Сёння сваё прафесійнае свята адзначаюць пажарныя-выратавальнікі

Актуальное

IMG_7742 (Копировать)Заўтра сваё прафесійнае свята адзначаць людзі, якія 24 гадзіны ў суткі ў спякотнае лета і ў моцны мароз стаяць на варце, аберагаючы нас ад пажараў і іншых стыхійных бедстваў. Прафесія пажарнага — адна з самых рызыкоўных і небяспечных. Людзі, якія звязалі свій лёс з пажарнай службай, без прамаруджвання заходзяць у палаючыя памяшканні, каб выратаваць пацярпелых, маёмасць. Напэўна, таму ў гэтай прафесіі выпадковых людзей няма. Тут патрабуюцца трывалая фізічная загартоўка, веданне інструкцый па ліквідацыі тых або іншых пазаштатных сітуацый, а таксама высокія маральна-дзелавыя якасці. З такім меркаваннем цалкам згодны начальнік Шаркаўшчынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Мечыслававіч Федуковіч.
Ён на працягу 22 гадоў кіруе калектывам выратавальнікаў. Веданне сваёй справы, прафесійны падыход да даручанага ўчастка работы даюць свой станоўчы вынік. Шаркаўшчынскі РАНС укамплектаваны сучаснымі аўтацыстэрнамі, спецыяльным інвентаром для ліквідацыі пажараў, паводак, аўтааварый і наступстваў надзвычайных сітуацый як прыроднага, так і тэхнагеннага характару. Але галоўнымі ў любым калектыве былі і застаюцца людзі, ад якіх залежаць поспехі ў рабоце.
Кожныя суткі ў каравул заступаюць 10 чалавек: шэсць у гарадскім пасёлку і па двое на пажарных аварыйна-выратавальных пастах у Лужках і Варонцы.Менавіта ім неабходна па першаму выкліку на працягу 15 секунд апрануць спецадзенне, а пачатак выезду на зададзены маршрут ажыццявіць за 63 секунды. Хуткасць перамяшчэння пажарных аўтацыстэрнаў па населеным пункце павінна быць 40 кіламетраў у гадзіну, на трасе — 60 кіламетраў у гадзіну.
24 гады свайго працоўнага стажу аддаў службе ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях камандзір аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 12 у вёсцы Варонка Мікалай Сцепаненкаў. У 1995 годзе ён прыйшоў са сферы адукацыі на гэту работу і ніколі не пашкадаваў, што выбраў гэту надзвычай адказную прафесію — справу сапраўдных мужчын. Спачатку ён быў камандзірам аддзялення, начальнікам на былым посце ў аг. Васюкі, які закрылі ў 2014 годзе, а цяпер нясе службу ў в. Варонка.
Больш дваццаці год праслужыў у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях Віктар Якубёнак. Ён з’яўляўся вадзіцелем аўтамабіля Лужкаўскага пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 13. Цяпер ён знаходзіцца на заслужаным адпачынку.
— Ведаеце, за гады службы ў “пажарцы” шмат чаго давялося ўбачыць, — кажа Віктар. — У 1990-х гадах вельмі частымі былі ўзгаранні ў прыватным сектары, а нашы аўтамабілі ў тэхнічным плане былі аснашчаны вельмі слаба. У запасе ЗіЛ-130 меў толькі дзве тоны вады, лесвіцу, тапор і багор. Гэта нельга параўнаць з сучаснай тэхнікай, якая цяпер стаіць на ўзбраенні ў Шаркаўшчынскім РАНС. Тым не менш, мы заўсёды прыходзілі на дапамогу людзям. Па першаму выкліку тушылі пажары, ратавалі маёмасць, выносілі з палаючых памяшканняў людзей, вызваляючы іх з вогненнай стыхіі. Гэта вельмі цяжка ўспамінаць.
Заўтра, 25 ліпеня, ветэраны і тыя, хто цяпер нясе службу ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, сустрэнуцца ў чарговы раз, каб успомніць той час, калі неслі службу, абараняючы жыццё шаркаўчан, павіншуюць сяброў з прафесійным святам.
Сяргей РАЙЧОНАК.IMG_7739 (Копировать) IMG_7746 (Копировать)