Захапленне кветкамі Раісы Сідаравай

Актуальное

07 (Копировать)

Іх шмат на падворку пенсіянеркі з аграгарадка Більдзюгі Раісы Фёдараўны Сідаравай. Напісаць пра гэту жанчыну і яе захапленне нам параіла яе родная сястра з Шаркаўшчыны Антаніна.

— Ведаеце, калі я працавала ў калгаснай сталовай, за клумбамі каля яе сама і даглядала, — кажа Раіса Фёдараўна. — А захапленне кветкамі прыйшло да мяне яшчэ ў дзяцінстве. Нарадзілася я ў вёсцы Красная Гара, што ў Лужкаўскім сельсавеце. У бацькоў маіх было ажно сем дзяцей. Пасля школы набыла ў Глыбокім прафесію повара. Працавала ў рэстаране ў Шаркаўшчыне, затым пераехала ў Більдзюгі. Тут была сталовая грамадскага харчавання, дзе я працяглы час і працавала. Даводзілася рана ўставаць, каб ужо ў 8 гадзін раніцы згатаваць сняданак для наведвальнікаў. У той час у сталовай харчаваліся не толькі мясцовыя калгаснікі, але яшчэ і студэнты, ваенныя, камандзіраваныя ў гаспадарку для выканання палявых работ. Як бы цяжка не было на працы, тым не менш, я паспявала спраўляцца і з хатнімі справамі, заставалася крыху часу і для свайго захаплення — кветкаводства.

Цяпер жа, калі знаходжуся на заслужаным адпачынку, з ранняй вясны і да позняй восені займаюся кветнікамі на вуліцы. Вельмі люблю гэты занятак. Наогул, я лічу, што кветкі надаюць жыццёвыя сілы. Выйдзеш раніцай на ганак, глянеш на ўсю гэтую прыгажосць — настрой адразу паляпшаецца. Здаецца нават, што і не стамляешся за гэтым заняткам. Радуюся, калі на клумбах прыжываюцца новыя расліны.

І сапраўды, у падворку Раісы Фёдараўны акрамя ружаў, аксамітак, вяргіняў, цыній, лілей, флёксаў і іншых кветак ёсць і такія, якія ў нашай мясцовасці можна сустрэць далёка не ў кожнай гаспадыні на клумбах. І ўсё гэта хараство вабіць вока не толькі самой Раісы Фёдараўны, але і яе родных, суседзяў і іншых вяскоўцаў, якія, праходзячы па вуліцы, абавязкова спыняцца, каб палюбавацца хараством, зробленым рукамі звычайнай жанчыны.

Сяргей РАЙЧОНАК.