
Магазін №44 у Вялікім Сяле знаходзіцца на добрым уліку ў кіраўніцтва райспажыўтаварыства, з удзячнасцю адклікаюцца пра яго работу і пакупнікі, агульная колькасць якіх складае больш за 300 чалавек. У магазіне працуе 3 чалавекі. Таццяна Аляксандраўна Грыгаровіч на пасадзе загадчыцы ўжо 10 гадоў, добра ведае сваіх пакупнікоў, іх густы. Увесь гэты час яна працуе у тандэме з прадаўцом Алай Аляксандраўнай Ластаўка, з якой, апроч дзелавых, усталяваліся добрыя сяброўскія адносіны. За парадак і чысціню у памяшканні адказвае тэхнічны работнік Вольга Еўдакімава.
У даволі вялізным для сельскага памяшканні магазіна ніводная паліца не пустуе, наведвальнікі маюць магчымасць выбіраць з вялікага асартыменту харчовых, гаспадарчых і іншых тавараў. Удзячныя словы Таццяна Аляксандраўна адрасуе таваразнаўцу райспажыўтаварыства Тарэзе Пятроўне Седзюкевіч, работа якой вызначаецца высокім прафесіяналізмам. І сапраўды, ад наладжанага ўзаемадзеяння паміж магазінам і таваразнаўцам у шмат чым залежыць якасць тавараў. Любая работа ацэньваецца па выкананні планаў: у Вялікім Сяле, трэба сказаць, з пастаўленымі задачамі заўсёды спраўляюцца. Па словах Таццяны Аляксандраўны, апроч прадуктовых добра пакупаюцца будаўнічыя матэрыялы, буйнагабарытныя тавары: маразільнікі, пральныя машыны і іншае.
Варта яшчэ ўзгадаць той факт, што у час мінулых навагодніх святаў калектыў атрымаў першае месца з 43 сельскіх магазінаў раёна за лепшае афармленне памяшкання да навагодніх святаў. Канешне, гэта характырызуе калектыў толькі з лепшага боку і сведчыць, што ў сваю работу яны і сапраўды ўкладаюць часцінку душы.
Андрэй БУРЭЦ
