Урачыста, весела і запамінальна прайшло сёння святкаванне 50-годдзя з дня заснавання Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў

Актуальное

IMG_3639 (Копировать)

Школа искусств — ты мое вдохновенье,

Вместе с тобой и творим мы, и мыслим,

Благославляю порывы и рвенья,

Будем стремиться и в дали, и в выси…

“У Шаркаўшчыне адкрылася дзіцячая музычная школа. У ёй займаюцца 60 хлопчыкаў і дзяўчынак. Гэта дзеці рабочых, служачых гарадскога пасёлка, калгаснікаў навакольных вёсак. Будучыя музыканты робяць першыя крокі ў авалоданні музыкай. Яны вывучаюць музычную грамату, бяруць першыя акорды на баяне і фартэпіяна”. Так пісала раённая газета ў сваім нумары за 18 верасня 1969 года.

Непрыкметна бяжыць час, змяняюцца падзеі, людзі. З той пары, калі ў нашым гарадскім пасёлку адкрылася дзіцячая музычная школа, мінула 50 год. З гэтай нагоды 25 кастрычніка ў раённым Цэнтры культуры прайшла святочная ўрачыстасць, прысвечаная паўвекавому юбілею ўстановы. У глядзельнай зале сабраліся былыя выпускнікі школы, выкладчыкі і яе работнікі, якія цяпер знаходзяцца на заслужаным адпачынку, родныя, сябры і знаёмыя педагогаў і навучэнцаў Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў. Завіталі на свята і ганаровыя госці. Сярод іх былі старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Серафімавіч Шпец, намеснік старшыні райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі.

Да прысутных звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі.

— Паважаныя педагогі, вучні, бацькі, удзельнікі і госці свята, прыміце шчырыя віншаванні знагоды 50-годдзя Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў, — прамовіў Юрый Анатольевіч. — Навучальная ўстанова ўступіла ў цудоўны перыяд сталасці — прафесіянальнай, творчай і грамадскай. Пройдзены вялікі шлях, які насычаны падзеямі і выдатнымі дасягненнямі. Сёння дзіцячая школа мастацтваў — гэта цэнтр культуры і творчасці, дзе дзецям дапамагаюць усебакова развівацца, імкнуцца да ідэалаў дабра і прыгажосці. Дзякуючы прафесіяналізму і майстэрству педагогаў, вучні становяцца пераможцамі і прызёрамі шматлікіх конкурсаў і фестываляў, дасягаюць вышынь у эстэтычным выхаванні.

У гэты дзень хочацца выказаць падзяку педагогам школы за адданасць справе, працу, якія вы ўкладаеце ў сваіх выхаванцаў. І няхай не ўсе вучні стануць вялікімі музыкантамі або мастакамі, але адно ў іх застанецца нязменным — багаты духоўны свет і любоў да творчасці.

Ад усёй душы жадаю калектыву дзіцячай школы мастацтваў невычэрпнага творчага натхнення, аптымізму, поспехаў, новых перамог і дасягненняў, таленавітых вучняў! Няхай у вашых сэрцах заўсёды гучыць музыка! Дабра вам радасці і аптымізму!

Затым Юрый Анатольевіч выканаў прыемную місію — ад імя Шаркаўшчынскага райвыканкама ўручыў дырэктару дзіцячай школы мастацтваў Жанне Леанідаўне Русак сертыфікат на набыццё музычных інструментаў.

За шматгадовую добрасумленную працу ў галіне культуры, значны асабісты ўклад у справу навучання і выхавання падрастаючага пакадення Падзякі старшыні райвыканкама ўручаны настаўнікам Святлане Пятроўне Гірстун і Святлане Мікалаеўне Грыгаровіч.

Музыка і мастацтва суправаджаюць чалавека паўсюдна. Але калі яны яшчэ становяцца і прафесіяй, гэта ўдвая прыемней. У Шаркаўшчынскай ДШМ склаўся зладжаны педагагічны калектыў. Амаль усе выкладчыкі школы — яе былыя выпускнікі.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Уладзіміраўна Стома ўручыла Ганаровыя граматы упраўлення культуры аблвыканкама настаўнікам Марыне Пятроўне Ліпскай і Эме Пятроўне Шудзель. Падзякамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама адзначана праца педагогаў Віктара Фёдаравіча Крука, Арсенія Іванавіча Пяткевіча і Мечыслава Эмануілавіча Касцюка.

Віншаванні, узнагароды ў той святочны вечар атрымалі і навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў. Старшыня Шаркаўшчынскай раённай арганізацыі “Беларускі фонд міру” Іна Мар’янаўна Шынкевіч запрасіла на сцэну вучняў, удзельнікаў рэспубліканскага кункурсу жывапісу “Шчасце жыць у мірнай краіне”, Мілану Катовіч, Яну Аблажэвіч, Вольгу Еўдакімаву, Дар’ю Міхайлаву, Ксенію Цімафееву, Дар’ю Хадкевіч а таксама настаўніцу Марыну Пятроўну Ліпскую, якім уручыла памятныя падарункі ад грамадскай арганізацыі.

Сярод прысутных гасцей было шмат тых, хто паднімаўся на сцэну для віншаванняў. Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Віктаравіч Малюгін уручыў падарачныя сертыфікаты, кіраўнік раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў” — граматы аб’яднання настаўнікам. З падарункамі на свята завіталі педагогі Лужкаўскай дзіцячай школы мастацтваў, протаіерэй Віктар Валашчук, начальнік Шаркаўшчынскага раёна газазабеспячэння Эдвард Вялічка, начальнік РАУС Сяргей Арэшкаў, работнікі структурных падраздзяленняў аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Сярод запрошаных гасцей былі і сябры з бліжняга замежжа. Дырэктар Шпогскай дзіцячай музычнай і мастацкай школ (Латвія) Андрэй Рэпінс завітаў у Шаркаўшчыну, каб павіншаваць сваіх калег з такой знакавай датай.

Не з пустымі рукамі прыехалі госці з Браслаўскай, Міёрскай, Глыбоцкай і Докшыцкай дзіцячых школ мастацтваў. Акрамя сувеніраў яны яшчэ падарылі шаркаўчанам цудоўны канцэрт.

Нібы свет далёкіх зорак спасылаюць з нябёс свае промні тыя людзі, якія працавалі ў школе, але па волі лёсу адышлі ўжо ў вечнасць. Хвілінай маўчання пад чароўныя гукі скрыпкі ў выкананні Анны Сідлярэвіч прысутныя ўшанавалі светлую памяць аб Людміле Ігнацьеўне Зубовіч, Аляксандру Канстанцінавічу Міцько, Аксане Мечыславаўне Касцюк, Анатолію Фёдаравічу Жалтаносаву, Івану Казіміравічу Курто.

… Школа адзначыла сваё 50-годдзе. Гэта значны адрэзак часу, у якім былі і застаюцца творчы, з’яднаны саюз настаўнікаў і вучняў, іх агульныя дасягненні і перамогі. А што наперадзе? А наперадзе іх чакаюць новыя вышыні, якія абавязкова ім пакарацца.

Даведачна

Шаркаўшчынская дзіцячая музычная школа адкрылася ў верасні 1969 года. Першымі вучнямі сталі 65 хлопчыкаў і дзяўчынак па класах “баян”, “акардэон”, “фартэпіяна”. Першым дырэктарам школы з’яўляўся Іван Казіміравіч Курто , які адпрацаваў на гэтай пасадзе 37 год. З 1993 года, калі адкрылася мастацкае аддзяленне, установа перайменавана ў Шаркаўшчынскую дзіцячую школу мастацтваў. У 2007 годзе адкрыта харавое аддзяленне, у 2008 годзе адноўлена харэаграфічнае аддзяленне. Выкладчыкамі працуюць 18 педагогаў. Адукацыю атрымліваюць 185 вучняў. Пры ДШМ створаны і працуюць аркестр выкладчыкаў, дзіцячыя ансамблі “Кнопачкі”, “Пралескі”, фальклорны ансамбль “Журавінка”, ансамбль гітарыстаў “Акварэль” іншыя аб’яднанні. З 2006 года дырэктарам Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў працуе Жанна Леанідаўна Русак.

Сяргей РАЙЧОНАК.
IMG_3484 (Копировать) IMG_3487 (Копировать)IMG_3480 (Копировать)IMG_3481 (Копировать)IMG_3483 (Копировать) IMG_3489 (Копировать) IMG_3494 (Копировать) IMG_3495 (Копировать) IMG_3498 (Копировать) IMG_3500 (Копировать) IMG_3504 (Копировать) IMG_3508 (Копировать) IMG_3510 (Копировать) IMG_3515 (Копировать) IMG_3516 (Копировать) IMG_3517 (Копировать) IMG_3518 (Копировать) IMG_3523 (Копировать) IMG_3524 (Копировать) IMG_3527 (Копировать) IMG_3529 (Копировать) IMG_3533 (Копировать) IMG_3534 (Копировать) IMG_3535 (Копировать) IMG_3538 (Копировать) IMG_3541 (Копировать) IMG_3542 (Копировать) IMG_3543 (Копировать) IMG_3545 (Копировать) IMG_3548 (Копировать) IMG_3551 (Копировать) IMG_3552 (Копировать) IMG_3553 (Копировать) IMG_3555 (Копировать) IMG_3557 (Копировать) IMG_3558 (Копировать) IMG_3563 (Копировать) IMG_3564 (Копировать) IMG_3565 (Копировать) IMG_3568 (Копировать) IMG_3569 (Копировать) IMG_3570 (Копировать) IMG_3573 (Копировать) IMG_3575 (Копировать) IMG_3580 (Копировать) IMG_3581 (Копировать) IMG_3582 (Копировать) IMG_3584 (Копировать) IMG_3586 (Копировать) IMG_3588 (Копировать) IMG_3590 (Копировать) IMG_3595 (Копировать) IMG_3596 (Копировать) IMG_3598 (Копировать) IMG_3602 (Копировать) IMG_3603 (Копировать) IMG_3605 (Копировать) IMG_3607 (Копировать) IMG_3610 (Копировать) IMG_3612 (Копировать) IMG_3616 (Копировать) IMG_3623 (Копировать) IMG_3625 (Копировать) IMG_3626 (Копировать) IMG_3627 (Копировать) IMG_3629 (Копировать) IMG_3634 (Копировать)IMG_3641 (Копировать)IMG_3642 (Копировать)IMG_3645 (Копировать)IMG_3647 (Копировать) IMG_3639 (Копировать)