Сёння амаль у кожнай сям’і захоўваецца які-небудзь выраб саломапляцення – стары бабулін кораб, лялька, шкатулка, сучасная мастацкая аплікацыя з саломкі або дэкаратыўнае пано. Штосьці ў іх ёсць прыцягальнае, што не дазваляе праявіць абыякавасць да карпатлівай ручной працы. Вырабы з “беларускага золата” – саломкі, загадкавым чынам вабяць, кранаюць за жывое, а яшчэ з’яўляюцца ўвасабленнем сваёй, адметнай, нацыянальнай культуры і багатай традыцыйнай спадчыны. Так лічыць і наша зямлячка, шаркаўчанка Ала Нікіфараўна Леднік, якая на працягу 40 гадоў адпрацавала ў сельскагаспадарчай вытворчасці раёна. А калі выйшла на заслужаны адпачынак, захапілася творчасцю. І вось ужо на працягу 12 гадоў у раённым цэнтры рамёстваў жанчына стварае надзвычай прыгожыя работы, у большасці сваёй — аплікацыі з саломкі.
“Золата роднай зямлі” – гэта выстава твочых работ Алы Нікіфараўны. Яна адкрылася 30 красавіка ў раённым цэнтры рамёстваў у сувязі з юбілеем аўтара. Павіншаваць Алу Нікіфараўну з адметнай датай у жыцці і адкрыццём яе персанальнай выставы завітала шмат гасцей: былыя калегі па працы, сябры і родныя, а таксама ўвесь дружны калектыў раённага цэнтра рамёстваў, у складе якога Ала Нікіфараўна Леднік працуе ўжо шмат гадоў. Менавіта ў калектыве майстроў ў поўнай ступені раскрыўся талент гэтага творчага чалавека , а любімае захапленне стала часткай прафесійных абавязкаў.
У дзень адкрыцця выставы шмат цёплых свой у свой адрас Ала Нікіфараўна пачула ад шматлікіх гасцей, якія прысутнічалі на мерапрыесмстве. Шчырыя словы віншаванняў і свае найлепшыя пажаданні юбілярцы адрасавала начальнік аддзела ідалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Уладзіміраўна Стома, якая адзначыла што работы Алы Нікіфараўны за гады яе працы ў раённым цэнтры рамёстваў упрыгожылі ўжо не адну выставу далёка за межамі нашага раёна.Неаднаразова прыгожыя кампазіцыі з саломкі менавіта гэтай жанчыны ў якасці сувеніраў ад шаркаўшчынскага краю уручаліся дэлегацыям замежных гасцей, у тым ліку прадстаўнікам Літвы, Латвіі і Расіі. Сама ж Ала Нікіфараўна – незамянімы ў сферы культуры нашага раёна чалавек.
З юбілейным днём нараджэння Алу Нікіфараўну павіншавалі намеснік дырэктара раённага Цэнтра культуры па народнай творчасці Вікторыя Казіміраўна Дубоўская,шаркаўшчынскі мастак Віктар Фёдаравіч Крук, калегі па працы і сяброўкі, з якімі шмат гадоў адпрацавала ў сферы сельскай гаспадаркі раёна, юныя вучаніцы Алы Нікіфараўны, для якіх яна праводзіць майстар-класы і вучыць усяму, што ведае сама. Прыемным сюрпрызам для юбіляркі стаў музычны падарунак ад усяго творчага калектыву раённага цэнтра рамёстваў, які шчыра павіншаваў жанчыну ў дзень адкрыцця яе прыгожай выставы.
Усё ж такі ёсць у саломцы добрая энергія, якая перадае сваю сілу чалавеку,-упэўнена сама Ала Нікіфараўна. Шмат гадоў адпрацаваўшы аграномам, аднойчы з іншага пункту гледжання яна зірнула на пшанічнае поле, што ў сонечных промнях пералівалася золатам і перламутрам , і паспрабавала стварыць свае самыя першыя работы, якія і сёння ў памяці.
Захапленне творчай жанчыны падтрымлівае сям’я – муж Браніслаў Канстанцінавіч Якубоўскі і дачка Алена, якую маці навучыла ўсяму, што ведае сама, і зараз вельмі ганарыцца дачкой. Алена — капітан міліцыі, старшы інспектар прафілактыкі Першамайскага РАУС горада Віцебска. Вялікі і прыгожы букет са 101 чырвонай ружы, , атрыманы ад дачкі ў дзень юбілею, стаў яшчэ адным упрыгожваннем выставы, у склад якой увайшлі лепшыя работы Алы Нікіфараўны Леднік, зробленыя з нашага “беларускага золата”.
Наведаць выставу “Золата роднай зямлі” ў раённым цэнтры рамёстваў могуць усе жадаючыя.













