Наш карэспандэнт паўдзельнічаў у рэйдзе, які праходзіў у межах акцыі «Сям’я без насілля»

Актуальное

Штотыдзень выязджае у межах акцыі «Сям’я без насілля» ў сем’і, у жыцці якіх узнікаюць праблемы, рэйдавая група. У адзін з выяздаў да дырэктара сацыяльна-педагагічнага цэнтра нашага раёна Данаты Уладзіміраўны Жынгель, намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Таццяны Пятроўны Траба, галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі Аксаны Георгіеўны Пастушковай далучыўся карэспандэнт раённай газеты.
Заблытаная сітуацыі склалася ў адным доме ў Вялікім Сяле. Былыя муж і жонка, афіцыйна разведзеныя, вымушаны воляй абставінаў, пакуль не адшукаюць жыллё для пераезду адной стараны, жыць у адным доме. У іх адносінах, у тым, хто правы, хто вінаваты ў гэтай складанай сітуацыі, разабрацца не зможа нават самы дасведчаны знаўца чалавечых душ. Ды мы і не будзем гэтага рабіць. Як гаворыцца ў такіх выпадках: рассудзіць Бог. Важна тут, што ахвярай гэтай заблытанай сітуацыі становіцца дзіця, якому даводзіцца жыць у эпіцэнтры напружанасці паміж двума роднымі блізкімі людзьмі. Але рады хлопец і гэтай магчымасці, што пакуль хоць і так, знаходзіцца разам з бацькам і маці.
— Дык, а можа памірыцеся? Усё наладзіцца ў вас? — пытаецца ў мужчыны Таццяна Пятроўна Траба. — Падумайце пра сына. Ну вось жа цяпер жывяце неяк разам.
— Гэта не, — гаворыць, цяжка ўздыхнуўшы, мужчына, — не атрымаецца такога.
Наступная гісторыя. У адзін з вечароў у Шаркаўшчынскі РАУС паступіла тэлефанаванне, што жыхарка вёскі Старае Сяло — маладая маці, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’яненне, не можа дагледзець сваіх маленькіх дзяцей. Тэлефанавала маці жанчыны. Па дадзеным факце і накіроўваемся да маладой жанчыны. Яна нядаўна пераехала з Браслава, дзе развялася з мужам. Цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску па догляду за дзіцяці. У яе трое дзяцей, старэйшая дачка жыве ў бабулі. Сама пражывае з сужыцелем — мясцовым хлопцам.
— Давайце дамовімся, каб такіх выпадкаў болей не паўтаралася, — гавораць ёй удзельнікі рэйду. — Вы — маладая жанчына, у вас дзеці маленькія,  бярыцеся за розум, ніякага алкаголю. Бо калі нам яшчэ стануць вядомыя такія факты, давядзецца прымаць адпаведныя меры. Глядзіце, каб вашым дзецям былі забяспечаны нармальныя ўмовы, будзем заязджаць да вас, правяраць.
Пасля гэтага накіроўваемся ў дом да маці жанчыны, даведацца яе погляд на сітуацыю, і паглядзець, у якіх умовах жыве ўнучка.
— Зайшла ў іх дом, дзеці без прыгляду адны ў хаце, — тлумачыць сітуацыю, павітаўшыся з намі, гаспадыня, жвавая пажылая жанчына. — Знайшла дачку на двары, бачу, што выпіўшы. Я і не ведала, што рабіць. Вось з роспачы і выклікала міліцыю. А так у мяне з дачкой нармальныя адносіны. Пастаянна наведваю іх. Не любіць толькі, калі пачынаю нешта гаварыць. Крычыць, што вы мяне ўсе жыццю вучыце.
Жанчыны пытаюцца ў дзяўчынкі, якая, седзячы за сталом, робіць урокі, з кім яна хоча жыць.
— У бабулі, — ціха, не адрываючы вачэй ад сшытка, гаворыць дзяўчынка.
— Прывыкла яна да нас, — тлумачыць пажылая жанчына. — Як яшчэ маленькая была, забрала я яе да сябе. Вось і цяпер хоць і цеснавата ў нас, але хоча застацца з намі.
Удзельнікам рэйдаў даводзіцца пастаянна сутыкацца з такімі заблытанымі сітуацыямі, у кожнай свае акалічнасці, свае асаблівасці. Але аб’ядноўвае іх, як правіла адно: ахвярай высвятлення адносін паміж бацькамі становяцца дзеці, якія сумнымі вачамі назіраюць, як не могуць упарадкаваць сваё жыццё дарослыя.
Андрэй БУРЭЦ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *