У краіне набірае сілы будатрадаўскі рух. Штогод улетку студэнты маюць магчымасць падзарабіць і цікава адпачыць. У ліпені студэнцкія атрады пачалі працаваць у Шаркаўшчынскім раёне. Адзін з аб’ектаў, дзе яны задзейнічаны, — гэта будаўніцтва жывёлагадоўчага комплексу ў Пашках (ААТ “Агратэхсэрвіс”).
На аб’екце ў Пашках 13 ліпеня працавалі 10 маладых людзей. Усе яны — студэнты-першакурснікі Віцебскай ветэрынарнай акадэміі. Працоўны дэсант на Шаркаўшчынскай зямлі распачаўся 4 ліпеня і працягнецца да 20-га.
На момант наведвання ўсе да аднаго студэнты шчыра працавалі. Яны займаліся бетаніраваннем падлогі ў адным з памяшканняў. Хлопцы працавалі, як кажуць, з аддачай. Таму кожны дзень імкнуліся зрабіць паболей — ад аб’ёмаў залежыць заробак.
Падчас гутаркі высветлілася, што студэнты забяспечаны ўсім неабходным спецінструментам і інвентаром. Своечасова падвозіцца бетонны раствор. Ад будучых ветурачоў патрабуецца толькі старанна працаваць. Кантроль за якасцю выконваемых работ ажыццяўляе спецыяліст-будаўнік — прараб. Дарэчы, нараканняў на працу прадстаўнікоў Віцебска няма — маладыя людзі працуюць добрасумленна.
Пацікавіўся пра бытавыя ўмовы. Студэнты жывуць у Болкалаўскай БШ. Арганізавана трохразовае харчаванне — абед прывозіцца на аб’ект. У лазню ездзяць у Шаркаўшчыну. Працоўны дзень з 8 да 17 гадзін.
Будучыя ветурачы знаходзяць час для адпачынку. У гэтым ім дапамагае начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама І. А. Іваноў і першы сакратар райкама БРСМ Дзмітрый Туронак. Маладыя людзі пабывалі на Браслаўшчыне, дзе змаглі адпачыць на возеры. Увечары хлопцы гуляюць у футбол, валейбол, ловяць рыбу.
Уладзімір Абраменка з Віцебска адзначыў, што паехаў у будатрад, каб падзарабіць. “Тут і адпачыць можна: свежае паветра, рыбалка, сябры”, — дадаў студэнт-першакурснік. Дзмітрый Платніцкі заўважыў, што ўпершыню пабываў на Браслаўскіх азёрах, пра якія так шмат чуў.
Сярод будучых ветурачоў ёсць тыя, хто знаёмы з бетоннымі работамі — Андрэй Салагуб быў задзейнічаны ў Віцебску на будоўлях. Трэба адзначыць, што хлопцы працавалі з захапленнем. Усе сур’ёзна адносіліся да справы, бо кожны ведаў, з якой мэтай прыехаў у Шаркаўшчынскі раён. Як хтосьці зазначыў, праз некалькі гадоў самім давядзецца працаваць на падобных жывёлагадоўчых комплексах.
Аляксандр БАРЫЛА





добрым словом!
А чем именно «дапамагае начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама І. А. Іваноў і першы сакратар райкама БРСМ Дзмітрый Туронак»?