13 снежня адбылося пасяджэнне круглага стала “Музей, праект і грамадства: перазагрузка” у межах праекта “Брэндынг аг. Германавічы як інструмент устойлівага развіцця: агульнымі намаганнямі для ўсіх”. Рэалізацыя праекта ажыццяўлялася на працягу года і паспяхова завяршылася са станоўчымі вынікамі. Крыху нагадаем, якія мерапрыемствы гэтаму папярэднічалі.
Дырэктар сацыяльна-інфармацыйнай устновы “Традыцыі і інавацыі Паазер’я” Надзея Дударонак (кіраўнік праекта) сумесна з Шаркаўшчынскім раённым выканаўчым камітэтам, аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, мастацка-этнаграфічным музеем імя Драздовіча пры фінансавай падтрымцы Амбасады ЗША ў Мінску правялі плённую сумесную працу над тым, каб імя нашага славутага земляка, яго творчасць, жыццёвыя дасягненні сталі вядомымі большай колькасці людзей як у Беларусі, так і за яе межамі.
Добра вядома, што Язэп Драздовіч пэўную частку свайго жыцця правёў у вандроўках, часткова і па нашай мясцовасці. Пра гэта сведчыць цыкл твораў, напісаных мастаком пад назвай “Паміж Мнютай і Аутай”. Гэта рэкі, якія працякаюць па тэрыторыях цяперашніх Глыбоцкага, Шаркаўшчынскага і Міёрскага раёнаў.
У сакавіку праходзіў конкурс на лепшае апісанне турыстычнага маршруту “Сцяжынкамі Драздовіча”. Сярод шматлікіх дасланых работ перамогу атрымала аматарскае аб’яднанне “Юныя экскурсаводы” Германавіцкай ДС—СШ пад кіраўніцтвам Іны Пучынскай.
Вельмі важным этапам у рэалізацыі праекта стала рэканструкцыя адной з экспазіцыйных залаў музея, прысвечаная Драздовічу. Гэтым пытаннем займаліся спецыялісты агранізацыі “Мастак-сэрвіс” з г. Полацк. Яны ж вырабілі і інфармацыйныя стэнды, якія пасля ўсталявалі на вызначаных месцах турыстычнага маршруту. Для больш шырокай інфармаванасці насельніцтва выраблены паштоўкі “Язэп Драздовіч: спадчына, традыцыі, інавацыі”.
Важным момантам стала распрацоўка лагатыпа аграгарадка Германавічы. Сярод шматлікіх прапаноў перавага была аддадзена браслаўскаму мастаку Мікалаю Ставіцкаму, які ў распрацаванай ім мадэлі спалучыў гісторыю, цяперашні час і будучае Германавіч.
У пачатку чэрвеня вучні мастацкага аддзялення Шаркаўшчынскай ДШМ прынялі ўдзел у мастацкім пленэры “Сцяжынкамі Драздовіча” Дзеці на працягу двух дзён малявалі краявіды Германавіч: прыроднае хараство, гістарычныя і сучасныя забудовы вуліц аграгарадка. Вынікі пленэру падвялі ў кастрычніку. У тым жа месяцы прайшоў і конкурс чытальнікаў вершаў пра Драздовіча.
Наогул, падчас рэалізацыі праекта было праведзена больш за 20 мерапрыемстваў.
І вось 13 снежня кіраўнік і ўдзельнікі праекта падвялі вынікі зробленаму. Надзея Дударонак у сваім выступленні яшчэ раз дэталёва расказала як дзень за днём, крок за крокам каманда аднадумцаў, не зважаючы на розныя цяжкасці, пытанні і праблемы, упэўнена ішла да сваёй канчатковай мэты.
Як паўплываў праект на змяненне музейнай сферы рэгіёна? На гэта пытанне прысутным адказала дырэктар мастацка-этнагарафічнага музея імя Драздовіча Людміла Навіцкая. Агучаная ёю інфармацыя паказвае той факт, што калі ў 2018 годзе экскурсійных наведванняў было 45, то за 11 месяцаў бягучага года ўжо 54. У мінулым годзе музей наведалі 632 навучэнцы і 1319 дарослых людзей. За 11 месяцаў 2019 года — 659 навучэнцаў і 1509 дарослых выявілі жаданне пазнаць гістарычнае мінулае Германавіч і даведацца пра жыццёвы шлях Драздовіча. Павелічэнне колькасці экскурсійных і індывідуальных наведванняў вядзе за сабой і павелічэнне грашовай выручкі ад рэалізацыі білетаў. Дарэчы, сёлета ўпершыню за гісторыю існавання музея ўстанову наведалі грамадзяне Францыі, Кітая, Галандыі і Башкартастана (Расія). Гэта гаворыць, што тая плённая работа, якая была праведзена за час рэалізацыі праекта, ужо цяпер прыносіць, хоць і невялікія, але станоўчыя вынікі.
Прысутныя прыйшлі да агульнай высновы, што для больш перспектыўнага развіцця музея, папулярызацыі імя нашага славутага земляка трэба яшчэ дэталёва папрацаваць над развіццём інфраструктуры як у саміх Германавічах, так і па ўсяму турыстычнаму маршруту “Сцяжынкамі Драздовіча”. Сёння любы наведвальнік музея зацікаўлены не проста пабываць ва ўстанове культуры, ён яшчэ жадае набыць памятныя сувеніры, спыніцца на начлег, падсілкавацца. Менавіта гэта і патрабуецца цяпер развіваць у Германавічах у бліжэйшы час.
Галоўны захавальнік фондаў Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў Анна Базарэвіч расказала пра ролю брэнда ў сістэме музейнага маркетынгу. Яна ж яшчэ правяла з прысутнымі цікавы трэнінг “Метад персон”.
Пра ўздзеянне сферы турызму на развіццё сельскіх тэрыторый расказала загадчык сектарам турызму і фізкультурна-аздараўленчай работы упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Святлана Астаніна.
На мерапрыемстве прысутнічаў таксама намеснік старшыні райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі, які даў станоўчую адзнаку праведзенаму праекту. Ён жа адзначыў, што мясцовая ўлада заўсёды ідзе насустрач ініцыятыўным і творчым людзям, якія шчыра клапоцяцца пра спадчыну нашага краю, прымаюць захады для развіцця бізнесу, развіцця турыстычнага патанцыялу Прыдзісненскага краю.
Надзея Дударонак уручыла падзякі сацыяльна-інфармацыйнай установы “Традыцыі і інавацыі Паазер’я” і памятныя падарункі ўсім, хто прыняў самы непасрэдны ўдзел у рэалізацыі праекта “Брэндынг аг. Германавічы як інструмент устойлівага развіцця сельскай тэрыторыі: агульнымі намаганнямі для ўсіх”.
— Нягледзячы на тое, што праект завершаны, наперадзе яшчэ шмат задумак і перспектыў, накіраваных на далейшае развіццё турыстычнага патанцыялу Шаркаўшчынскага раёна, — сказала Надзея Дударонак. — Мне вельмі пашанцавала працаваць над рэалізацыяй праекта з творчымі і ініцыятыўнымі людзьмі. Спадзяюся, што наша супрацоўніцтва працягнецца і ў далейшым.
Сяргей РАЙЧОНАК.















































