
У аграгарадку Васюкі праходзіла свята пад дэвізам: “Ты ва мне назаўсёды, мая Радзіма”. Правесці яго цікава і запамінальна дапамагалі многія арганізацыі і, у асаблівасці, культработнікі раёна. На цэнтральнай плошчы былі размешчаны гандлёвыя палаткі, імправізаваныя падворкі, можна было дэгуставаць і купіць прадукты аддзела прамысловасці раённага спажывецкага таварыства, прыехала з Радзюкоў “Груца”, гаспадыні якой прапаноўвалі бліны з варэннем, розныя прысмакі. Ды адразу і не адгадаеш, што і з чаго спечана. Расклалі на сталах настаўнікі і вучні Станіславоўскай базавай школы прыгожа аформленую выпечку і вырабы з пладоў. І ўсё гэта можна было паспрабаваць бясплатна. Бо людзі, якія сабраліся на гэта свята, асаблівыя, хто адпрацаваў на роднай зямлі, а цяпер на заслужаным адпачынку, і тыя, хто ў сучасны момант ствараюць дабрабыт роднай гаспадаркі. А яшчэ ў гэты дзень святкавалі Яблычны Спас. У гэты святы дзень прынята частаваць шчодрымі дарамі прыроды.
Настрой прысутным узняў ансамбль “Каліна” сельскага клуба ў складзе кіраўніка Святланы Васюк, мастацкага кіраўніка  Вольгі Яцына, бібліятэкара Алены Пагарэлавай і музычнага афарміцеля Мікалая Кірыенкі. Трэба сказаць, што ансамбль добра ведаюць не толькі ў раёне, але і далёка за яго межамі. Самадзейныя артысты ўжо двойчы праявілі сябе на “Славянскім базары ў Віцебску”. У іх багаты рэпертуар. Нездарма, кожны з удзельнікаў ансамбля на свяце быў узнагароджаны ганаровымі граматамі выканкама Станіславоўскага сельскага Савета і каштоўнымі падарункамі.
Запрашаецца да трыбуны былы старшыня калгаса “Шлях Леніна” (цяпер ААТ “Васюкі”) Сцяпан Іосіфавіч Пармон. Затаіўшы дыханне слухалі людзі Сцяпана Іосіфавіча, які дакладна прыводзіў кожную лічбу, з чаго пачынаў свой працоўны шлях, а разам з ім пасівелыя людзі прыгадвалі свае маладыя гады.
“13 лютага 1962 года калгаснікі выбралі мяне старшынёй, — пачаў сваё выступленне С. І. Пармон. — У той час калгас “Шлях Леніна” быў Богам і людзьмі закінутым кутком. Перавозіў сям’ю з Шаркаўшчыны, трэба толькі ўявіць, калі ехалі на дзвюх аўтамашынах ГАЗ-51 і Масквічу-408 (суправаджаў трактар ДТ-54) да вёскі Васюкі шэсць гадзін! А цяпер жа за 10 хвілін можна даехаць.
У вёсцы было 18 беспарадкава раскіданых пабудоў. Астатнія людзі пражывалі на хутарах. У калгасе налічвалася 413 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 38 кароў, некалькі дзясяткаў свіней, куры, гусі. Жывёла ўтрымлівалася ў прыстасаваных памяшканнях. У амбары ляжала 49 тон зерня, у тым ліку насенне. Для апрацоўкі зямлі стаялі чатыры трактары ДТ-54 і тры МТЗ.
Работы выконваліся ўручную, але людзі працавалі шмат і добрасумленна, бо бачылі вынікі сваёй працы. Праз год правялі электрафікацыю калгаса. Бясцэнную ролю ў развіцці вёскі адыграў перавод у 1965 годзе калгаса на гарантыйную грашовую аплату, а яшчэ праз год — прыняцце дзяржаўнай праграмы па меліярацыі, хімізацыі і інтэнсіфікацыі сельскагаспадарчай вытворчасці. Сталі прыводзіць у парадак землі, вапнаваліся кіслыя глебы, шырока выкарыстоўваліся мінеральныя і арганічныя ўгнаенні, сродкі аховы раслін і на гэтай аснове павялічылася вытворчасць прадуктаў земляробства і жывёлагадоўлі. Разгарнулася маштабнае будаўніцтва. Узвялі жывёлагадоўчыя памяшканні, мехдвор, зернесушыльную гаспадарку і складскія памяшканні, школу, дзіцячы сад, пральню, Дом культуры, магазіны, сталовую, жыллёвыя будынкі для хутаран у вёсцы, асфальтавалі вуліцы і дарогі, добраўпарадкавалі вёскі. Усё гэта рабілася гаспадарчым спосабам і за ўласныя сродкі, дзякуючы добрасумленнай працы калгаснікаў і высокай дысцыпліне вытворчасці.
У 1975 годзе пабудавалі праз раку Дзісну мост. На яго я аддаў пяць гадоў свайго жыцця. Але гэта было вялікім дасягненнем. Аб’ядналі з двух бакоў рэчкі калгасы “Шлях Леніна” і імя Жданава ў адзіны”.
Калгас “Шлях Леніна” стаў займаць лідзіруючыя пазіцыі ў раёне і вобласці. Свайго піку дасягнуў у 1984 годзе.
За поспехі ў працоўным спаборніцтве С. І. Пармон быў узнагароджаны Ганаровай граматай ЦК КПБ, Савета Міністраў БССР, ЦК ВЛКСМ і ЦК прафсаюзаў работнікаў сельскай гаспадаркі. Многія калгаснікі атрымалі ўзнагароды: ордэны Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалі. І зараз, на свяце, яны таксама былі ўшанаваны граматамі і каштоўнымі падарункамі, якія ўручыў старшыня райвыканкама.
Сучаснае пакаленне працуючых, якія вызначыліся сярод іншых, віншаваў дырэктар ААТ “Васюкі” Віктар Мар’янавіч Арцюшэўскі.
Дзякуючы добрасумленнай працы вяскоўцаў, гаспадарка працягвае расці і развівацца. Сёлета, як ніколі, вырас добры ўраджай збажыны, дае прыбытак жывёлагадоўля. Ёсць каму працаваць на зямлі. Расце новае пакаленне васюкоўцаў.
Прыгожыя вуліцы, дагледжаныя будынкі ў вёсках. Старшыня выканкама сельскага Савета Алена Сідарчук зачытала прозвішчы тых, хто стаў пераможцамі конкурсу на “Дом узорнага парадку і быту”, удзельнікаў раённага конкурсу “Уладар сяла”. Ім былі ўручаны падарункі і кветкі.
Працуюць на мірнай зямлі сельгаспрадпрыемства тыя, хто абаранялі мір і спакой людзей Афганістана: Георгій Крыўка і Алег Лаўрыновіч.
Кветкі, падарункі і музычныя віншаванні атрымалі ўсе, хто заслужыў сваёй стараннай працай на карысць роднай гаспадаркі.















На свяце пабывала Кацярына СОСНА

