
Не першы год дзіцячая бібліятэка гарадскога пасёлка сумесна з раённай арганізацыяй грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” праводзіць сумесныя мерапрыемствы, накіраваныя на патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, прапаганду ваеннага мінулага нашых дзядоў і прадзедаў.
Вось і сёлета бібліятэкар Людміла Казіцкая, старшыня грамадскага аб’яднання Валерый Ан, а таксама выкладчыкі мастацкага аддзялення Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў Марына Ліпская, Віктар Крук і Арсеній Пяткевіч арганізавалі і правялі сумеснае мерапрыемства, прымеркаванае да 75-годдзя Вялікай Перамогі.
Навучэнцам дзіцячай школы мастацтваў, а ўсяго іх было 19 чалавек, было прапанавана на паперы адлюстраваць сваё бачанне гістарычных мясцін, месцаў баявой славы воінаў Чырвонай Арміі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Хлопчыкі і дзяўчынкі працавалі над гэтай тэмай некалькі дзён. Адны пісалі свае работы непасрэдна на занятках у ДШМ, іншыя стваралі іх дома. У выніку атрымаліся вельмі дастойныя работы, якія ўважліва разгледзелі члены журы. Кожны з удзельнікаў на паперы адлюстраваў сваё бачанне тых жудасных часоў, калі вораг гаспадарыў на нашай беларускай зямлі. На работах можна ўбачыць велічныя помнікі ў славу савецкіх салдат, мемарыяльныя комплексы, партызанскае мінулае нашай Радзімы. Па ўсім бачна, што ў малюнках навучэнцаў адлюстраваны псіхалагічны стан дзяцей і падлеткаў, якія ніколі не бачылі жахаў той вайны, але праз сэрца і душу прапусцілі гэты боль і адчай.
Членаў журы вельмі ўразілі работы. Таму, як сказалі выкладчыкі ДШМ, будзе вельмі складана аддаць перавагу якім-небудзь асобным працам. Тым не менш, вынікі будуць падведзены, а ў пачатку верасня ўзнагароды ад арганізатараў конкурсу атрымаюць пераможцы і прызёры.
Сяргей РАЙЧОНАК.
