У межах раённай праграмы «Чыстыя палі»

Сельское хозяйство

Практычна на кожнай абласной селектарнай нарадзе старшынёй аблвыканкама А. М. Косінцам уздымаецца пытанне павелічэння контурнасці ворыўных земляў з мэтай найбольш эфектыўнага выкарыстання энерганасычанай магутнай тэхнікі. Наш раён па вырашэнню акрэсленага пытання адзначаецца ў ліку лепшых, але гэта ніяк не азначае, што на ворыўных землях і іншых сельскагаспадарчых угоддзях ўсё ў парадку. Аб’ёмы работ ёсць. І яны вялікія. Дастаткова ўспомніць адно з пасяджэнняў райвыканкама, у час якога давалася ацэнка ходу спраў у сельгаспрадпрыемстве “Васюкі”. Увачавідкі пераканаліся, што дзякуючы настойлівасці і бачанню перспектыўнасці старшыні райвыканкама М. В. Морхата дзясяткі гектараў у раёне вёскі Грыблы, якія практычна не прыносілі карысці, былі сёлета ўведзены ў севаабарот. Каля 100 гектараў, як высветлілася, размешчаных за былой жывёлагадоўчай фермай, таксама з’яўляюцца своеасаблівым баластам. А раней жа тут, у час існавання калгаса “Іскра”, збіралі добры ўраджай збожжавых культур, а не пустазелле вырошчвалі.
І такія прыклады можна прыводзіць практычна па кожнай гаспадарцы. Некалькі раней паведамлялася аб правядзенні культуртэхнічных работ з элементамі капітальнага будаўніцтва меліярацыйнай сеткі на аб’екце “Жвіранка” плошчай больш за 200 гектараў. Затраты ўкладзены значныя, але ж яны хутка акупяцца, бо з такога масіву будуць намалочвацца сотні тон зерня або назапашвацца вялікая колькасць кармоў на зімоўку жывёле.
Для актывізацыі работ, прадугледжаных раённай праграмай “Чыстыя палі”, у райвыканкаме прынята адпаведнае рашэнне, у якім падведзены вынікі за 2011 год і акрэслены параметры на 2012—2013 гады. Напрыклад, сельскагаспадарчым арганізацыям даведзена заданне па высечцы і раскарчоўцы драўнінна-кустарнікавай расліннасці і ліквідацыі вымачак. Такую работу неабходна выканаць на плошчы 4600 гектараў (2012 год — 1840, 2013 — 2760 гектараў).
Безумоўна, да гэтай справы, згодна з прынятым рашэннем, прыцягваюцца і арганізацыі райцэнтра. Асноўная нагрузка ўскладваецца на УКП ЖКГ, ПМС, ДРБУ-131, ДБУ-26, шэфаў, лясгасы.
Кантроль за ходам культуртэхнічных работ на палях сельгаспрадпрыемстваў ускладзены на землеўпарадкавальную службу райвыканкама, якая абавязана штомесячна прадстаўляць аператыўную інфармацыю аб зробленым.
Эдуард КОРСАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *