Эдуард Станіслававіч і Марыя Іванаўна Рубніковічы з Германавічаў

Актуальное

Працавітыя людзі жылі і жывуць у аграгарадку Германавічы. Сёння ж некалькі самых цёплых слоў хочацца выказаць на адрас Эдуарда Станіслававіча і Марыі Іванаўны Рубніковічаў, працоўны шлях якіх у суме налічвае больш стагоддзя.
Не паленаваўся, перагартаў старонкі раённай газеты 30—40-гадовай даўніны, звярнуўшы асаблівую ўвагу на ход уборачнай кампаніі. І практычна заўсёды, што вельмі прыемна, у ліку правафланговых тады яшчэ сацыялістычнага спаборніцтва быў ён, Эдуард Станіслававіч.
Як камбайнер пачынаў на бензінавым С-4 (“Сталінец”), потым былі СК-3, СК-4. Радаваўся, калі яму аднаму з першых даверылі СК-5 “Ніва”. Па тых мерках гэта было вялікім шчасцем — кабіна, пяціметровая жатка, удасканаленая сістэма кіравання. А закончыў сваю працоўную кар’еру камбайнера на “Дон-1500”, на якім шчыраваў 6 гадоў.
Неаднойчы даводзілася сустракацца з гэтым працавітым і старанным чалавекам, для якога нічога важнейшага ў жыцці не было, хаця сям’і ўдзяляў вельмі вялікую ўвагу, як пасеяць, апрацаваць, убраць. Безумоўна, з улікам тэхнічных магчымасцяў зернеўборачных камбайнаў, абмежаваных плошчаў пад збожжавымі, дбаць аб тысячных намалотах было нерэальна, але 500—600 тон перадавік сельскагаспадарчай вытворчасці штогод выдаваў з бункера свайго “стэпавага карабля”.
Яго праца высока ацэнена. Ордэн Леніна, ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалі “Ударнік пяцігодкі”. Ёсць і дзве граматы Вярхоўнага Савета БССР, адна з якіх за другое месца ў рэспубліканскім спаборніцтве па вырошчванню бульбы. У час уборкі “другога хлеба” працаваў на камбайне “Дружба”.
А побач заўсёды была Марыя Іванаўна, якая працавала ў паляводстве, дзе без умелых і руплівых жаночых рук практычна не абыходзіліся. І жала, і лён рвала, і бульбу капала, і сена з саломай стагавала. Але найбольш праславілася на бураковым палетку. Цяпер ужо цяжка нават уявіць, не тое, што прапалоць і прарваць, як яна завіхалася на 1,5-гектарнай плошчы, каб бурачок да бурачка, каб травінкі лішняй не было. І бураковае поле аддзячвала руплівіцу. 600—700 цэнтнераў з гектара было нормай жыцця. А вось у самы спрыяльны год сям’я Рубніковічаў, бо адной яўна не пад сілу столькі адгрузіць, накапала 130 тон караняплодаў, амаль па тысячы цэнтнераў з гектара. Больш за два чыгуначныя вагоны!
Аб усім гэтым расказаў у час святкавання аграгарадка Германавічы дырэктар мясцовай гаспадаркі В. У. Крыўко. Прысутнічалі на свяце і героі дадзенага газетнага матэрыяла. І вельмі прыемна, што не забыліся на ўрачыстасці ўпамянуць прозвішчы ветэранаў калгаснай вытворчасці і ўручыць падарунак. Вось такія яны, Рубніковічы, неспакойныя, непаседлівыя, улюбёныя ў сваю справу, са сваёй актыўнай жыццёвай пазіцыяй. І няхай так працягваецца як мага болей часу.
Эдуард КОРСАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *