На базе Валожынскага сельвыканкама адпрацавалі схему работы пункта збору і адпраўкі звольненых у запас пры ўзнікненні надзвычайнай сітуацыі

Актуальное

У свой час Напалеон Банапарт выказаўся так: “Народ, які не хоча карміць сваю армію, будзе карміць чужую”. Гэтыя словы не страцілі сваёй актуальнасці і цяпер, хаця мы жывём у незалежнай Рэспубліцы Беларусь і ніхто не збіраецца арганізоўваць ваенныя дзеянні супраць беларускага народа. І тым не менш, порах заўсёды патрэбна трымаць сухім, а тэарэтычныя веды рэгулярна падмацоўваць практычнымі дзеяннямі.
Па беларускаму тэлебачанню штотыднёва трансліруецца перадача “Арсенал”. Тэорыя, адпрацоўка дзеянняў і ўзаемадзеянняў на палігонах, падвядзенне вынікаў. Даволі часта ўздымаецца тэма прыцягнення на такія заняткі тых, хто даўно страціў сувязь з Узброенымі сіламі і займаецца мірнай стваральнай працай. А як ім дзейнічаць пры аб’яўленні “надзвычайных няштатных сітуацый”, хто павінен займацца вырашэннем шматлікіх арганізацыйных пытанняў?
Зыходзячы з усяго сказанага вышэй, на базе сельвыканкамаў, згодна з адпаведнымі рашэннямі райвыканкамаў, разгортваюцца пункты збору і адпраўкі звольненых у запас пасля тэрміновай ваеннай службы з радоў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Некалькі раней супрацоўнікі райваенкамата, які ўзначальвае ваенны камісар падпалкоўнік Андрэй Вітольдавіч Дубовік, узбагачалі персанал сельвыканкамаў тэарэтычнымі ведамі, а 22-га чэрвеня спалучылі іх з практычнымі дзеяннямі і сфарміравалі агульную схему работы пункта збору і адпраўкі на базе Валожынскага сельскага Савета.
Прадстаўнік ваеннага камісарыята Віцебскай вобласці, начальнік 2-й групы ўліку і прадназначэння афіцэраў запасу мабілізацыйнага аддзела Наталля Валер’еўна Жандарава і намеснік ваеннага камісара раёна Ігар Уладзіміравіч Крылоў паставілі перад супрацоўнікамі пункта збору і адпраўкі канкрэтныя задачы пасля атрымання ўмоўнай уводнай.
Каля дзвюх гадзін доўжылася іх работа, у час якой адбылося разгортванне пункта збору, апавяшчэнне ваеннаабавязаных пасыльнымі, прыбыццё іх на пункт і адпраўка разам з суправаджаючымі, пасля фарміравання каманд, на пункт збору Шаркаўшчынскага райваенкамата. Дзейнасць аддзяленняў апавяшчэння мабілізацыйных рэсурсаў, розыску ваеннаабавязаных, яўкі і адпраўкі мабілізацыйных рэсурсаў, упраўлення пункта, як і ў цэлым пункта збору і адпраўкі Валожынскага сельскага выканаўчага камітэта была ацэнена даволі высока, што і падкрэсліла пры падвядзенні вынікаў Н. В. Жандарава.
Аналагічныя практычныя заняткі на базе іншых сельвыканкамаў раёна, згодна з загадам ваеннага камісара вобласці будуць праведзены да 30-га верасня бягучага года.
Эдуард КОРСАК



1 комментарий по теме “На базе Валожынскага сельвыканкама адпрацавалі схему работы пункта збору і адпраўкі звольненых у запас пры ўзнікненні надзвычайнай сітуацыі

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *