! Этот человек действительно самоотверженно предан спорту. У него есть СВОЯ СИСТЕМА работы с детьми! На таких как он и держится наш Шарковщинский спорт!!! Хочу поблагодарить Петра Петровича за все что он сделал для Шарковщинского края и пожелать ему новых достижений и побед !!!

  2. Германовическим детям, (да и Лужковским) можно только обзавидоваться. Так держать и дальше!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *