Да Лагуноў нам прапанавала зазірнуць старшыня Германавіцкага сельскага Савета Алена Альбертаўна Рубін, сказаўшы, што іх сям’я з’яўляецца адной з самых творчых і цікавых у Германавічах. У Лагуноў, як і ў кожнай самавітай сям’і з сельскай мясцовасці, вядзецца карова, кабанчыкі, іншая жыўнасць. А значыць клопату і работы хапае. Пры больш блізкім знаёмстве і гутарцы выявілася, што дагледжаны падворак — гэта не адзіны прадмет гонару гаспадара Ігара Алегавіча. А яшчэ — яго жонка і дачка. Святлана Міхайлаўна працуе ў Германавіцкай сярэдняй школе настаўніцай музыкі. Сама Святлана Міхайлаўна сціпла прамаўчала, але пазней я даведаўся, што вядомая яна ў раёне сваім прыгожым голасам. А дачкой Ірынай могуць ганарыцца не толькі бацькі, а і Германавіцкая сярэдняя школа, у якой яна з’яўлялася адной з лепшых вучаніц. Тры гады запар яна ўдзельнічала ў школьных алімпіядах і заўсёды з поспехам прадстаўляла раён як на абласным, так і на рэспубліканскім узроўнях. Надзвычай паспяхова выступіла і сёлета. Дзякуючы прызавым месцам у алімпіядах, для паступлення ў ВНУ ёй заставалася толькі здаць тэсціраванне па гісторыі. Што яна выдатна зрабіла і без праблем з адным з самых вышэйшых балаў здзейсніла сваю мару — паступіла ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт на факультэт міжкультурных камунікацый, дзе працягне вывучэнне нямецкай мовы ўжо на больш сур’ёзным узроўні. За ўсімі гэтымі дасягненнямі вялізны аб’ём работы самой Ірыны і яе настаўнікаў. З падзякай гаворыць дзяўчына пра настаўніц беларускай мовы Ганну Эдуардаўну Давідзян і нямецкай Марыну Усцінаўну Кагалеўскую, пад кіраўніцтвам якіх спасцігала моўныя прамудрасці. Ну і вядома, асновы характару чалавека закладваюцца ў сям’і. Таму пытанне да бацькі:
— Ігар Алегавіч, падзяліцеся сакрэтам, як жа вырасцілі такую разумную дачку?
— Любое пытанне дзіцяці не трэба пакідаць без адказу, — тлумачыць ён. — Нават калі сам не ведаеш, не трэба шкадаваць часу, а разам пашукаць адказ. І абавязкова знайсці. Мы вось і цяпер з Ірынай глядзім тэлевізар, убачым які-небудзь незнаёмы сцяг і давай разам шукаць у энцыклапедыях, што гэта за краіна.
У сям’і Ігара і Святланы Ірына — адзіная дачка і, канечне, апусцеў іх дом гэтай восенню, калі яна адправілася вучыцца. Затое з якой радасцю будуць сустракаць на выхадныя Іру, якая будзе дзяліцца ўражаннямі ад жыцця ў нашай сталіцы, вучобы ва ўніверсітэце.
Андрэй БУРЭЦ
