Смачныя кулінарныя вырабы прапануюць шаркаўчанам работнікі кандытарскага цэха

Актуальное

IMG_9285 (Копировать)Дзень жанчын, які адзначаецца ў нашай краіне 8 сакавіка, асацыіруецца з непаўторнай прыгажосцю і абаяльнасцю слабага полу, з яркім вясеннім сонцам, першымі кветкамі, з радасцю, пазітыўным настроем, пяшчотай і каханнем. Не памылюся, калі дабаўлю да ўсяго пералічанага і святочны стол, з густам прыгатаваны каханымі мужчынамі менавіта 8 сакавіка. А дапамогуць у гэтым не толькі наяўнасць хатніх страў, але і кулінарныя вырабы кандытарскага цэха Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства, шырокі асартымент якога прапануюць шаркаўчанам яго работнікі. Напярэдадні Дня жанчын мы пабывалі ў цаху вытворчасці кандытарскіх вырабаў, які з мінулага года размяшчаецца на першым паверсе адміністрацыйнага будынка ПМК-68 па вуліцы Рабочая, 1 гарадскога пасёлка.
Па памяшканнях разносіўся пах свежай выпечкі, у справах завіхаліся кандытары Алена Нікалаева, Карына Волкава і Людміла Трафімава. Тры жанчыны былі заняты прыгатаваннем святочнай выпечкі: тортаў, пячэння, пірожных.
— Работы ў нас заўсёды хапае, — з усмешкай на твары прамовіла кандытар Алена Нікалаева. — Працуем і ў начную змену, каб была магчымасць раніцай развесці па гандлёвых кропках свежую выпечку, і днём. Перад святамі асабліва наружаны працоўны рытм — трэба выканаць заказы своечасова і якасна. Напярэдадні новага года за адну ноч мы зрабілі больш за 200 (!) тортаў. Мяркуем, што не меншую колькасць трэба будзе зрабіць і напярэдадні Дня жанчын. Але гэта нас не палохае, галоўнае, мець добры настрой і пазітыў у душы. Вось тады і вырабы будуць абавязкова смачныя і прыгожыя.
— У кандытарскім цаху можна заказаць выпечку на розны густ, папярэдне патэлефанаваўшы на нумар 4-41-86, — паведаміла інжынер-тэхнолаг грамадскага харчавання Наталля Пятрашка. — Нашы кандытары-прафесіяналы выканаюць заказ у самыя сціслыя тэрміны, гэта мы абяцаем.
Сяргей РАЙЧОНАК.