У пачатку сёлетняга года прайшлі творчыя вечары некаторых удзельнікаў народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”. Так, прыхільнікаў вершаванага радка сабралі Міледзій Кукуць, Надзея Паляк, Таццяна Еўдакова. Сваіх сяброў і неабыякавых да паэзіі людзей запрасіла на сустрэчу і Людміла Ардынская. “Пад сузор’ем Стральца” — так называлася літаратурна-музычная гасцёўня.
Назву мерапрыемству дала сама Людміла Іосіфаўна, таму што нарадзілася яна ў пачатку снежня.
У снежні маці нарадзіла пад сузор’ем —
Я веру ў лёс — яго Стральцом завём.
Цікаўны месяц назіраў і зоры,
Як спавілі й накрылі шынялём.
Ад бацькоўскага парога пайшла Людміла ў вялікае жыццё, якое рыхтавала ёй не толькі іспыты, выпрабаванні, але і маленькія радасці. У час навучання ў школе захапілася паэзіяй, пачала пісаць першыя вершы. Сваёй роднай Глыбоччыне Людміла Ардынская прысвяціла шмат твора. Горад гэты і цяпер у яе снах і мроях, дзе цвітуць сады, сінеюць азёры, зіхацяць бліскучыя зоркі на небе.
“Успаміны бацькоў — мая спадчына”, — напіша пазней у адным са сваіх вершаў Людміла. Яна раней вельмі часта прыязджала на Полаччыну, на радзіму сваіх бацькоў. Сама там некаторы час жыла і працавала, друкавалася ў раённай газеце.
Але большая частка жыцця прайшла ў Шаркаўшчынскім раёне, які для Людмілы стаў нібы другой радзімай. Тут яна пасябравала з творчымі людзьмі. Вершы Людмілы Ардынскай пакладзены на музыку. Гэтыя песні выконваюць на творчых вечарах, раённых мерапрыемствах. Яны ўвайшлі ў рэпертуар аматарскага аб’яднання “Душэўная ўтульнасць”, асобных выканаўцаў — работнікаў устаноў культуры раёна.
Маё сяло, у ім мне жыць,
Дзе родны дом і дзе павольна
Рака Бярозаўка бяжыць,
Шуміць калоссем спелым поле.
Тут, у аграгарадку пад назвай Радзюкі, ствараліся на працягу апошніх чатырнаццаці гадоў вершы, набірала сілу і майстэрства паэтычнае слова. Людмілу Іосіфаўну цікавіць гістарычнае мінулае Радзюкоў. Са сваімі краязнаўчымі артыкуламі яна друкавалася ў газетах “Вольнае Глыбокае”, “Звязда”.
Жанры яе паэтычнай творчасці не абмяжоўваюцца толькі вершамі. Ёсць балады, паэмы, казкі, паданні. Апавяданні для дзяцей і дарослых — спроба пяра ў празаічным жанры. І гэта ў Людмілы Іосіфаўны атрымліваецца.
Наперадзе яшчэ шмат задумак у паэтэсы, шмат мар, якія яна хоча ажыццявіць. Спадзяёмся, што ўсё задуманае ў яе атрымаецца і шаркаўшчынскі чытач прачытае новыя творы Людмілы Ардынскай.
А. МІХАЙЛАВА,
кіраўнік народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”.